Дзень памяці Галакосту ў Горадні. Эмацыйны фотарэпартаж


Па тэрыторыі колішняга габрэйскага гета ў Горадні прайшла анімаваная экскурсія: з валізкамі, боханам чорнага хлеба і зоркамі Давіда.

Ініцыятарам экскурсіі выступіў Руслан Кулевіч – гарадзенскі журналіст і краязнаўца. Ён персанальна і вёў гарадзенцаў слядамі ахвяраў Галакосту.

На кожным пункце экскурсію сустракалі пераапранутыя валанцёры, нібы цені мінулага. Сімвалам эстафеты расповедаў, ад аднаго героя да іншага, перадаваўся бохан чорнага хлеба…

Перад экскурсантамі выступіў і жывы сведак тых падзеяў – 84-гадовы жыхар гораду Яўген Пікаловіч. Будучы беларусам, ён і яго сям’я не сутыкнуліся з рэпрэсіямі з боку немцаў, затое на свае вочы бачылі спачатку высяленне габрэяў у гета, а пасля – знікненне тысяч людзей з гораду.

Падчас расповеду Яўген Фёдаравіч не змог стрымаць слёз і параіў прысутным цаніць мір, які маем зараз.

Гета для габрэяў у Горадні было створана 1 лістапада 1941 года і падзялялася на 2 часткі. Першая – у самым цэнтры (у раёне вуліц Замкавая – Вялікая Траецкая – Віленская). Другая – на ўсходняй мяжы гораду (пр-т Касманаўтаў – Белуша – Антонава). Габрэі Горадні і ваколіцаў былі знішчаныя ў некалькі этапаў з 1941 па 1943 гады.

27 студзеня лічыцца традыцыйным днём памяці ахвяраў Галакосту. У гэты дзень у 1945 годзе савецкія войскі ўвайшлі ў сумнавядомы лагер Аўшвіц-Біркенаў.

АК, фота Васіль Малчанаў/Belsat.eu

Стужка навінаў