Дзень перамогі ў Берасцейскай крэпасці: партрэты Сталіна, савецкая сімволіка і п’яны ўгар


На мітынг у Берасцейскай крэпасці людзей збіралі паводле старой савецкай традыцыі добраахвотна-прымусова. Што праўда, былі і тыя, хто наведаў Крэпасць на ўласнае жаданне.



Сёлета на святкаванне Дня Перамогі ў Берасцейскай крэпасці сабраліся больш за 30 тысяч чалавек. У параўнанні з мінулым годам паменела расейцаў. Не назіралася і саколак з Пуціным, менш і георгіеўскіх стужак. Нягледзячы на тое, што іх прадавалі амаль на кожным кроку.

Замест каларадскіх стужак улады выкарыстоўвалі стужкі дзяржаўнага сцяга з кветкаю яблыні. Гэтым разам вырашыў абысціся без «георгіеўскай» стужкі і дырэктар Мемарыяльнага комплексу Берасцейская крэпасць-герой Рыгор Бысюк, які яшчэ тыдзень таму сустракаў пуцінскіх начных ваўкоў з памаранчава-чорной стужкай.

Хапала ў Крэпасці і савецкай сімволікі – сцяг з партрэтам Леніна ў вайскоўцаў, партрэты Сталіна ў калоне і імправізаваным намётавым мястэчку, дзеці ў вайсковай форме. Дарэчы, форму савецкага войску любых памераў можна было арэндаваць за 100 тысяч рублёў на паўгадзіны.

Што цікава, сярод святкуючых быў чалавек, які не пабаяўся прычапіць нацыянальную бела-чырвона-белую стужку. Хлопец патлумачыў, што прызнае толькі нацыянальную сімволіку і ягоныя сябры таксама зацікавіліся гэтай стужкай, але надзець не адважыліся.

Пад Крэпасцю арганізавалі месца для грамадскага харчавання, дзе традыцыйна прадавалі шашлыкі ды алкаголь. Кіраўніцтва крамы «Прадтавары» абавязала сваіх працаўнікоў начапіць георгіеўскія стужкі. На гулянні запрасілі творчы калектыў, пад які танчылі ўсе ахвотныя.

АЛ, МХ, belsat.eu

Стужка навінаў