Дзень дадатковай палітычнай адукацыі. «Перемен – требуют наши сердца!»

Калі дзяржаве няма чаго рабіць, яна спрабуе ператварыць наша жыццё ў свята.

Адзін час я і сам шукаў на старонках фэйсбука якую-небудзь штодзённую – а потым (ужо на партале Тут.Бай) – штотыднёвую нагоду для свята. А цяпер вось вам! Каму – дзень чыгуначных войскаў, а каму – дзень дадатковай адукацыі. Яно правільна. Камусьці хочацца Канстытуцыі, а камусьці сяўружыны з хрэнам. Канстытуцыю, праўда, абяцаюць паднесці падчас наступнага прэзідэнцкага тэрміну, так што хрэн нам усім, грамадзяне, безальтэрнатыўна.

Фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu

Трыадзіны штаб прэтэндэнткі № 1, якому сказалі, што яны чужыя на гэтым свяце жыцця, скарыстаўся Днём дадатковай адукацыі, урачыстасці ў гонар якога праходзілі ў Кіеўскім скверы. Гэта таксама сімвалічна: улада ў нашай краіне ўпарта мае намер арганізаваць майдан. Але альтэрнатыўшчыцы настроеныя мірна і канструктыўна. «Вы хочаце песень? Іх ёсць у мяне!» Вы запрашаеце на афіцыйнае мерапрыемства, арганізаванае мэрыяй? Хлопцы, тады мы ідзем да вас!

Работнікі Палаца дзяцей і моладзі Улад Сакалоўскі і Кірыл Галанаў.
Фота: Аліса Ганчар/ Belsat.eu

Ціханоўскую не пусціла ахова. Калеснікаву не дапусцілі праваахоўнікі. Але народ сабраўся. Каля двух тысяч чалавек. Канцэрт улады арганізавалі жыдзенькі, таму моладзь з Палаца паставіла ў прызначаны час запіс Віктара Цоя. Абсалютна сімвалічны. «Перемен! – требуют наши сердца!» Гэта значыць, больш празрыстай была б толькі песня пра падзенне турэмных сцен Яцка Качмарскага ў перакладзе Андрэя Хадановіча.

Фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu

Хлопцам, хутчэй за ўсё, прапануюць звольніцца. Але за што? Калі «Песняроў», якіх, згодна з рэпартажам Тут.Бай, сабралася паслухаць менш за сотню людзей, а запісу Цоя пляскала ў далоні значна большая колькасць тых, хто сабраўся, то – што гэта значыць? Цой – жывы? І хлопцы, якія паставілі яго запіс, дакладна ведалі, чаго патрабуе публіка? «Пераменаў!» яна патрабуе. Можна з Ціханоўскай і Калеснікавай, можна нават без гэтых – але «Пераменаў!» Прычым, на думку журналістаў Тут.Бай, там было некалькі тысяч чалавек. Зразумела, што гэта не аўдыторыя для Саладухі, які звыкся выступаць перад мільёнамі (з’явіўся і гэтым разам, але не выступіў), але Ціханоўская ў скверы сабрала менчукоў больш, чым прыехала паслухаць сівога і хрыпатага Лукашэнку ў Палац Рэспублікі некалькі дзён таму. Самі прыйшлі, не аўтобусамі іх звозілі.

Акцыя ў Кіеўскім скверы. 6 жніўня 2020 г.
Фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu

І тут ужо не мае значэння, хто і чаму прапанаваў улады такім дурным чынам сарваць мітынг Ціханоўскай. Сарваць. Але народ сам сабе зладзіў свята. Дзень дадатковай палітычнага адукацыі. З лекцыяй у выкананні Віктара Цоя. І нават лозунг «Света!» ператварыўся ў своеасаблівы загад: змрок, развейся, хай будзе больш святла!

Дарэчы, аб святах. У 2011 годзе я па просьбе Уладзіміра Някляева паехаў у родны горад Горадню, каб уручыць прыз «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава майму былому выкладчыку Мікалаю Аляксандравічу Мельнікаву: Някляеў палічыў, што гэтая статуэтка, якой узнагародзіў яго Рух «За свабоду», мусіць быць перададзена стваральніку Музея Быкава. І гэта супала з так званымі «маўклівымі акцыямі»: людзі збіраліся і апладзіравалі, выказваючы тым самым сваю нязгоду з уладай.

Фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu

У Горадні, на Савецкай плошчы, мусіла адбыцца гэтая акцыя. Але гарадскія ўлады вырашылі ўсіх перахітрыць. На прыступках былога Палаца культуры тэкстыльшчыкаў ўсталявалі сцэну, перад ёй паставілі лаўкі. На сцэне граў невялікі сімфанічны аркестр. Перад сцэнай сядзеў адзіны слухач – супрацоўнік гарвыканкама Віктар Жалезняковіч, які быў на выбарах 1990 і 1995 гг маёй даверанай асобай (я тады балатаваўся ў Вярхоўны Савет). Пры выглядзе мяне Віктар Паўлавіч пачаў старанна вывучаць газету «Гарадзенская праўда», так што вачамі мы не сустрэліся. І калі аркестр скончыў граць, ён нават не стаў апладзіраваць.

Але апладысменты тады пачуліся – у іншым куце плошчы. Бурныя і працяглыя апладысменты. Музыкі зразумелі, што апладзіруюць не ім, і з засмучанымі тварамі сышлі са сцэны.

Hавiны
Адзін з гукарэжысёраў, што ўключыў «Перамен!» у Кіеўскім скверы, цяпер знаходзіцца ў ЦІП
2020.08.07 09:18

А калі міліцыя пад’ехала, хапаць было ўжо не было каго. За што? На свята – нельга пляскаць у далоні?

Дарэчы, што за свята тады адзначала ўрачыстым канцэртам Горадня? Ах, так. 22 чэрвеня. Зусім бестактоўны канцэрт атрымаўся.

6 жніўня 2020 года, праз дзевяць гадоў, менскія ўлады апынуліся крыху больш вынаходлівымі. Але, думаю, у іх таксама было зусім не святочны настрой. «Перемен!» – у Кіеўскім скверы?! Сімвалы, сябры мае, сімвалы! Гэта вам не Саладуху круціць! Ціханоўская – для ўладаў – чужая мілая, і з гэтым ніякая Ярмошына ўжо не дае рады.

Хлопцы, яшчэ раз пастаўце Цоя! Паслухаем разам! Атрымаем дадатковую палітычную адукацыю!

Аляксандр Фядута/МВ belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў