На Дзень Волі прыйшло больш за тысячу чалавек


20.15

Усіх затрыманых адпусцілі: 4 непаўнагадовых, а таксама вышэйзгаданаг хлопца-азербайджанца. Супрацоўнікі міліцыі хацелі скласці пратаколы па абвінавачванні ў нецэнзурнай лаянцы, але, пасля, відаць, атрымалі загад не даводзіць справы да суду, паведамляе карэспандэнт Belsat.eu. Бацькам міліцыянты пагражалі, што іх дзяцей паставяць на ўлік. Затрыманыя гаварылі, што падчас акцыі мелі ў руках расцяжкі і нацыянальныя сцягі.

19.10

Менчукі пра акцыю Дзень Волі

Сёлетняя акцыя не адбылася без затрыманняў. Акрамя 18-гадовага Аяза Абдулаева з Жодзіна, у РУУС Савецкага раёну знаходзіцца яшчэ некалькі затрыманых. Дакладная колькасці і імёны невядомыя. Сябры Абдулаева распавялі, што некалькі чалавек у цывільным ішлі за імі, пакуль не затрымалі іх сябра.

18.05

ДАІшнікі зацікавіліся Алегам Жаўновым, жыхаром Бабруйску, яго аўтамабіль аздоблены ў беларускую сімволіку, у прыватнасці да яго быў прышпілены белы балёнік з Пагоняй. Супрацоўнікі ДАІ хочуць аштрафаваць кіроўцы за нібыта невялікі трохкутнік з таніроўкай на багажніку. Падышлі людзі і спрачаюцца, кажучы, што на самой справе прэтэнзіі міліцыянтаў выкліканыя сімволікай. Да спрэчкі падключыліся праваабаронцы.

Аўтамабіль па даверанасці, з расейскімі нумарамі. Складаюць пратакол пад кантролем намесніка кіраўніка Савецкага РУУС Менску.

17.35

Затрымалі азербайджанца з беларускім пашпартам Аяза Абдулаева. Меў азербайджанскі сцяжок, з іншага боку – бел-чырвона-белы. Хлопца павезлі ў РУУС Савецкага раёну Менску.

Нікому не даюць дайсці да праезджай часткі са сцягамі.

[vc_single_image image=”7″ img_size=”large”]

17.10

Людзі пачынаюць разыходзіцца. Больш актыўнымі сталі АМАПаўцы: падышлі да актывіста прадпрымальніцкага руху Аляксандра Таўстыкі, у якога на спіне быў сцяг Еўразвязу. Але пабачыўшы, што побач журналісты, адышлі.

У самім парку застаецца каля 500 чалавек.

Аляксандр Мілінкевіч, які прыйшоў на свята, падзяліўся сваймі ўражаннямі з Belsat.eu:

«Цёплая акцыі, даволі шмат людзей, надвор’е добрае. Усе, хто прыйшоў, аб’яднаныя агульнай ідэяй. Людзі разыходзяцца з усмешкай».

Людзі сыходзяць, а АМАПаўцы патрабуюць, каб удзельнікі акцыі хавалі сцягі. Некаторыя апранаюць іх як шалікі.

16.55

Арганізатары ўжо ў парку. Звярнуліся да ўдзельнікаў дэманстрацыі. Заклікаюць дайсці да агароджы, а ўнутр не ісці. Прапануюць далей святкаваць у пабах, гуляць па горадзе.

16.42

Застаецца дайсці нейкіх 150 метраў да плошчы Бангалор. Каля цэнтру «Еўропа» колькасць удзельнікаў ледзь не падвоілася. Магчыма за кошт студэнтаў, якія далучыліся пасля заняткаў. Некаторыя кіроўцы сігналяць у знак салідарнасці, але іх нумары адразу фіксуюцца супрацоўнікамі ДАІ. Шмат людзей стаяць на вуліцы і назіраюць да калоны, ставяцца ветліва. Зараз вырашыцца інтрыга, ці пойдуць людзі на мітынг у Парк Дружбы народаў.

16. 30

Галава калоны падыходзіць на перакрыжавання з вуліцай Куйбышава. Асноўная маса людзей – каля медычнага цэнтру «Нардзін». Дарога вузкая натоўп размежаваўся на тры невялікія калоны, пасля скрыжавання, хутчэй за ўсё, аб’яднаецца. Людзі смяюцца, што АМАП прыйшоў на акцыю ў вышыванках – у новай форме з вышытымі літарамі. Частка дэманстрантаў заявіла, што не пойдзе на Бангалор, а дойдзе толькі да вуліцы Багдановіча.

16.15

Першым воклічам на шэсці было «Слава Украіне! Героям слава!». Патрабаванні свабоды для Украіны і Беларусі гучаць у роўнай прапорцыі. Людзі спяваюць «Пагоню» на словы Максіма Багдановіча.

Галава калоны дайшла да перакрыжавання вуліцы Сурганава і Кузьмы Чорнага. АМАП у новай форме з вышытымі літарамі стаіць уздоўж дарогі. Шмат людзей у цывільным з рацыямі, але інцыдэнтаў не было.

16.02

Удзельнікі сфармавалі калону ды рушылі ў шэсце. Наперадзе беларускія палітыкі – Уладзімір Някляеў, Аляксей Янукевіч, Віталь Рымашэўскі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацыяў.

Існуюць розныя думкі пра колькасць удзельнікаў, але з упэўненасцю можна казаць пра 600 асобаў, якія прыйшлі на акцыю. Людзі, якія прыбываюць, далучаюцца да хваста калоны.

Міліцыянты стаяць ланцугом уздоўж праезнай часткі, сярод іх прысутныя сілавікі высокіх рангаў.

15.45

Грамадскія актывісты, былыя маладафронтаўцы прыйшлі з малымі дзеткамі – гэта сям’я Мікалая Дземідзенкі, Паўла Юхневіча, Змітра і Насты Дашкевічаў ды іншых. «Дзень Волі мае быць сямейным святам», – кажуць яны.

Людзей прыбывае з кожнай секундай. Цяпер іх блізу 600 каля кінатэатру «Кастрычнік» і 100 на другім баку вуліцы.

Міліцыянты паводзяць сябе спакойна, не зрываюць расцяжкі як гэта было на ранейшых акцыях. Пакуль не былі заўважаныя прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу.

Хоць гукавыя сігналы на праспекце Незалежнасці забароненыя, кіроўцы ўсё ж вітаюць прысутных.

З’явіліся людзі ў балаклавах, хоць напярэдадні міліцыя прасіла ўдзельнікаў шэсця не закрываць твараў. Шмат людзей у вышыванках.

Шэсце мае распачацца а 16.00.

15.25

За 15 хвілінаў ад пачатку збору каля кінатэатра сабраліся каля 300 чалавек. Яшчэ каля 200 чалавек знаходзяцца каля прэзідыуму Акадэміі навук, але сярод іх вельмі шмат сілавікоў прадстаўнікі АМАПУ, патрульна-паставой службы, ДАІшнікі, якія сочаць за рухам.

Вельмі шмат маладых людзей. Некаторыя трымаюць злучаныя ўкраінскія і беларускія сцягі. Вялікую расцяжку «За нашу і вашу свабоду» людзі павярнулі да праезнай часткі. Аўтамабілісты адгукнуліся дружнымі сігналамі.

Сярод людзей каля кінатэатру «Кастрычнік» шмат «людзей у цывільным» з камерамі, аднак яны паводзяць сябе менш нахабна, чым у папярэднія гады.

Ёсць расцяжкі са словамі «Што за бульба без укропа», з цытатамі Янкі Купалы. Шмат нацыянальных колераў Украіны. З’явіліся палітыкі – першым прыйшоў Павел Севярынец, потым Віталь Рымашэўскі, Аляксей Янукевіч, Юрый Губарэвіч, Рыгор Кастусёў. Прысутны таксама пісьменнік Уладзімір Арлоў.

Атмасфера святочная, але згусціліся хмары і можа пайсці дождж.

15.10

Каля кінатэатра «Кастрычнік» каля 50 чалавек, сярод якіх пераважаюць жанчыны. Некаторыя з прысутных маюць бел-чырвона-белыя стужкі. Людзі стаяць таксама на другім баку вуліцы. Каля прэзідыума Акадэміі навук шмат падазроных «людзей у цывільным». На вуліцах заўважна паболела міліцыянтаў. Машыны ДАІ стаяць каля Дому друку.

Першапачаткова былі толькі 2 бел-чырвона-белыя сцягі, але пазней іх з’явілася значна больш. Моладзь прынесла сімволіку пад курткамі. Узняты таксама ўкраінскі сцяг, шмат маленькіх сцяжкоў Украіны. Разгарнулі расцяжку: «Крым – Украіне, шчасце – краіне». Моладзь трымае паветраныя балонікі з выявай Пагоні, плакаты «Пуціна ў Гаагу», «F…ck імперыю».

15:00

13:00

За дзве гадзіны да пачатку святочнага шэсця сілавікі пачалі рухацца ў цэнтр гораду. Нягледзячы на тое, што месца збору ўдзельнікаў шэсця прызначана на плошчы каля кінатэатра «Кастрычнік», некалькі аўтобусаў сталі за плошчай Якуба Коласа. Яшчэ некалькі аўтобусаў знаходзяцца на вуліцы Акадэмічная і ў дварах прылеглых да яе дамоў. На станцыі метро «Акадэмія навук» каля месца збору заўважана вялікая колькасць міліцыянтаў.

Сёлета, у адрозненне ад папярэдніх гадоў, улады адмовіліся ад практыкі масавых прэвентыўных затрыманняў актывістаў дэмакратычнага руху.

Украінцы Варшавы павіншавалі беларусаў з Днём Волі. Беларускія сцягі былі сёння вывешаныя на будынку ў цэнтры Варшавы, у якім месціцца цэнтр «Украінскі Свет».

З нагоды 97-гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі «Белсат» віншуе сваіх прыхільнікаў песняй «Belarus Freedom», якую гурт «Ляпіс Трубяцкі» выканаў вясною 2014 года на канцэрце «Салідарныя з Беларуссю» ў Варшаве.

Усім гледачам і чытачам «Белсат» зычыць з нагоды Дня Волі бадзёрасці і ўпэўненасці ў хуткай перамозе.

Паводле інфармацыі сайта sputnik.by, міліцыя папрасіла ўдзельнікаў шэсця на Дзень Волі не закрываць твары. Спасылаючыся на паведамленні інтэрнаўтаў, сайт паведамляе, што жыхарам шматпавярховых дамоў, якія размешчаны па маршруце шэсця, рэкамендавалі апячатаць вокны, якія выходзяць на вуліцу. У гэтых дамах узмоцненыя і захады дзеля абмежавання доступу да выйсцяў на гарышчы і дахі.

Цікавасць да акцыі на Дзень Волі праяўляюць прыхільнікі пракрамлёўскага руху «Антимайдан». Група яго актывістаў з Беларусі ў расейскай сацсетцы «УКантакце» паабяцала сачыць за шэсцем, а ўдзельнікаў назвала «фашыстамі», падаюць naviny.by.

Раней прыхільнікі «рускага свету» накіравалі ў Менгарвыканкам ліст з патрабаваннем адхіліць заяўку на правядзенне шэсця.

Менскія чыноўнікі далі фармальны адказ, што апратэставаць рашэнне пра час і месца правядзення масавага мерапрыемства магчыма толькі ў судовым парадку.

Арганізатары святкавання Дня Волі ў Менску заявілі, што вымушаны адмяніць заяўлены раней выступ рок-гуртоў на плошчы Бангалор.

«Планы змяняюцца – канцэрт на Бангалор адмяняецца. На жаль, усе музыкі непасрэдна сёння адмовіліся ад удзелу. Камусьці боязна, хтосьці не паспявае з працы», – паведаміў парталу Tuzin.fm адзін з заяўнікаў акцыі 25 сакавіка Мікіта Семяненка.

Збор удзельнікаў святкавання прызначаны на 15:00 каля кінатэатра «Кастрычнік» (ст. м. «Акадэмія навук»), пасля запланаванае шэсце да парку Дружбы Народаў, дзе адбудзецца святочны мітынг а 17:00.

Першапачаткова збор удзельнікаў планаваўся а 17:00, але Менскі гарвыканкам перанёс пачатак акцыі на дзве гадзіны раней. Арганізатары акцыі мяркуюць, што гэта выклікана жаданнем уладаў абмежававаць масавасць акцыі – у будні дзень у большасці менчукоў яшчэ не скончыцца працоўны час.

«Не было б праблем, калі б Дзень Волі, як належыць, быў дзяржаўным святам, – заяўляюць у Руху «За Свабоду!». – Але ў выніку патрыётаў і свабодных грамадзянаў Беларусі — патэнцыяльных удзельнікаў акцыі — хочуць выставіць дармаедамі, якія замест працы мітынгуюць».

На старонцы belsat.eu чытайце онлайн з акцыі, а ў эфіры «Белсату» – рэпартажы пра святкаванне.

МЛ, МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў