Дзеці нянавісці. Навошта «Советская Белоруссия» апублікавала ліст пастаўскай камуністкі

Масква. Магіла Сталіна. 2017 г.
Фота: AP/Aleksandr Zemlianichenko

Шмат гадоў таму светлай памяці кінарэжысёр Міхаіл Пташук расказваў мне, як здымаўся фільм «Кааператыў «Палітбюро». Паводле сюжэту прафесійныя артысты на сцэне ператвараюцца ў вядомых персанажаў савецкіх часоў – Сталіна, Брэжнева, Хрушчова і Чапаева, ездзяць па правінцыі і зарабляюць на канцэртах грошы.

Знакаміты артыст Аляксей Пятрэнка граў Сталіна. Чарговы эпізод здымалі ў Горадні. У якасці масоўкі ў мясцовы абласны тэатр запрасілі ветэранаў і пенсіянераў, то бок «дзяцей» сталінскіх часоў».

Зала была перапоўненай, і калі на сцэне загрыміраваны пад Сталіна Пятрэнка сказаў фразу: «засумавалі па таварышу Сталіну?». Яму стоячы пляскалі ў далоні (ніхто пра гэта не прасіў) больш за дзесяць хвілін.

Эпізод ёсць у фільме. Асабліва ўражвае, што гэта зусім не пастановачная сцэна, а людзі добра ведалі: перад імі не сапраўды «правадыр», а звычайны артыст.

Успомнілася ўсё ў сувязі з лістом пастаўскай пенсіянеркі Рэгіны Ластоўскай, які год таму прыватна быў напісаны рэдактару прэзідэнцкай газеты «СБ. Беларусь сегодня», больш вядомай як «Советская Белоруссия». Апошнімі днямі гэты поўны нянавісці ліст стаў ледзь не «інфармацыйнай нагодаю».

Навошта ён быў надрукаваны на сайце «галоўнай газеты краіны» і ў папяровай версіі адной з падначаленых Якубовічу газет цалкам зразумела. Як і тое, чаму гэта было зроблена менавіта зараз.

Так некаму было трэба…

Не зразумела толькі навошта гэта трэба самому Паўлу Ізотавічу Якубовічу, якога асабіста я лічу вельмі асцярожным чалавекам і, хай і цынічным, але ўсё ж прафесіяналам…

Ён не мог не бачыць, што публікацыя ліста адыёзнай камуністкі выглядае кэдэбэшным (або фээсбэшным) адказам на спробу «мяккай беларусізацыі».

Дакладней, рэакцыяй на выхад яе з-пад кантролю афіцыйнай ідэалогіі.

Асабліва гэта датычыцца стварэння нацыянальнага ўніверсітэту. Студэнты, якія нікога не баяцца, не будуць галасаваць датэрмінова… Адсюль і наезд на апазіцыйную дэпутатку Алену Анісім і свядомая падмена ўсяго нацыянальнага нацыяналістычным.

Менш за ўсё мне хочацца падрабязна аналізаваць тэкст ліста, які ўяўляе сабой помесь абракадабры і папулізму. Мы чуем яе з 1994 года, бо рабіць «белае» «чорным» пачалі ўжо тады. Дастаткова ўспомніць дакументальны пасквіль «Дзеці хлусні»…

Як і спадар Якубовіч, я добра ведаю, што ні тады не цяпер ніхто з прыхільнікаў нацыянальнага адраджэння нікога не вітаў гітлераўскім жэстамі, а «праўдзівыя расказы» пра нейкія «злачынствы нацыяналістаў з БНФ» не больш як плёткі спецслужб.

Так што чалавек, які прыходзіў да Ластоўскай (калі гэта адбывалася не толькі ў яе фантазіях, але і на самой справе) хутчэй за ўсё быў «байцом нябачнага фронту», які агучыў мадэрнізаваную версію казкі пра Пашку Марозава.

Чаму надрукавалі тое, што было «не для друку», таксама цалкам зразумела. Вельмі добра пра гэта сказаў пісьменнік Даўлатаў – у рэпрэсіях вінаваты не толькі Сталін, але і мільёны тых, хто пісаў даносы…

Памятаю, як у першыя дні путчу 1991-га я атрымаў запар тры лісты з Барысава. Прыходзілі яны адпаведна 19, 20 і 21 жніўня 1991 года.

Першы быў падпісаны – «палкоўнік, ветэран Узброеных сілаў». На наступны дзень дадалося «удзельнік Вялікай айчынай вайны», а яшчэ праз дзень «інвалід другой групы».

У першым віталіся чальцы ГКЧП (спецыяльна не перакладаю абрэвіятуру на беларускую мову), у другім заклікалася падумаць пра законнасць, а ў трэцім – судзіць «ворагаў народа», якія арыштавалі Гарбачова…

Няцяжка заўважыць, што «танальнасць» змянялася ў залежнасці ад хады падзей, але цяжка паверыць, што гэта адбывалася цягам трох дзён, належыць аўтарству аднаго і таго ж чалавека і таксама было «не для друку»…

Нагадаю, што менавіта з такіх рэчаў некалі пачыналася «справа урачоў» і шмат, што яшчэ. Менавіта ў гэтым і ёсць сутнасць сістэмы, якую так любіць камуністка Рэгіна Нарбертаўна Ластоўская.

Як кажуць, тут усё зразумела, але напрыканцы, у мяне ўсё ж ёсць адно пытанне: «А беларускую мову, якую Ластоўская чула ў дзяцінстве, таксама знішчылі «свядомыя»?

Аляксандр Тамковіч, belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў