Дзедаўшчына ў беларускім войску: У Лунінцы асудзілі двух жаўнераў


У Лунінецкай вайсковай частцы №25886 за здзек над калегамі па службе асудзілі двух 21-гадовых жаўнераў. Адзін з іх атрымаў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на два гады, другі – на паўтара гады без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.

«Жадаючы самасцвердзіцца ў вайсковым калектыве і паказаць сваю ўяўную перавагу над вайскоўцамі малодшага перыяду службы, а таксама падпарадкаваць іх свайму ўплыву, двое шарагоўцаў, жыхары Гомельскай вобласці, у перыяд праходжання тэрміновай вайсковай службы ў Лунінцы падтрымлівалі ў вайсковым калектыве захаванне нестатутных традыцый», – цытуе дзяржаўнага абвінаваўцу, памочніка пракурора Лунінецкага раёну Ганну Пенер «Медыя-Палессе».

У вайсковай частцы памяшканні прыбіралі толькі салдаты малодшага перыяду службы, прычым працаваць яны павінны былі якасна і хутка. Калі салдаты не давалі рады, іх чакала пакаранне: адцісканне ад падлогі або ў ложку. Таксама маладыя вайскоўцы не мелі права засынаць пасля адбою раней за вызначаны час – калі жаўнера засынаў раней за «дзеда», яго ўздымалі і прымушалі адціскацца.

Суд Лунінецкага раёну прызнаў «дзядоў» вінаватымі ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч.1 ст.443 КК (насілле, здзек над асобай, на якую распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага). Жаўнеры віну прызналі толькі часткова, проціпраўнасць іх дзеянняў была пацверджаная сведкамі і падчас вочных ставак з пацярпелымі.

«Паводле сукупнасці злачынстваў, шляхам паглынання менш строгага пакарання больш суровым адзін з жаўнераў атрымаў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на два гады, другі – на паўтара гады без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Прысуд уступіў у законную сілу», – адзначыла Ганна Пенер.

Стужка навінаў