Дзеячы культуры выступілі ў падтрымку агульнанацыянальнай забастоўкі


22 дзеячы культуры запісалі відэазварот у падтрымку «народнага ўльтыматуму» Святланы Ціханоўскай і агульнанацыянальнай забастоўкі, запланаванай на 26 кастрычніка.

Да звароту ў падтрымку Народнага ўльтыматума далучыліся артыстка Зоя Белахвосцік, лідар гурту J:Морс Уладзімер Пугач, рэжысёр і актор Васіль Калач, музыка Лявон Вольскі, актор Алег Гарбуз, спявачка і тэлевядоўца Ларыса Грыбалёва, паэт Андрэй Хадановіч, дырыжор Андрэй Галанаў, мастак Міхаіл Гулін, драматург Андрэй Курэйчык, оперная спявачка Маргарыта Ляўчук, мастацтвазнаўца Мікіта Моніч, спявачка Руся, шоўмен і тэлевядоўца Андрэй Бонд, гурт Litesound, музыка Павал Аракелян, музыка і мастак Андрусь Такінданг, музыка і прадзюсар Сяргей Доўгушаў, ды-джэй пераменаў Кірыл Галанаў, тэлевядоўца і актор Аляксандр Ждановіч (Маляваныч), лідар гурту «Дай дарогу!» Юры Стыльскі, саліст Вялікага тэатру Ілля Сільчукоў, экс-міністар культуры Павал Латушка.

Святлана Ціханоўская таксама запісала адмысловы відэазварот з заклікам далучыцца да агульнанацыянальнага страйку 26 кастрычніка. «Спынім усё, каб паказаць: нас не спыніць», – заявіла яна.

Нагадаем, 13 кастрычніка Святлана Ціханоўская абвесціла Аляксандру Лукашэнку народны ультыматум: цягам 13 дзён Лукашэнка мусіць сысці ў адстаўку, спыніць гвалт сілавікоў і вызваліць палітвязняў.

«Калі да 25 кастрычніка нашы патрабаванні не будуць выкананыя, уся краіна мірна выйдзе на вуліцы з Народным ультыматумам. І 26 кастрычніка пачнецца нацыянальная забастоўка ўсіх прадпрыемстваў, блакаванне ўсіх дарог, абвал продажаў у дзяржаўных крамах. У вас ёсць 13 дзён, каб выканаць тры ўмовы. У нас ёсць 13 дзён, каб падрыхтавацца і ўвесь гэты час беларусы будуць працягваць свой мірны і настойлівы пратэст.

Вы спрабуеце паралізаваць жыццё нашай краіны, не разумеючы, што Беларусь – гэта больш, чым рэжым. Беларусь – гэта мацней, чым рэжым. Раз вы чакалі загаду – то вось загад. І тэрмін яго выканання – да 25 кастрычніка», – адзначыла Ціханоўская.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў