Дзень вышыванкі скарае рэгіёны. Першы – Бабруйск


Арыгінальная вышыванка з Клічава каштуе да 2 мільёнаў рублёў. Магілёўцам і менчукам такіх грошай не шкада, а вось мясцовыя нацыянальную вопратку пакуль яшчэ не ацанілі.

Бабруйскі Дзень вышыванкі задумалі Юлія Ліцвінава, майстар па народнаму касцюму, і Таісія Кабанчук, мясцовы каардынатар аргкамітэту па стварэнні партыі БХД. Як распавяла Юлія, натхніла на мерапрыемства калекцыя саматканых ручнікоў спадарыні Кабанчук, якую яна захавала па продках.

 «Я была ўражана, калі пабачыла гэты несамавіты скарб – старажытныя вышываныя ручнікі, якія спадарыня Таісія захоўвала як спадчыну сваіх маці, бабулі, прабабулі. Я адразу падумала, што гэта трэба паказаць людзям, ды і ўвогуле – зрабіць нешта, дзе можна будзе распавесці пра нашую, беларускую традыцыйную культуру, а таксама пра тое, як сёння беларус можа апранацца традыцыйна і стыльна», – кажа Юлія.

На свята ў Бабруйск з’ехаліся майстры па вышыванках з ваколіцаў гораду. Госці імпрэзы пачулі аповед пра гісторыю беларускага нацыянальнага касцюму, паслухалі народныя беларускія спевы ды навучыліся танчыць пад дуду.

Ратавальніца старажытных ручнікоў з Клічава

Арганізатары заклікалі прыходзіць на свята ў вышыванках, ці ў вопратцы, што мае на сабе элементы традыцыйнага беларускага арнаменту. Але дзе сёння беларус можа знайсці сапраўдную вышыванку? У бабруйскім Дні вышыванкі ўдзельнічалі майстры, пра якіх, магчыма, мала хто ведае, але яны сваймі рукамі робяць не прынты-вышымайкі, а сапраўдныя традыцыйныя беларускія вышыванкі са складаным арнаментам.

Валянціна Нікіціна з Клічава прывезла на Дзень вышыванкі свае ручнікі, кашулі і паясы. Жанчына ўжо даўно збірае па вёсках традыцыйныя вышываныя рэчы, а потым робіць іх рэканструкцыю. Таксама стварае і свае ўласныя мадэлі кашуль, у якіх спалучае розныя элементы народнага арнаменту. Спадарыня Валянціна імкнецца захаваць беларускую спадчыну, якую, на яе думку, мы зусім не ўмеем шанаваць.

«Заходзім мы неяк у хату ў адной вёсцы, а там мужчына кавалкам вышытага ручніка дастае чыгун з печы. У мяне аж сэрца замёрла, – распавядае майстрыха. – Мы яго ўгаварылі тады прадаць нам гэты кавалачак, каб уратаваць яго. У другой вёсцы знайшлі яшчэ адзін кавалачак, паедзены моллю, з дзіркамі. Такія ручнікі я аднаўляю. Таксама і сарочкі – бяру ўзор са старых пашкоджаных і пераношу на новыя».

За сапраўднай вышыванкай – у Клічаў ды Бабруйск

Спадарыня Валянціна зазначае, што замоваў на вышыванкі ў яе хапае, але ў асноўным яны – з Менску, Магілёва і іншых буйных гарадоў. У родным Клічаве ды ваколіцах гэта мала каго цікавіць.

«У вялікіх гарадах ёсць гурты, якія прасоўваюць моду на народнае, – кажа жанчына. – А ў нас на месцы неяк не так, людзі не разумеюць гэтай прыгажосці».

Спадарыня Валянціна лічыць, што ўзрост папулярнасці вышыванак сярод беларусаў – гэта не проста хвілінная мода, а праява патрэбы вяртання да каранёў.

«У нас жа ў кожнага ёсць свой род, свае продкі – мы ж не Іваны бязродныя. Беларусы, пэўна, пачынаюць задумвацца пра тое, адкуль яны, таму і звяртаюцца да вышыванкі, у прыватнасці».

У Валянціны Нікіцінай можна замовіць кашулю, ручнік, паясы. Вышыванка абыдзецца прыблізна ў 1-2 мільёны беларускіх рублёў.

«Ня танна. Але ручная праца каштоўная», – заўважае майстрыха.

Замовіць вышыванку ці цэлы народны строй можна ў арганізатаркі бабруйскага Дня вышыванкі Юліі Ліцвінавай. На імпрэзе, дарэчы, дзяўчына была ў калінкавіцкім строі, які сама некалі аднавіла адмыслова для ўласнага вяселля па фотаздымку даследчыка беларускага касцюма Міхася Раманюка.

Правядзенне Дня вышыванкі ў Бабруйску падтрымала культурніцкая арганізацыя «Арт-сядзіба», якая ў мінулым годзе правяла ўжо два Дні вышыванкі ў Менску. Апошні з іх – 13 снежня – прайшоў з сапраўдным аншлагам.

Арганізатары бабруйскага Дня вышыванкі абяцаюць яшчэ больш цікавы і маштабны працяг ідэі.

Данута Бароўская, belsat.eu

Стужка навінаў