Дзеці ў слязах. У лагеры пад Светлагорскам поўна прусакоў


У рэдакцыю Belsat.eu звярнулася настаўніца Настасся Гусейнава, якая суправаджае трэцякласнікаў падчас аздараўлення ў дзіцячым лагеры «Чайка» пад Светлагорскам. Замест адпачываць, дзеці і дарослыя вядуць вайну з прусакамі.

«Метад тапка» не ратуе

Фота Настасся Гусейнава

Ва ўмовах неабвешчанага каранціну беларускіх школьнікаў павывозілі на планавы адпачынак. У пакоях, куды засялілі гомельскіх школьнікаў і настаўнікаў, дэзінфекцыі дакладна не было. Тут загаспадараваліся няпрошаныя і шматдзетныя сем’і… прусакоў. На санітарныя ўмовы ў лагеры «Чайка», які належыць санаторыю «Срэбраныя крыніцы» пад Светлагорскам, паскардзілася настаўніца англійскай мовы СШ №57 г. Гомеля Настасся Гусейнава:

– Мы літаральна пару дзён таму прыехалі на планавы адпачынак. Я суправаджаю трэцякласнікаў сваёй школы, але з намі тут пражываюць і дзеці з гомельскай СШ №66. Жахі пачаліся з першай хвіліны. Уявіце: я заходжу ў пакой, пачынаю раскладваць рэчы і на мой ложак са столі падае тлусты прусак! Потым выявілася, што яны паўсюль – у ваннай, у кожным закутку. Пакуль тыя не паразбягаліся, мы з сяброўкаю паспелі прыбіць 30-40 казурак, але гэта мала чым дапамагло.

Я адмовілася там знаходзіцца і правяла ноч у іншым пакоі. На нашай першай планёрцы для настаўнікаў сястра-гаспадыня папярэдзіла, што планавая траўля прусакоў між зменамі не праводзілася, што ёсць грубым парушэннем санітарных правілаў. На маю просьбу выдаць кнігу скаргаў, мне спрабавалі падсунуць не пранумараваны сшытак, з якога можна прыбраць любы допіс. Сшытак мае мець нумары і пячатку з подпісам пад агульнаю лічбаю.

Кніга скаргаў і дзіцячы страх

Пасля невыспанай ночы спадарыня Настасся паведаміла аб праблеме адміністрацыі лагера. Тыя, на дзіва, аказаліся ў курсе справы, але нешта з гэтым рабіць – не спяшаліся. А за тое жанчына здымала прусакоў на відэа, прыгразілі, што можа згубіць працу.

– Дык ладна б гэта праблема была ў корпусах, дзе жывуць педагогі! Але ж дзеці прыбягаюць уначы ў слязах ад таго, што па іх ложках бегаюць прусакі. Умовы агулам пакідаюць жадаць лепшага. Нас запэўнілі, што ў пакоях рэгулярна прыбіраюць, але там хапае няпрыбраных закуткаў, паўсюль павуцінне, у шыбах – здохлыя мухі, а вакол нас – жывыя прусакі ўсіх памераў і колераў…

Фота Настасся Гусейнава

Настаўніца не разумее, чаму ў 21 стагоддзі (ды яшчэ і ва ўмовах эпідэміі каронавірусу, пад час якой і без таго няпроста працаваць) усе госці лагеру «Чайка» вымушаныя цярпець гэткі дыскамфорт, адчуваць агіду і хвалявацца пра здароўе дзяцей. Вядома, што гэтыя насякомыя пераносяць шэраг небяспечных інфекцыяў – як гепатыт, дызентэрыя, пнеўманія. У адказ на скаргу спадарыню Настассю перасялілі ў іншы пакой, але праблема жыла і пладзілася і на новым месцы.

Фота Настасся Гусейнава

Галоўны лекар Санаторыю «Срэбраныя крыніцы» Аляксандр Генадзевіч Свяцілаў адзначыў у каментары “Белсату”, што пакуль не ў курсе сітуацыі і не разумее, пра якія праблемы мы вядзем гаворку. Што, безумоўна, не вызваляе кіраўніка ад адказнасці за санітарныя ўмовы у дзіцячай установе.

Яўген Мерлін Belsat.eu

Стужка навінаў