Дзе ў Беларусі робяць тэсты на COVID-19? А можна за грошы?


Тэставанне на COVID-19 у Беларусі цалкам бясплатнае і ў тэорыі даступнае для ўсіх, у каго ёсць медычныя паказанні. Але далёка не кожны беларус з насмаркам і тэмператураю можа разлічваць на дыягностыку.

Дзе можна здаць тэст на COVID-19?

Тэсты на каронавірус у Беларусі робяць толькі дзяржаўныя ўстановы аховы здароўя. Камерцыйныя медычныя цэнтры не маюць такіх паўнамоцтваў.

Поўны спіс пунктаў здачы «клінічнага матэрыялу для лабараторнага даследавання на COVID-19» Мінздароўя апублікавала яшчэ 4 сакавіка (cпампаваць спіс у фармаце PDF). З таго часу ведамства не паведамляла пра абнаўленне гэтага спісу.

Калі вы не знайшлі свой рэгіён у спісе, то варта на ўсялякі выпадак патэлефанаваць на нумар адмысловай «гарачай лініі».

Для Менску і вобласцяў працуюць асобныя лініі. Крыніца: minzdrav.gov.by

«Самастойна здаць тэст у вас не атрымаецца. Нідзе. Калі ў вас сімптомы захворвання, то звяртайцеся ў хуткую або паліклініку. Пасля гэтага хуткая ці ўчастковы тэрапеўт, груба кажучы, прымае рашэнне аб мэтазгоднасці тэставання на COVID-19. Вас павінны абследаваць на каронавірус, калі вы кантакт першага ўзроўню – то бок вы доўга былі ў кантакце з асобаю, у якой выявілі гэтую інфекцыю», – паведамілі Belsat.eu на «гарачай лініі» Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

Мінздароўя Беларусі сцвярджае, што тэставанне па жаданню не мае сэнсу, бо вынікі тэставання трэба чакаць 3-4 дні. За гэты час можна заразіцца каронавірусам і вынік тэсту будзе адлюстроўваць ваш стан здароўя ў мінулым, а не актуальны. Але гэта не надта супакойвае тых, у каго пнеўманія.

«Толькі што палажыў жонку ў тубдыспансер – двухбаковае запаленне лёгкіх. Яна не здавала тэст на каронавірус, але цяпер пнеўманія – гэта каронавірус. Я паспрабаваў здаць тэст, а мне сказалі, што мазок браць не будуць, бо я не хворы і не кантакт першага ўзроўню», – распавёў 15 красавіка Belsat.eu жыхар Віцебску.

Віцяблянін, якому адмовілі ў тэставанні на COVID-19, нягледзячы на двухбаковае запаленне лёгкіх у ягонай жонкі

Каго беларускі ўрад лічыць кантактам першага ўзроўню

Да кантактаў першага ўзроўню адносяцца тыя, у каго быў цесны кантакт з хворым на COVID-19. Гэта людзі, якія жывуць разам у адной кватэры, доме, пакоі інтэрнату, санаторна-курортнай і аздараўленчай арганізацыі, установе закрытага тыпу, нумары гасцініцы, а таксама вучні аднаго класа або групы, настаўнікі ва ўстановах адукацыі, супрацоўнікі, якія працуюць у адным памяшканні, пацыенты, якія знаходзяцца ў адной палаце ў арганізацыі аховы здароўя ды медработнікі, якія аказвалі дапамогу пацыенту без камплекту біялагічнай абароны. Да кантактаў першага ўзроўню таксама адносяцца пасажыры, якія знаходзіліся з пацыентам у адным купэ і адным адкрытым пасажырскім адсеку (плацкартны вагон) або якія займалі ў самалёце або іншым транспарце месца ў межах двух шэрагаў крэслаў ад месца, дзе сядзеў хворы на COVID-19.

Hавiны
Тэст – шпіталь – каранцін – тэст – каранцін… Да пераможнага выніку!
2020.03.27 19:10

Кантактам другога ўзроўню лічацца асобы, якія мелі магчымы кантакт з хворым на COVID-19 і медыкі, якія аказвалі меддапамогу пацыенту з выкарыстаннем камплекту біялагічнай абароны.

Колькі тэстаў робяць у Беларусі?

Нядаўна Мінздароўя паведаміла, што набыло 50 000 тэстаў. Паводле беларускага МЗС, гэтыя тэсты не расейскай вытворчасці. Аднак на «гарачай лініі» Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Belsat.eu паведамілі, што пакуль у пунктах тэставання выкарыстоўваюць расейскія тэсты.

Тэст на каронавірус – мазок з абедзвюх ноздраў. Вынікі тэставання трэба чакаць 3-4 дні.
Фота: KHALIL ASHAWI / Reuters / Forum

У Беларусі ад моманту выяўлення першага выпадку каронавіруснай інфекцыі было зроблена 76 тыс. тэстаў (8 тэстаў на тысячу чалавек). Гэта менш чым у суседніх краінах, але амаль як у ЗША (гл. графіку ніжэй). Але варта ўлічваць, што 1 асобе ў нас робяць 3 тэсты і пацверджаны дыягназ COVID-19 ставяць толькі ў тым выпадку, калі пазітыўны вынік даюць усе 3 тэсты ў 1 чалавека. У ЗША іншая методыка тэставання і падліку выпадкаў інфікавання каронавірусам.

Каму абавязкова трэба здаць аналіз?

Калі цягам апошніх дзён/тыдняў вы нейкім цудам наведалі краіну, дзе бушуе каронавірус, і знянацку ў вас з’явіліся прыкметы прастуды – вам абавязкова трэба звярнуцца да лекара. Ён можа выдаць вам накіраванне на тэст. Калі вы кантакт першага ўзроўню (чытайце вышэй, хто гэта) і вам яшчэ ніхто не патэлефанаваў, то дзейнічайце па той жа схеме – лекар/хуткая.

Па стане на 15 красавіка колькасць выпадкаў інфікавання каронавірусам у Беларусі вырасла да 3728. Плюс 447 выпадкаў за апошнія содні.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў