Дзе вада жывая, а дзе – мёртвая? Гарадзенцы ўсё часцей набываюць ваду з аўтаматаў


Якую ваду п’юць і якою карыстаюцца ў побыце жыхары Горадні? Ці маюць яны выбар і што абіраюць: больш здаровы варыянт ці больш экалагічны? Спраўдзім!

Аўтаматы з чыстай вадой у мікрараёне Альшанка. Фота – Васіль Малчанаў / «Белсат»

Яшчэ з савецкага часу ў нашых землякоў працаваў прынцып: ваду з крану лепш карыстаць для тэхнічных патрэбаў, а вось каб наўпрост выпіць шклянку – трэба як мінімум закіпяціць. Часам, ваду адмыслова пералівалі ў слоікі ды «адстойвалі». Але зараз выбар нашмат шырэйшы ды складанейшы.

Аўтаматы з чыстай вадой у мікрараёне Альшанка. Фота – Васіль Малчанаў / «Белсат»

У аўтамаце – у два разы танней, чым у краме

Сёння ў Горадні працуе пяць апаратаў, збольшага размешчаных у спальных раёнах, дзе можна прыйсці са сваёй тарай і наўпрост набраць вады. Тая вада мае восем ступеняў ачысткі, узбагачаная азотам. Кошт: 15 капеек за літр. Прынцып працы просты: кідаеш манету ды падстаўляеш бутэльку.

Аўтаматы з чыстай вадой у мікрараёне Альшанка. Фота – Васіль Малчанаў / «Белсат»

У аддаленым ад цэнтру мікрараёне Альшанка мы сустрэлі спадара Станіслава, мужчыну каляпенсійнага веку, які акурат гэтай вадой рэгулярна карыстаецца. Са словаў мужчыны, так выгодней, бо і кошт таннейшы, чым у краме, і ў крыніцу ехаць не трэба: набраў і занёс дадому. Наш суразмоўца ўдакладніў, што нядаўна акурат набраў пяцілітровік (коштам 75 капеек), таму яшчэ дзень – два па ваду не пойдзе.

Аўтаматы з чыстай вадой у мікрараёне Альшанка. Фота – Васіль Малчанаў / «Белсат»

«Свой бізнес у Горадні мы пачалі ад лістапада 2018-га, – распавядае Аксана, прадстаўнік фірмы «Жывая Вада». – Падумалі, чаму б не скласці канкурэнцыю вытворцам і прадаўцам бутляванай вады? Нашы кошты ў два разы таннейшыя: у нас 15 капеек за літр, у краме – 30 капеек. Гэта якасная пітная вада, якая адпавядае ўсім санітарным нормам. Хай нашыя спажыўцы самі лічаць выгаду і робяць выбар – дзе і што купляць».

Аўтаматы з чыстай вадой у мікрараёне Альшанка. Фота – Васіль Малчанаў / «Белсат»

Па словах Аксаны, для яе гэта наўпрост бізнес, а не экалагічны праект. Разам з тым, ініцыятыву пахвалілі эколагі: набываючы ваду ў краме, мы таксама плацім і за пластыкавую бутэльку, а да аўтамату можна безліч разоў схадзіць з той самай тарай. Дык навошта прадукаваць лішні пластык ды выкідаць лішнія грошы?

Аўтаматы з чыстай вадой у мікрараёне Альшанка. Фота – Васіль Малчанаў / «Белсат»

Баяцца крынічнай вады не варта, але зубы могуць пацярпець…

Непадалёк ад таго ж мікрараёну Альшанка ёсць аднайменная вёска, а за ёй – вёска Каменка. У апошняй дзейнічае вядомая крыніца з абсталяваным спускам. Туды па ваду прыязджаюць не толькі вяскоўцы, але і ўласнікі кватэраў ды прыватных дамоў у ваколіцах. У 2016-м, калі ў вёсцы Альшанка падача вады па тэхнічных прычынах прычынах спынілася прыкладна на 40 дзён, крыніца стала для вяскоўцаў адзіным выратаваннем.

 

Крыніца ля вёскі Каменка пад Горадняй. Фота – Васіль Малчанаў / «Белсат»

Падобных крыніцаў вакол Горадні багата і яны карыстаюцца папулярнасцю. Але ці ёсць вада з крыніцы бяспечнай? Пра гэта мы спыталіся ў інжынера-эколага, які займаўся пытаннем якасці вады ў Менску, Юрася Меляшкевіча:

«Усе крыніцы, дзе вы бачыце дагледжаны і ўпарадкаваны падыход да вады, маюць быць правераныя паводле санітарных нормаў, – тлумачыць Юрась. – Некаторыя крыніцы, калі вада там не адпавядае нормам, зачыняюць. Баяцца тут няма чаго. З аднаго боку, крынічная вада мае прыродны баланс мінеральных рэчываў. З іншага, тая ж вада ў нас мае звышканцэнтрацыю жалеза. Што гэта значыць? Могуць быць праблемы з эмаллю зубоў. Таму, захапляцца такой вадой таксама не варта».

Крыніца ля вёскі Каменка пад Горадняй. Фота – Васіль Малчанаў / «Белсат»

Кожнай вадзе – свая ніша

Паводле Меляшкевіча, заўжды лепш планаваць, якую ваду і ў якой сітуацыі набіраць, для чаго выкарыстоўваць. Вада з аўтаматаў у спальных раёнах (у Менску такая практыка таксама ёсць) будзе аптымальнай для кулінарыі ды піцця. Вада з крану найлепш падыдзе як тэхнічная. Крынічную ж ваду можна піць (для кагосьці яна будзе нават лекавай), але ў разумных межах, а таксама, калі спажывец не мае праблемаў з ныркамі.

Аўтаматы з чыстай вадой у мікрараёне Альшанка. Фота – Васіль Малчанаў / «Белсат»

Зрэшты, паводле афіцыйных санітарных нормаў вада ў нашых кранах зусім не зʼяўляецца тэхнічнай: яна прыдатная для піцця. Прынамсі, пра выпадкі атручвання ёй нічога не вядома. Але якую ваду піць кожнаму з нас – рашэнне цалкам добраахвотнае.

АК, фота Васіль Малчанаў belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары