Дзень Перамогі ва Украіне: сутычкі і затрыманні, два паліцыянты пацярпелі


Сёння падчас мерапрыемстваў з нагоды Дня Перамогі ў шэрагу гарадоў Украіны адбыліся сутычкі паміж удзельнікамі.

9 траўня ў Кіеве, Адэсе, Дняпры, Запарожжы прайшлі масавыя мерапрыемствы, у тым ліку акцыя «Бяссмяротны полк» – шэсце з партрэтамі сваякоў, якія бралі ўдзел у Другой сусветнай вайне. Гэтая акцыя лічыцца інспіраванай пракрамлёўскімі  палітычнымі сіламі, арганізацыяй займаецца «Агульнарасейскі народны фронт». Напярэдадні актывісты раздавалі «георгіеўскія стужкі», якую ва Ўкраіне называюць сімвалам сепаратыстаў.

Тым часам украінскія нацыяналісты з ОУН і дэмабілізаваныя байцы АТА заклікалі перашкодзіць шэсцю, распачалася штурханіна. У Кіеве з вакна офіса ОУН дэманстрантаў закідалі рознымі прадметамі, у тым ліку, кінулі дымавую шашку ў праваахоўнікаў. Пасля гэтага паліцыя заблакавала будынак, у якім месціцца офіс ОУН.

Як распавёў «Белсату» журналіст тэлеканала«Новости Донбасса» Віталь Сізоў, які быў відавочцам сутычак, «яны былі даволі будзённыя, звычайныя для такіх акцый».

«Я сапраўды бачыў, як з вакна офіса ОУН кідалі дымавую шашку, але маштабных наступстваў гэта не мела. Ніхто з дэманстрантаў не пацярпеў», – кажа ён.

Паводле першага намесніка міністра ўнутраных спраў Украіны Сяргея Яравога, усяго па краіне былі затрыманыя 45 чалавек, большасць з іх – у Кіеве. Выданне «Левы бераг» піша пра двух пацярпелых супрацоўнікаў паліцыі: у Кіеве і Запарожжы, аднаму з іх пырснулі газам у твар.

Агулам жа ва Ўкраіне ў мерапрыемствах на Дзень Перамогі ўзялі ўдзел каля 50 тысяч чалавек.

 

КА, belsat.eu; фота – mvs.gov.ua

Стужка навінаў