«Дзеткі павінны страляць». Што ўлады дазволяць стралковаму комплексу алігарха Алексіна


У чэрвені 2019 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 245 аб дзейнасці спартова-стралковага комплексу (ССК), што належыць кампаніі «Энерго-Оил» алігарха Аляксея Алексіна. Кіраўнік Беларусі паставіў перад «Энерго-Оил» задачу развіваць «культуру абыходжання са зброяй» і надзяліў кампанію выключнымі правамі. Журналісты belsat.eu наведалі стралковы комплекс і высветлілі, што спецыяльна для праекту Алексіна МУС збіраецца істотна спрасціць працэдуру прадстаўлення зброі. У тым ліку, у ССК алігарха могуць дазволіць страляць дзецям з 12-14 гадовага ўзросту.

Спартова-стралковы комплекс знаходзіцца пад Менскам, у аграгарадку Сёмкава. У 300-х метрах ад ССК размешчаны гасцінічна-рэстаранны комплекс «Сябры», які таксама належыць сям’і Аляксея Алексіна.

Стралковы комплекс Алексіна. Фота: belsat.eu

Стралковы комплекс адчыніў дзверы ў снежні 2018 году. Бяспецы тут надаюць асаблівую ўвагу: уся тэрыторыя абнесеная плотам, на кожным кроку – камеры відэаназірання, а на ўваходзе стаіць будка, дзе пастаянна дзяжурыць міліцыянт. Паводле словаў кіраўніка ССК, былога сілавіка Андрэя Нячая, адной з умоваў функцыянавання комплексу была ахова менавіта МУС. Пры ўзнікненні няштатнай сітуацыі міліцыянт павінен выклікаць узмацненне – групу затрымання.

Пост міліцыі на ўездзе ў ССК Алексіна. Фота: belsat.eu

Нячай сцвярджае: комплекс спланаваны максімальна бяспечна для наведнікаў, бо вялікі цір – закрытае памяшканне. Гэта значыць, што па тэрыторыі можна спакойна перамяшчацца, нават калі гучаць стрэлы.

У фае адміністратыўнага будынку, акрамя зоны адпачынку з барам, дзе падаюць каву, і вялікім плазмавым экранам, знаходзяцца стэнды з рознымі таварамі. «Энерго-Оил» рэалізуе амуніцыю для паляўнічых: біноклі, спецыяльныя акуляры, чахлы і патроны для паляўнічай зброі.

«Цяпер мы прапрацоўваем з МУС алгарытм»

Андрэй Нячай, кіраўнік стралковага комплексу алігарха Алексіна. Фота: belsat,eu

Андрэй Нячай распавёў belsat.eu, што цяпер з МУС узгадняюцца дакументы, паводле якіх будзе спрошчаны парадак перадачы зброі ў рукі гасцей комплексу.

«На дадзены момант, каб я меў магчымасць перадаць вам у рукі зброю, вам мусіць быць 18 гадоў, вы мусіце мець дзве даведкі, што вы не псіх, не наркаман і не алкаголік, а таксама дазвол на куплю зброі. Толькі пасля гэтага я тэарэтычна магу вам даць зброю. Але ўказ прэзідэнта трошкі пашырыў рамкі. Цяпер мы прапрацоўваем з МУС алгарытм, па якім будзе праводзіцца перадача зброі, з якой вы захочаце пастраляць», – кажа ён.

Нячай адзначае, што патрабаванні наконт 18-гадовага ўзросту застануцца і пашпарт трэба будзе ўсё роўна прад’яўляць. А вось норму пра дазвол на куплю зброі і медычныя даведкі плануецца скасаваць. «Але тэарэтычна, калі ў нас будуць сумневы наконт чалавека, мы будзем мець магчымасць адмовіць. Гэта ўсё будзе прапісана ў інструкцыі», – дадае ён. Нячай падкрэслівае: змены тычацца толькі ССК у Сёмкава, на астатнія комплексы гэта распаўсюджвацца не будзе. Адпаведна, стралковы комплекс Алексіна атрымае яшчэ адну відавочную перавагу перад канкурэнтамі.

Інструктар у ціры ССК. Фота: belsat.eu

Таксама комплекс плануе атрымаць дазвол ад МУС даваць зброю дзецям з 12-14 гадовага ўзросту ў прысутнасці дарослых сваякоў або законных прадстаўнікоў.

Наведнік ССК падчас стральбы. Фота: belsat.eu

«Паводле сённяшняга заканадаўства, у спартовых школах можна страляць з 12-14 гадоў. У нас не спартовая школа. Цяпер уявіце: напрыклад, вы праязджаеце да нас з пляменнікам або пляменніцай. Ці магу я дазволіць, каб вашыя няпоўнагадовыя пляменнікі пастралялі таксама? Паводле заканадаўства – не. Але ў нас ёсць магчымасць даць дзеткам пастраляць са зброі, якая мае маленькую аддачу. Ім гэта будзе цікава. МУС пакуль хоча нас абмежаваць, каб страляць можна было толькі з 16 гадоў. А я хачу – каб з 12 або 14 гадоў у прысутнасці законнага прадстаўніка. Чаму? Бо 12-14 гадоў гэта як раз той узрост, калі чалавек пачынае свядома страляць», – кажа Нячай.

Кіраўнік комплексу пры гэтым падкрэслівае: няпоўнагадовым будзе дазволена страляць толькі са спартовай зброі і толькі па папяровых мішэнях.

Усе пытанні наконт змены ўмоваў прадстаўлення зброі ў ціры ўжо ўзгодненыя, таму плануецца, што ССК у Сёмкава запрацуе ў поўную сілу да канца году.

«Гэтыя пытанні ўжо вырашаны, зразумелы алгарытм, як гэта будзе рэалізоўвацца. Усё, што можна было зрабіць, мы зрабілі ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам», – падкрэслівае Нячай.

Фота: belsat.eu

«Дзеткі павінны страляць»

Андрэй Нячай бачыць у стралковым комплексе эфектыўны інструмент патрыятычнага выхавання моладзі.

«Дзеткі павінны страляць, у іх павінна з’яўляцца любоў да зброі. Прычым як да спартовай, так і да гістарычнай. Бо пра зброю Вялікай Айчыннай вайны шмат чулі, але ніхто з яе не страляў. Вы калі-небудзь трымалі ў руках ППШ [ППШ – пісталет-кулямёт Шпагіна, адзін з асноўных відаў стралковай зброі ў савецкай арміі часоў Другой сусветнай вайны. – Belsat.eu]? Ну вось, калі ўсё тут запрацуе, то прыедзеце і патрымаеце. А людзі з гэтым яшчэ бегалі і радзіму абаранялі», – кажа кіраўнік комплексу.

Паводле Нячая, калі ва ўказе Лукашэнкі ішла гаворка пра «ваенна-гістарычны турызм» і «захаванне памяці пра ваенную гісторыю», то мелася на ўвазе менавіта гэта – выкарыстанне ў ціры гістарычнай зброі. Акрамя таго, тут будзе паказанае і ўзбраенне часоў Першай сусветнай.

«Мы будзем працаваць у наўпроставай сувязі з Лініяй Сталіна. Там усё распавядаюць, але сюды можна прыйсці і пастраляць. Мы ў сваю чаргу таксама будзем распавядаць пра гісторыю стварэння той ці іншай адзінкі зброі», – адзначае суразмоўца belsat.eu.

Пляцоўка для стральбы па мішэнях, што рухаюцца. Фота: belsat.eu

З гэтым складнікам непасрэдна звязаны і яшчэ адзін пункт указу Лукашэнкі, паводле якога да задачаў ССК адносяць «патрыятычнае выхаванне моладзі».

«Уявіце сабе: 9 траўня разгорнем тут палявую кухню. Прыедуць ветэраны з унукамі і распавядуць: вось, унучак, з гэтым я радзіму абараняў. Унучак запытае: ці можна я стрэлю? Так, калі ласка. Таму, калі дзіцё ў наступны раз будзе глядзець нейкія фільмы пра вайну, то будзе разумець, пра што ідзе гаворка. Стрэл запамінаецца», – кажа Нячай.

Комплекс Алексіна атрымаў ад Лукашэнкі права рамантаваць і мадэрнізаваць зброю. Але Нячай сцвярджае: гаворка ідзе толькі пра касметычны рамонт і толькі для небаявой зброі (то бок спартовай або паляўнічай).

«Пафарбаваць, вінцік які-небудзь прыкруціць – не больш за тое», – кажа ён.

Ва ўказе Лукашэнкі асобна адзначалася, што выключныя правы праекту Алексіна надаюцца ў сувязі з «унікальнасцю стралковага комплексу». Нячай тлумачыць: комплекс прапануе кулявую стральбу на 300 метраў, стэндавую стральбу і стральбу па мішэнях, што рухаюцца (МВ-12). Іншыя ССК у Беларусі такі ахоп паслугаў прапанаваць не могуць. Нават спартова-стралковы комплекс Мінабароны ва Уруччы максімум, што можа прапанаваць, гэта стральбу ў паўзачыненым ціры на 300 метраў.

Стралковая пляцоўка ў ССК Алексіна. Фота: belsat.eu

Такі вялізарны стралковы комплекс – ці прыбытковы гэта бізнес?

«Як можна ацаніць любоў да радзімы? – адказвае пытаннем на пытанне Нячай. – У грашовым сэнсе – нельга. Так, мы зарабляем грошы, мы самі сябе акупляем, але з цяжкасцю. Патрыятычны складнік тут пераважае над усім».

На пытанне, ці наведваў комплекс Лукашэнка, Нячай адказвае ўнікліва:

«Не спрабуйце атрымаць інфармацыю, якую вы ўсё адно не атрымаеце».

Фота: belsat.eu

Раманчук: «У Лукашэнкі перыядычна з’ўляюцца новыя фаварыты»

Інтарэсы Аляксея Алексіна сканцэнтраваныя ў гандлі нафтапрадуктамі і тытуням, банкаўскай сферы (ён валодае МТБанкам), лагістыцы (саўладальнік прамыслова-лагістычнага комплексу «Брэміна-груп»), вытворчасці мясных вырабаў і рэстаранным бізнесе.

Аляксей Алексін. Скрыншот з відэа president.gov.by

У апошнія гады Алексін атрымаў ад дзяржавы выключныя правы ў сферы гандлю тытунём. У снежні 2017 года Лукашэнка дазволіў кампаніі алігарха «Энерго-Оил» стварыць адзіную тавараправадную сетку ў тытунёвай сферы. У межах стварэння такой сеткі ў Беларусі зʼявіліся кіёскі «Табакеркі» (агулам да 2020 года плануецца стварыць да 2,5 тысяч аб’ектаў). «Табакеркі» выклікалі абурэнне ў грамадстве, бо раней улады або цалкам забаранілі кіёскі дробных прадпрымальнікаў (як, напрыклад, у Менску) або значна абмежавалі іх колькасць. Алігарху дазволілі імпартаваць цыгарэты L&M, Parliament, Marlboro, хаця раней такое права мела толькі прадпрыемства «Беларусьторг» Упраўлення справамі прэзідэнта. А летась дзеля тытунёвай вытворчасці Алексіна ў прамысловай зоне Шабаны дэпутаты Менгарсавету нават змянілі межы Менску.

Улады дазволілі яму тое, што забаранілі тысячам. Хто гэты бізнесмен?

Кіраўнік навукова-даследчага цэнтру Мізэса, эканаміст Яраслаў Раманчук, мяркуе, што відавочныя прывілеі, якія атрымаў цяпер Алексін, звязаныя са схільнасцю Аляксандра Лукашэнкі змяняць сваіх фаварытаў.

«У Лукашэнкі перыядычна з’ўляюцца новыя фаварыты: быў калісьці Чыж, потым іншае кола асобаў. Сёння гэта Алексін, а таксама Мікалай Варабей і Аляксандр Зайцаў, якія валодаюць «Брэміна-груп» і рэалізуюць шэраг праектаў у сферы лагістыкі, вытворчасці цыгарэтаў і іншых вельмі прывабных для ўладаў сферах. Безумоўна, калі ёсць такая манаполія або алігаполія на рынку, – гэта стрэл па кішэнях пакупнікоў. Але з пункту гледжання ўлады гэта «свой» чалавек, якія выконвае загады», – мяркуе Раманчук.

На думку эканаміста, Алексіну, нягледзячы на цяперашні поспех, варта ўсведамляць сваю хісткую пазіцыю.

«Прывілеі сёння далі – заўтра забралі. На месцы Алексіна я б не надта цешыўся такому становішчу справаў. Пакуль прыватная ўласнасць у Беларусі не стала святой, я б раіў Алексіну вывучыць досвед фаварытаў ад буйнога бізнесу, што былі раней у «пуле» Лукашэнкі ў першыя дзесяць год ягонай улады – таго ж Мураўёва або Чыжа. Калі кан’юнктура змяняецца і шаптуны пачынаюць казаць Лукашэнку, што вось гэты чалавек выйшаў з-пад кантролю, бізнес схлопваецца. Усё, што адбываецца з Алексіным цяпер – сітуацыя ў рэчышчы стасункаў улады і бізнесу за апошнія 25 гадоў», – кажа Яраслаў Раманчук.

Крутое піке: як бізнес-імперыя Чыжа аказалася ў глыбокім крызісе

Ігар Ільяш, Кацярына Андрэева belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары