Дзе сустрэлі новы навучальны год Лукашэнка, Пуцін і Зяленскі


Belsat.eu распавядае, хто і як з кіраўнікоў трох дзяржаў адзначыў пачатак новага навучальнага году.

Лукашэнка: перапоўненая школа і парады «не займацца незразумела чым»

Дзень ведаў у Беларусі адзначаюць 1 верасня, але заняткі ў большасці школаў пачынаюцца на наступны дзень. Сёння раніцай па ўсёй краіне прайшлі ўрачыстыя лінейкі – на адной з іх пабываў Аляксандр Лукашэнка.

Фота http://president.gov.by

А 10-й ранку ён разам з чыноўнікамі – кіраўніцай Адміністрацыі Наталляй Качанавай, міністрам адукацыі Ігарам Карпенкам ды іншымі – выступіў з прамовай на адкрыцці школы №93, якая з’явілася сёння ў менскім мікрараёне Уручча. Праўда, новая навучальная ўстанова перапоўненая – першапачаткова планавалася правесці дзве лінейкі, каб Лукашэнка не бачыў такой колькасці вучняў. У выніку другую лінейку ўсё ж адмянілі, сабраўшы ўсіх перад кіраўніком дзяржавы.

У сваёй прамове той сказаў, што «школа – гэта храм» і параіў «прыходзіць туды з чыстымі думкамі – вучыцца, а не пакурваць у прыбіральні і займацца незразумела чым».

Там жа ён правёў першы занятак у старэйшых класах. Як перадае БелТА, тэма занятку гучала наступным чынам: «Занiмай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад мiж народамi!». Ён пагаварыў з маладзёнамі пра спорт, вучобу, іхную будучую працу і нават абмеркаваў стыль вопраткі. «Без выпендрожу», – такую параду, як варта апранацца, даў Лукашэнка.

Фота http://president.gov.by

Дарэчы, ягоны малодшы сын Мікалай – ужо старшакласнік. 31 жніўня яму споўнілася 15 гадоў. Ён наведвае школу ў Астрашыцкім гарадку, непадалёк ад рэзідэнцыі.

Пуцін: паводка ў Іркуцкай вобласці і «пытанні бяспекі»

А ў Расеі, у шэрагу маскоўскіх школ, адмянілі лінейкі ў сувязі з «пытаннямі бяспекі», падае Бі-бі-сі. Замест урачыстасцяў, улады рэкамендавалі адразу пачынаць заняткі. Але з чым канкрэтна звязаная рэкамендацыя – невядома.

Фота РИА Новости

У сваю чаргу кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін 2 верасня накіраваўся ў Іркуцкую вобласць, якая цяпер пакутуе ад паводкі. Пасля таго, як Пуцін азнаёміўся з ходам працы па аднаўленні інфраструктуры, ён паехаў у невялікі горад Тулун, на лінейку ў школе, якую ўжо паспелі адрамантаваць пасля стыхіі, піша rg.ru

Фота babr24.com

Ён паабяцаў дапамагчы жыхарам Тулуну, якія згубілі жыллё ў выніку паводку.

Роўна 15 гадоў таму ў гэтыя дні адбываўся захоп тэрарыстамі школы ў Беслане. У выніку штурму памяшкання ўрадавымі войскамі загінулі 334 закладнікі, з іх 186 – дзеці. У 15-ю гадавіну трагедыі (як і ў папярэднія гады, акрамя 2004) Пуцін не накіроўваў ніякіх спачуванняў блізкім загінулых.

Зяленскі: візіт у Варшаву і паседжанне з чыноўнікамі

Ва Украіне школы самі маюць права выбіраць, у які дзень праводзіць лінейкі. Большасць з іх адбылася напярэдадні, у Дзень ведаў.

Сярод новаўвядзенняў прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага сёлета – адмена абавязковай школьнай формы. Адпаведны ўказ ён падпісаў яшчэ ў чэрвені. Цяпер адміністрацыя навучальных установаў не можа навязваць дзецям і бацькам правілы датычна вопраткі.

Уладзімір Зяленскі і Анджэй Дуда 1 верасня падчас візіту Зяленскага ў Варшаву. Фота – president.gov.ua

Пра ўдзел у школьных урачыстасцях самога Зяленскага ягоны офіс нічога не паведамляе. Замест таго 1 верасня ўкраінскі прэзідэнт быў у Варшаве, на мемарыяльных імпрэзах, прысвечаных гадавіне пачатку Другой сусветнай вайны.

Па вяртанні ён мае правесці першае паседжанне з абноўленым складам Кабінету міністраў, Вярхоўнай радай і прадстаўнікамі сілавых структураў.

КА belsat.eu

Стужка навінаў