Дзень Волі з «Белсатам»: рэпартаж з дому старшыні Рады БНР ды іншы эксклюзіў


Сяргей Падсасонны з Івонкай Сурвілай. Фота belsat.eu

Распавядаем, што цікавага мы пакажам 25 сакавіка, на 102-ю гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Яшчэ перад закрыццём межаў вядоўца і выдаўца «Студыі Белсат» Сяргей Падсасонны накіраваўся ў сталіцу Канады, каб сустрэцца са старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай. У выніку паўстала вялікае інтэрв’ю.

«Гэта і гісторыя жыцця, дзейнасці Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ды фонду дапамогі дзецям Чарнобылю ў Канадзе, і развагі пра сучаснасць, сённяшнюю Беларусь, улады, выбары, палітыкаў, беларускую мову ды нацыянальныя каштоўнасці», – гаворыць Сяргей Падсасонны.

Кароткую версію інтэрвʼю глядзіце ў адмысловым выданні «Студыі Белсат», якое выйдзе 25 сакавіка а 19:30, на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4») або онлайн. Поўная, амаль гадзінная, зʼявіцца пазней на belsat.eu.

Апрача таго, Івонка Сурвіла ўпершыню дазволіла зайсці з відэакамерай у ейны дом, які нагадвае музей. Мы пабываем і ў гарадку Олд Чэлсі, дзе яна з сямʼёй хадзіла ў касцёл і дзе на могілках пахаваны ейны муж Янка. У гэтай жа мясцовасці мы наведаем мастацкую галерэю, дзе старшыня Рады БНР выстаўляе свае працы. Рэпартаж таксама будзе часткаю адмысловага выдання, прысвечанага 102-й гадавіне БНР.

Ігар Кулей. Фота belsat.eu

Журналіст і вядоўца «Белсату» Ігар Кулей падрыхтаваў серыю рэпартажаў з Беларусі пра гісторыю паўстання БНР – ад пачатку ХХ ст. да 1918 году. Будынкі, дзе адбываліся наважнейшыя падзеі, архіўныя дакументы і фотаздымкі.

«Мне падаецца, гэта – адзін з лепшых прадуктаў, калі браць дакументалістыку на тэму Беларускай Народнай Рэспублікі», – гаворыць Ігар Кулей.

Каментаваць падзеі ў «Студыі Белсат» будуць намеснік старшыні Рады БНР Сяргей Навумчык і доктар гістарычных навук, аўтар цыклу «Загадкі беларускай гісторыі» Аляксандр Краўцэвіч.

Апрача гэтага, 25 сакавіка мы пакажам лепшыя выданні нашых гістарычных праграм, прысвечаных БНР. А на заканчэнне – канцэрт з Дня Волі-2019 у Горадні. Далучайцеся праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4») або онлайн!

25 сакавіка на «Белсаце»

15:40 «Даты праўды»: Абвешчанне Беларускай Народнай Рэспублікі.

15:55 «Intermarium»: Беларуская Народная Рэспубліка: сябры ды ворагі.

17:50 «Загадкі беларускай гісторыі»: Год 1918. Беларуская Народная Рэспубліка адбылася.

19:30 Святочнае выданне «Студыі Белсат».

21:35 Канцэрт з Дня Волі-2019 у Горадні.

ІА, belsat.eu

Стужка навінаў