Дзе шукаюць фінансаванне культурніцкія праекты ў Беларусі?


Фота Viktor Drachev/TASS

Фізічная культура, спорт, культура (звычайная) і медыі – пад усе гэтыя пазіцыі дзяржбюджэт налета прадугледжвае крыху больш за 631 млн рублёў. Амаль палову з гэтых сродкаў забірае спорт, а на культурніцкія праекты выдаткоўваецца паводле прынцыпу «колькі засталося». Разумеючы, што культура ў нашай краіне фінансуецца ў апошнюю чаргу, арт-менеджары больш не чакаюць падтрымання ад уладаў і шукаюць розныя спосабы альтэрнатыўнага фінансавання.

Інтэрв’ю-блог «CULT16» пра людзей, якія робяць сучасную культуру і актуальнае мастацтва ў Беларусі. Праект бярэ ўдзел у конкурсе грантаў «Актывія». Мэта блогу падтрымліваць незалежных аўтараў, якія фармуюць сучасную культурніцкую карту. Аўтарка блогу, куратарка, мастацтвазнаўца Ілона Дзяргач падзялілася з «Белсатам» сваёй матывацыяй.

«Ідэя блогу паўстала ў 2016 годзе, з разуменнем, што асоба мастака або куратара – гэта той самы патэнцыял, які часта не бачны ў галерэях, але ў якім мае патрэбу і глядач, і культура. Толькі харызматычная асоба можа спакусіць увогуле чымсьці зацікавіцца. У Беларусі даўно час стварыць пляцоўку, прысвечаную людзям мастацтва. Б’юці-блогераў, трэвэл-блогаў і так дастаткова. Што датычыць культуры, адукацыі, то ў межах пакалення можа быць згублены патэнцыял для наступнага якаснага развіцця. А яшчэ праз 15–20 гадоў будзем глядзець на беларускіх мастакоў у музеях або галерэях іншай краіны і, па сутнасці, укладаць у замежную эканоміку і культуру».

Ілона Дзяргач

Цяпер на «CULT16» восем інтэрвʼю, у працэсе выхаду яшчэ пяць размоваў. У блогу няма сталага падтрымання. Напрыклад, інтэрвʼю з мастаком і пісьменнікам Аляксеем Талстовым апублікавалі дзякуючы журналістцы Лідзе Наліўцы. Таксама праекту дапамагае рэдактарка парталу «smorgon.org» Святлана Станкевіч. Пры выбары герояў аўтары і аўтаркі «CULT16» кіруюцца прафесійнаю інтуіцыяй і кажуць, што папросту маюць уласны спіс тых, з кім важна пагаварыць пра мастацтва.

Мастакі Андрэй Дурэйка і Максім Тымінько – адныя з апошніх суразмоўцаў «CULT16»

Удзел у конкурсе «Актывія» не гарантуе, што блог атрымае фінансаванне, пакуль «CULT16» нават не ў фінале ды змагаемся за месца трапіць у паўфінал. Падтрымаць блог можна на «Талацэ», паставіўшы «сэрца».

«Магу сказаць дакладна, што ніякіх ацэначных меркаванняў праект даваць не плануе і разглядаецца выключна як платформа абмену ідэямі і вопытам у галіне сучаснага мастацтва», – кажа Ілона Дзяргач.

Галоўная рэдактарка «The Village Беларусь», ментарка конкурсу «Актывія» ў кірунку медыяў Яўгенія Сугак тлумачыць, чаму беларускім культурніцкім медыяпраектам там складана знайсці сваё месца пад сонцам.

«У Францыі з кожнага праса распавядаюць пра літаратуру, а перадачы ці падкасты пра філасофію маюць паўтара мільёна сцягванняў на месяц. То бок замежным культпраектам не трэба ладзіць танцы з бубнамі, каб прыцягнуць увагу людзей да тэксту пра тэатр. У нас жа ў свой час закрылася праграма пра джаз на «Tut.by» – нават на самым наведвальным рэсурсе краіны гэтую праграму глядзелі 600 чалавек».

Культура ў Беларусі цікавіць меншую частку аўдыторыі, кажа Яўгенія Сугак, але гэта не азначае, што медыі маюць прыстасоўвацца пад густы большасці. Калі ты робіш круты кантэнт, вядома хацелася б, каб яго пачыталі ды ўбачылі 10 тыс. чалавек, а не 100. На жаль, у Беларусі, хутчэй за ўсё будзе менавіта 100, але гэта не азначае, што не трэба нічога рабіць. Папросту падыходзіць трэба грунтоўна, бо было ўжо вельмі шмат няўдалых спробаў. Пакуль для культурніцкіх праектаў у Беларусі – найлепшы шлях – пошук грантаў або мецэната, падсумоўвае суразмоўца «Белсату».

Парыжская кнігарня Abbey. Фота REUTERS/Charles Platiau

Не так даўно спыніў працу онлайн-часопіс «Культпрасвет», арганізатары не дзеляцца падрабязнасцямі, чаму былі вымушаныя адмовіцца ад праекту. Як доўга пратрымаецца «CULT16»? Пакуль адзіным сярод культурніцкіх медыяў, якое дацягнула да паўналецця, застаецца «pARTisan» Артура Клінава.

ЛП, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары