Зміцер Ягораў Дзень Волі. Антыутопія

рэдактар belsat.eu

А цяпер уявіце: здарылася доўгачаканае-неверагоднае. На дзяржаўным узроўні пачалі адзначаць угодкі ўтварэння БНР. Здарылася гэта не праз пяць-дзесяць гадоў, а проста цяпер, у 2018. Запрашаем у свет пост-лукашэнкаўскага сюррэалізму. Піша Зміцер Ягораў.

20 сакавіка, Менск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі падкарэктаваны графік выплаты пенсіяў у сувязі са святкаваннем 100-годдзя БНР, паведамілі БЕЛТА ў РУП «Белпошта». Да 24 сакавіка пенсіянеры змогуць датэрмінова атрымаць выплаты за красавік.

Гэта толькі адно з паведамленняў дзяржаўнай агенцыі. Там можна знайсці шмат іншага цікавага. Акцыю МТЗ – з трактароў на складах сабралі надпіс «100 лет БНР» і сфатаграфавалі з дрону. Называлі гэта чамусьці «флэшмобам».

У райцэнтрах адчыніліся святочныя кірмашы, на якіх можна купіць саджанцы, цыплянятаў і жывую рыбу.

З палёгкаю ўздыхнулі ідэолагі ўсіх масцяў, памераў і ўзроўняў: з бчб-сцягам не можа здарыцца класічны фэйл, як з чырвона-зялёным: яго не вывесяць задам наперад, дагары нагамі ці бог ведае як яшчэ. Сцяг як сцяг, як ні круці.

Тым часам па сеціве гуляюць скрыншоты з перапісак ва Вконтакте і ў чатах Viber, дзе старастаў групаў змушаюць сабраць як мінімум па 15 чалавек на акцыю. «Вниманию иногородних: вы должны понимать, что интернаты не резиновые, а родному факу нужно помогать», – цытуе гэткую перапіску адно з незалежных медыяў.

У Віцебску зарганізавалі конкурс «Мисс БНР – на все сто!». Удзельніцы выходзяць на подыум у вышываных станіках і адказваюць на каверзныя пытанні журы: назавіце 5 адрозненняў БНР ад БНФ. Язэп Лёсік – гэта нацыянальная страва, палітык ці кулямёт слуцкіх паўстанцаў?

Міністэрства абароны рыхтуе святочны салют, удзел бранятэхнікі ў парадзе, а галоўны ідэолаг Уладзімір Макараў піша разгромны артыкул пад назваю «Люди, которые выступают против Третьей Уставной Грамоты– идейные наследники нацистов».

У Берасці няўрымслівы журналіст Алесь Ляўчук сфатаграфаваў у краме тушонку «Булак-Балаховскую» і шкарпэткі з выяваю пячаткі БНР. На этыкетках – тэкст па-расейску і па-казахску, але няма па-беларуску.

Гомельскае ДАІ спыняе аўтамабілістаў і дарыць ім кветкі з нагоды 100-годдзя БНР. Запланавана падарыць 100 гваздзічак.

Амбасадар Расеі Сурыкаў прыехаў у Горадню, каб наведаць будынак, дзе працаваў урад БНР. Дыпламат атрымаў глыбокую псіхалагічную траўму, даведаўшыся, што плошча Савецкая, дзе месціцца будынак, пераназваная ў Антысавецкую, а ўласна сам будынак, які носіць назву дому Мураўёва, апынуўся домам не таго Мураўёва.

У Магілёве ўлады вырашылі не эксперыментаваць і да свята падрыхтавалі канцэрт пад назваю «Ніколі не забудзем». Пайшлі па накатанай. Хацелі запрасіць «Дзецюкоў», але тыя выступаюць у Менску, таму прыедзе ізноў Газманаў. Магілёўцы плююцца, збіраюцца ў Менск, але праваахоўнікі блакуюць дарогі і здымаюць людзей з цягнікоў.

Нягледзячы на ўсеагульны хаос, дзяржаўны лакаматыў цягне краіну за сабою, прабуксоўваючы, губляючы рэйкі. Галоўны міліцыянт краіны Шуневіч зачыніўся ў сваім кабінеце. Ён дастаў з шафы глыбока схаваную фуражку міліцыянта часоў пачатку 90-х. На стале ляжыць чарнавік справаздачы: «в период празднования… личный состав переведен на усиленный вариант несения службы… обеспечен порядок… » З люстэрка на яго глядзіць твар хутчэй прынцыповага нью-ёркскага копа, чымся ката НКВД. Але і ён яшчэ не ведае, чым усё гэта скончыцца.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Глядзі таксама
Каментары