Дзе ў Беларусі можна пакатацца на колах агляду?


Цяпер у нашай краіне ёсць тры гарады, дзе можна падняцца на чортавым коле. Аднак неўзабаве іх колькасць можа павялічыцца. Колькі каштуе зірнуць на горад з вышыні птушынага палёту, і якія краявіды можна пабачыць – у нашым матэрыяле.

Менск: парк імя М. Горкага

«Чортава кола» у Менску – самае высокае кола агляду ў краіне, якое ўсталявалі 16 гадоў таму. Яго вышыня дасягае 54-х метраў. Атракцыён разлічаны на 144 асобы.

Кола агляду ў Менску.
Фота: REUTERS/Vasily Fedosenko/FORUM

З 36 кабінак, чатыры – адкрытыя, у якіх можна катацца з 14 гадоў, а ў закрытых можна пракаціцца без суправаджэння дарослых з 12-ці год. Квіток каштуе 3,5 рублі ў закрытай кабінцы і 4 рублі – у адкрытай. Дзецям да 3-х гадоў уваход бясплатны.

Берасце: парк культуры і адпачынку

У Берасці знаходзіцца другое па велічыні ў Беларусі кола агляду. Запусцілі яго 2 гады таму на месцы старога кола, якое выйшла з эксплуатацыі. Вышыня новага кола – 40 метраў.

Кола агляду ў Берасці.
Фота: brestcity.com

Кола налічвае 20 адкрытых і закрытых кабінак, у якіх ёсць ацяпленне і святло. З вышыні берасцейскага кола агляду можна ўбачыць горад і Берасцейскую крэпасць. Адначасова тут могуць катацца 95 чалавек. Кошт адной паездкі, якая доўжыцца прыкладна 7 хвілін, – 3,5 рублі.

Кола агляду ў Берасці.
Фота: brestcity.com

Гомель: парк атракцыёнаў

У Гомлі кола агляду ўсталявалі яшчэ ў 2014 годзе. Каштаваў атракцыён прыкладна 900 000 долараў. Раней стаяла кола вышынёй 25 метраў, аднак у 2007 годзе яго дэмантавалі. Сёння гомельскае кола агляду ўзвышаецца на 30 метраў і мае 16 кабін з двухбаковай ілюмінацыяй.

Кола агляду ў Гомлі.
Фота: gomelpark.by

Маюцца кабіны з безбар’ерным асяроддзем. Від з вышыні выходзіць на гістарычную частку гораду. Кошт адной паездкі – 3,5 рублі. Дзеці ростам да 75 см могуць катацца бясплатна – але толькі ў суправаджэнні дарослых.

Горадня: парк Жылібера

У парку Жылібера ў Горадні ўжо пачалі ўсталёўваць новае кола агляду, якое будзе дасягаць 42 метраў. Кола будзе мець 24 кабінкі на 4 асобы кожная. Што цікава, асобна будзе дзейнічаць кабінка для маладых сужэнцаў. З’явяцца кабінкі для іншаземцаў з гідам на некалькіх замежных мовах. А з дапамогай вечаровай ілюмінацыі можна будзе павіншаваць з днём народзінаў, прызнацца ў каханні і г.д.

У Горадні хутка запрацуе кола агляду.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Гарадзенскі краязнаўца Ігар Лапеха лічыць, што месца для кола агляду ў Горадні выбралі не самае лепшае:

«Я лічу, што кола агляду ў гэтым месцы не атрымаецца. Там нізкае месца. Увогуле парк Жылібера павінен мець зусім іншае прызначэнне. Гэты парк павінен належаць універсітэту, там павінен быць батанічны сад з аранжарэямі і помнікамі выбітным асобам Горадні. Усе атракцыёны трэба перанесці».

У Горадні хутка запрацуе кола агляду.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Дарэчы, старое кола агляду ў Горадні мясцілася таксама ў Каложскім парку. Яго ўсталявалі ў 70-х гадах мінулага стагоддзя на месцы сучаснай аўтамабільнай стаянкі каля Каложы. Кола мела вышыню каля 30 метраў. З часам атракцыён выйшаў з эксплуатацыі і яго дэмантавалі – больш за 30 гадоў таму.

У Горадні хутка запрацуе кола агляду.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Дзе яшчэ ў Беларусі могуць зʼявіцца колы агляду?

Акрамя Горадні на свае «чортавы колы» чакаюць Віцебск, Магілёў і мікрараён Каменная горка ў Менску, дзе абяцалі паставіць атракцыён у парку імя Уга Чавэса. Пра менскае кола чыноўнікі казалі яшчэ ў мінулым годзе – але пакуль кола агляду там няма.

Дарэчы, самае высокае кола агляду ў свеце знаходзіцца ў Лас-Вегасе – яго вышыня сягае 167 метраў

ПВ belsat.eu

Стужка навінаў