Дзе вучыцца: у Беларусі ці за мяжою? Параўноўваем кошты на адукацыю


Belsat.eu параўнаў, колькі каштуе навучанне ў БДУ і ў топавых еўрапейскіх універсітэтах.

Сёлета беларускія абітурыенты здалі цэнтралізаванае тэставанне лепей, чым у мінулым годзе. Паводле дадзеных Міністэрства адукацыі, прэтэндавалі на паступленне ў ВНУ 82 тысячы чалавек, з іх па 100 балаў на кожным тэсце набралі 392 асобы.

У Беларусі можна паступаць на бюджэт, і тады выдаткі пакрывае дзяржава, але галоўны крытэр – вынік ЦТ. Прахадны бал на бюджэтную форму навучання адрозніваецца ў залежнасці ад факультэту. Каб туды патрапіць, у сярэднім неабходна набраць не менш за 350 з 400 балаў. Пасля 4 курсаў выпускнік звычайна мусіць адпрацаваць 2 гады па размеркаванні.

Тым жа, хто горш здаў тэставанне, даводзіцца плаціць. У 2018 годзе галоўная ВНУ краіны – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт – падвысіў кошты.

У БДУ. Плюсы, мінусы

У ліпені Мінадукацыі зацвердзіла кошты навучання ў 2018-19 гадах у Беларускім дзяржаўным універсітэце, які лічыцца найлепшым ВНУ ў краіне. Найдаражэйшымі будуць спецыяльнасці «эканамічнае права» і «правазнаўства» на юрыдычным факультэце, таксама «міжнароднае права» на факультэце міжнародных адносінаў – 3 575 рублёў за першыя тры курсы на дзённым. Чацверты курс каштуе 2 675 і 2 639 рублёў адпаведна. Такім чынам, за 4 гады навучання давядзецца аддаць 13 400 або 13 364 рублёў (прыблізна $6 750).

Самы танны – факультэт філасофіі і сацыяльных навук па спецыяльнасці «сацыяльная праца»(2 354 рублёў за 1,2,3 курсы і 1915 за апошні, усяго 8 977 рублёў або $4520). Адметна, што аналагічную суму каштуе адукацыя беларусіста на філалагічным факультэце БДУ.

Каб атрымаць дыплом журналіста, прыйдзецца заплаціць 12 102 рублі за 4 гады. Праўда, вучыцца на завочным аддзяленні выйдзе танней – 5 848 за 5 гадоў.

Плюсы навучання ў БДУ:

+ найстарэйшы ў Беларусі ўніверсітэт;

+ шырокі выбар факультэтаў і спецыяльнасцяў (147 праграмаў);

+ магчымасць пастаяннага ўдзелу ў навуковых канферэнцыях і студэнцкіх абменах;

+ паводле рэйтынгу брытанскага агенства Quacquarelli Symonds, БДУ ўваходзіць у топ-1000 ВНУ свету.

Мінусы:

– адсутнасць самакіраваня – праблема, актуальная для ўсіх беларускіх ВНУ;

– маленькі памер стыпендыі бюджэтнікам – прыкладна ад 80 да 150 рублёў у залежнасці ад агульнага балу на сэсіі;

– у гэтым годзе павысіліся кошты на платнай форме навучання;

– дыплом бакалаўра патрабуе пацвярджэння пры працаўладкаванні за мяжу.

Варшаўскі ўніверсітэт, фота Agencja Gazeta

У Польшчы. Блізка і якасна

1-е месца ў рэйтынгу польскіх ВНУ традыцыйна займае Uniwersytet Warszawski. На большасці праграмаў бакалаўрыят тут доўжыцца 3 гады. Гуманітарныя навукі (Artes liberales) – культуразнаўства, філалогія і г.д для замежнага студэнта каштуюць прыкладна 2 тысячы еўра за год.

Значна даражэйшая адукацыя, напрыклад, біёлага ці хіміка – 4200 – 5200 еўра/год. Асвоіць спецыяльнасць «журналістыка і медыя-даследванні» у галоўным ВНУ Польшчы можна за 3000 еўра/год.

Па водгуках студэнтаў, навучанне ў Варшаўскім універсітэце адзначаецца высокай якасцю лекцыяў, індывідуальным падыходам да студэнтаў. А ўлічваючы тое, што да Беларусі ехаць некалькі гадзінаў – гэта яшчэ і вельмі зручна для тых, хто хоча вучыцца за мяжою, але часта бываць дома.

У Вялікай Брытаніі. Прэстыжна

Універсітэт Oxford University, паводле версіі выдання The Times Higher Education, знаходзіцца на першым месцы не толькі ў Брытаніі, але і ў свеце. У нацыянальным рэйтынгу ён таксама спаборнічае з Cambridge University.

Студэнты, якія правучыліся 3 апошнія гады ў школе або ў каледжы Вялікабрытаніі ці ў адной з краін ЕЗ, плацяць за навучанне ў Оксфардскім універсітэце па «хатнім» тарыфе – столькі ж, колькі грамадзяне – каля £ 9000 ($11 800) у год.

Для замежных студэнтаў універсітэту гадавы кошт навучання залежыць ад абранай праграмы і факультэта і складае ад £ 15295 да £ 22515 у год. ($20 000 – 29 500)

Кембрыджскі ўніверсітэт, фота crimsoneducation.org

Кембрыдж усталёўвае кошты таксама ў залежнасці ад факультэта. Як правіла, таннейшымі выходзяць гуманітарныя факультэты з магчымасцю вывучаць літаратуру, гісторыю, геаграфію і г.д. Сярэдні кошт навучання ў дадзеным выпадку за год будзе даходзіць да 10 000 £ (прыкладна $13 100). Сярэдні дыяпазон цэн на тэхнічныя і інжынерныя спецыяльнасці, а таксама на прыродазнаўчыя навуковыя праграмы – ад 12 000 £ да £ 17000 ($15 700 -.22 300).

Найбольш дарагімі, аднак, і самымі прэстыжнымі, лічацца медычныя спецыяльнасці, а таксама бізнес-факультэты. Аплату можна здзяйсняць штомесяц, па семестрах, але можна аплаціць і ўвесь адукацыйны курс за адзін раз.

У Нямеччыне. Новыя тэхналогіі – бясплатна

Паводле аўтарытэтнага часопіса «Wirtschafts Woche» у рэйтынгу лепшых універсітэтаў Нямеччыны, абсалютны топ – гэта RWTH Aachen (Rheinisch-Westfälische Technische Hochschule Aachen) / Рэйнска-Вестфальскі тэхнічны ўніверсітэт Аахена.

Аахенскі ўніверсітэт, фота rwth-aachen.de

У сферы перадавых тэхналогіяў і навукова-тэхнічнай адукацыі Аахен знаходзіцца па-за канкурэнцыяй. Праект «RWTH 2020», які ажыццяўляецца пры падтрымцы Федэральнага ўрада Нямеччыны, ставіць перад універсітэтам мэту да канца гэтага дзесяцігоддзя стаць лепшым ВНУ ў галіне комплекснага прымянення розных навуковых дысцыплін пры распрацоўцы новых тэхналогіяў.

Вось гэтак выглядае кампус у Аахене:

«WirtschaftsWoche» прысуджае Аахену першае месца па выкладанні такіх спецыяльнасцяў, як электратэхніка, машынабудаванне, прамысловае будаўніцтва, і прыродазнаўчыя дысцыпліны.

Цікавы факт: плата за навучанне ў Аахенскім універсітэце адсутнічае. Ёсць толькі сімвалічны семестравы ўнёсак – 275 еўра, які прызначаецца для пакрыцця выдаткаў на харчаванне, бытавое абслугоўванне студэнтаў і карыстанне прафсаюзнымі ільготамі. Для паступлення неабходна мець школьны атэстат, аналагічны нямецкаму і добрае веданне нямецкай мовы. На некаторых спецыяльнасцях таксама ёсць уступныя іспыты. Не дзіўна, што 19% ад усіх навучэнцаў Аахена складаюць замежнікі.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў