Дзе ў Беларусі амерыканцы ўладкавалі могілкі?


У мястэчку Лунна паўсюль рассыпаныя сляды зніклай цывілізацыі, прысутнасць якой адчуваецца ва ўсім: ад вулічнай сеткі да старых могілак. Але, падаецца, Беларусь забылася на гэтую цывілізацыю. Як трэба шанаваць сваю гісторыю, беларусам паказалі амерыканскія студэнты-валанцёры, якія прыехалі ажно з-за акіяну, каб упарадкаваць старыя могілкі.

Важную ролю ў гісторыі Лунна адыграла габрэйская грамада. Адсюль паходзілі і буйныя прадпрымальнікі, і мастакі, і грамадскія дзеячы. Але сёння – гэта толькі частка гісторыі, дух якой у Лунне адчувальны дагэтуль: у старых камяніцах з зоркамі Давіда на фасадзе, у шляхецкім палацы, у дагледжанай магіле паўстанца 1863 года, на габрэйскіх могілках.

“На вуліцы Камсамольскай захаваўся дом, які ўвогуле адлюстроўвае ўсю гісторыю мястэчка, – кажа кандыдат гістарычных навук Іна Соркіна. – Там калісьці была гміна (у міжваенны час), у час акупацыі (нямецка-савецкай вайны) там была ваенная нямецкая камендатура, пасля вайны ў гэтым будыначку зрабілі школу, а цяпер там – кватэра для настаўнікаў. І такім чынам праз лёс будынку можна прасачыць лёс усяго мястэчка”.

І хоць габрэі зрабілі вялікі ўнёсак у станаўленне Беларусі, іхныя могілкі былі занядбаныя. Да сённяшняга дня ацалела толькі каля 500 надмагілляў, галоўным чынам ХІХ ст. Магчыма, зніклі б і яны, каб не студэнты-валанцёры з ЗША, якія ў 2005 годзе пра іх паклапаціліся: прыбралі тэрыторыю, зрабілі агароджу, паднялі паваленыя магільныя пліты.

“Уладкаваныя амерыканскімі студэнтамі могілкі – гэта адначасова для нас і прыклад, і наш сорам. Прыклад – цывілізаванасці, а сорам – за нашае дзікунства, – тлумачыць доктар гістарычных навук Аляксандр Краўцэвіч. – Колькі такіх могілак па ўсёй краіне каля гарадоў і мястэчак, закінутых або і знішчаных! А гэта ўсё неад’емная частка нашай гісторыі”.

Вядоўца праграмы Аляксандр Краўцэвіч разам з Інай Соркінай на месцы высветляць, што незвычайнага ў мястэчку Лунна, як яно звязанае з каралевай Бонай, чаму там было ажно два палацы, што лучыць мястэчка з Элізай Ажэшкай, і адкуль там магіла паўстанца, сасланага на катаргу ажно ў Сібір.

Глядзець іншыя выданні парграмы «Загадкі беларускай гісторыі».

Стужка навінаў