«Дзень сурка» ў медсясцёр: 4 гадзіны на вахце, 4 – на адпачынку, і гэтак цэлыя содні


Гомельская гарадская клінічная больніца № 2 у Медгарадку. Ілюстрацыйны здымак

Не вядома, што будзе, як настане спёка – скардзяцца медсёстры, якія гадзінамі не здымаюць абаронных халатаў. Адна з медсясцёр распавяла «Белсату» пра арганізацыю працы персаналу ва ўмовах неабвешчанай эпідэміі ды пра паводзіны пацыентаў.

Гомельская гарадская клінічная больніца № 2 у Медгарадку ў яшчэ нядаўна была падзеленая на гінекалагічнае, кардыялагічнае, неўралагічнае, уралагічнае аддзяленні, а таксама аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі. Цяпер усе яны перапрафіляваныя пад пацыентаў (у тым ліку з вобласці) з сімптомамі ВРВІ – дарослых і дзяцей. Кожнаму робяць некалькі тэстаў на каронавірус. «Станоўчых» пераводзяць у Гомельскую інфекцыйёнку. Інтэрв’ю «Белсату» на ўмовах ананімнасці дала медсястра Таццяна (імя змененае).

Як пачынаецца зараз вашая працоўная змена?

Праца медыкаў пад час эпідэміі.
Фота: Jacek Szydlowski / Forum

Я працую содні праз трое. Аддзяленне ўралогіі вылучылі ў т.зв. «чыстую зону», куды прыходзіць пераапранацца медычны персанал: лекары, медсёстры і санітаркі з усёй больніцы. Мы разам заходзім у гэтае памяшканне на змену, апранаем адмысловыя касцюмы.

Медсёстры знаходзяцца на вахце 4 гадзіны, пакуль не зменіць напарніца. Наступныя 4 гадзіны адпачынак, потым зноўку 4 гадзіны працы і зноў адпачынак. Гэтак поўныя содні. Агулам працую 12 гадзінаў. Адпачыць не атрымліваецца.

Ці хапае вам сродкаў індывідуальнай абароны? Як вы працуеце ў поўным супрацьвірусным рыштунку?

Нам выдаюць супрацьчумны халат, акуляры, маску, бахілы, пару пальчатак, фартух, нарукаўнікі. Але лекавыя сродкі для самаабароны (кроплі, якія ўвільгатняюць вочы пасля нашэння маскі, аква – спрэй у нос) мы куплялі за свае грошы. Спачатку была блытаніна страшная – прыходзіць, напрыклад, касцюм, а там маскі звычайныя марлевыя. Я адмовілася ісці ў такой экіпіроўцы працаваць, сказала «хоць звальняйце, не пайду». Дык тады адразу знайшлі некалькі рэспіратараў.

Вельмі цяжка працаваць у гэтых халатах. Дзяўчаты часта выходзяць з аддзялення і плачуць, гэтак ім цяжка ў іх працаваць. Акуляры, маска. Мы ўсе мокрыя, а яшчэ ж не спякотна! Страшна падумаць, што будзе падчас спёкі. У прыбіральню я гэтыя 4 гадзіны не хаджу, трываю, каб не апранаць пялюшку (г. зв. памперс). Бо падчас дзяжурства касцюм здымаць нельга.

Як вы ацэньваеце працу кіраўніцтва шпіталя?

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Галоўны лекар шпіталя Міхаіл Мікалаевіч Міхасёў кінуў усё на волю лёсу. Маўляў, самі вырашайце як арганізаваць працу: харчаванне хворых, вываз адкідаў, бруднай бялізны. Ніколі не спусціўся, каб падтрымаць медперсанал, а слова супраць скажаш – на звальненне. Галоўная сястра ня вытрымала – звольнілася.

Ці былі выпадкі заражэння каронавірусам медперсаналу ў вашым шпіталі?

Пакуль не, але нас, прынамсі медсёстраў і санітарак, і не правяралі на каронавірус, вось толькі збіраюцца на днях праверыць. Так што цяжка дакладна сказаць, можа нехта бессімптомна хварэе і не ведае пра гэта.

Колькі вы чакаеце вынікаў тэсту на каронавірус?

Мы робім тэст на каронавірус кожнаму пацыенту. Праз два дні прыходзіць вынік, але такіх тэстаў мы можам рабіць і тры, і чатыры для дакладнага выніку.

А якое лекаванне для вашых пацыентаў?

Ды ніякага, робім тэст і назіраем за станам здароўя. Калі высокая тэмпература – збіваем.

Праблема яшчэ такая – дзеці і дарослыя ляжаць разам і карыстаюцца адной прыбіральняю. А спецыфіка працы з дзецьмі іншая. Дзеці, напрыклад, ляжаць са звычайнай пнеўманіяй, а цягам лекавання чапляюць і «карону». А ў дзіцячым шпіталі па вул. Жаркоўскага ёсць жа спецыяльныя дзіцячыя аддзяленні з абсталяванымі боксамі…

Ці дапамагаюць медперсаналу валанцёры?

З «Макдоналдсу» некалькі разоў на тыдзень прывозяць нам абеды. Я аднойчы ўзяла ссабойку і прынесла яе дадому, бо нас пакармілі. Але такі стан на працы, што есці абсалютна не хочацца.

Ці былі думкі звольніцца?

Даследаванне на наяўнасць у пацыента каронавірусу.
Фота: Міністэрства аховы здароўя

Не, бо гэта ж несумленна. Калі медыкі будуць звальняцца, хто ж будзе працаваць? Калі я звольнюся, на маіх калегаў будзе большая нагрузка. Цяпер я хаджу содні праз трое. Калі спатрэбіцца, буду выходзіць і часцей. «За свой рахунак», дарэчы, кіраўніцтва не адпускае.

Ці атрымліваеце вы абяцаныя даплаты за працу ва ўмовах фактычнай эпідэміі?

Не, яшчэ не атрымалі нічога і людзі апасаюцца, што ад абяцанай сумы нешта зрэжуць. Напрыклад, са змены залічаць толькі 12 гадзінаў фактычнага знаходжання ў аддзяленні, а не ўсе 24 гадзіны дзяжурства.

Як паводзяць сябе пацыенты, як адгукаюцца?

Пацыенты вельмі незадаволеныя ўсёй гэтаю гісторыяй. Іх сабралі ў кучу, і яны не ведаюць, з кім яны ляжаць у палаце – а раптам з хворым на Ковід-19? Мужчына адзін апрануў сваё адзенне, паслаў медперсанал лесам, маўляў, ён у труне бачыў гэтую больніцу і пайшоў дадому. Калегі паведамілі пра яго ўцёкі ў міліцыю. Хворым няма дзе паліць, яны вельмі злуюцца і паляць у туалетах. Іншыя пацыенты на іх скардзяцца, а тыя зноў абураюцца, дзе ім паліць. Замкнёнае кола.

Як арганізавана харчаванне?

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Таксама галаву ламалі, як прымаць харчаванне для пацыентаў. Кабета, якая працуе на раздачы, не мае права выйсці з аддзялення ў касцюме па ежу. Дык зараз ежу ў мяхах пакідаюць ля дзвярэй.

Хворым вельмі багата перадаюць прадуктаў. Бо ляжыць чалавек у гэтым шпіталі, і ўсе сваякі яго лічаць героем, гэта раз, і адначасова чалавекам, якому наканавана памерці. Таму прадуктаў не шкадуюць. Зойдзеш у палату, хворыя сядзяць каўбасу топчуць і смяюцца.

Ганна Кавальчук Belsat.eu

Стужка навінаў