Дзе памыцца, калі ў вас адключылі ваду? Belsat.eu высвятляў, як два тыдні пратрымацца без душу


Разам з пацяпленнем да жыхароў беларускай сталіцы прыходзіць і сезон адключэння гарачай вады.

Вось тут вы можаце знайсці свой дом і пачаць думаць, што з гэтым рабіць.

Гэты артыкул зацікавіць кожнага менчука, які праходзіць праз адчай адсутнасці цеплазабеспячэння і які:

– не прылічвае сябе да неанеардэльтальца;

– не адэпт тэорыі «мыцца кожны дзень – шкодна для здароўя»;

– не марыць пра дасягненні Ледзянога чалавека.

Каб не застацца апошнім брудным сярод суседзяў, belsat.eu сабраў дасяжныя варыянты асвяжыцца цягам двух тыдняў рамонтных працаў цепласетак.

Бані, саўны, басейны

У Менску вялікая колькасць баняў і саўнаў на розны густ. Для адных гэта прывітанне з СССР і маральная траўма на ўсё жыццё, для іншых добрая магчымасць захоўваць гігіену цела.

Баня на Аўтазаводскай

Сеанс (дзве гадзіны) тут каштуе 7 рублёў. У выходныя – 8 рублёў. Жаночы дзень – толькі нядзеля з 15:00 да 18:00. Паводле працаўніка ўстановы, дзяўчаты вельмі мала і рэдка сюды заглядаюць, баня ў мясцовых жыхарак не карыстаецца папулярнасцю.

Сярэдні кошт паходу ў баню на дзве гадзіны – 9 рублёў. Цана на разавае наведванне басейна ў Менску – ад 8 рублёў на аднаго чалавека.

Ёсць некалькі рэсурсаў, дзе можна знайсці дадатковую інфармацыю пра кошты і час працы водных установаў.

БАНІ ДЫ САЎНЫ МЕНСКУ

ГАРАДСКІЯ БАНІ

ЯШЧЭ БАНІ

І ЯШЧЭ ТРОШКУ

БАСЕЙНЫ

Душавыя кабіны на АЗС

Яны ёсць не на кожнай аўтазапраўцы. У пошуках водных працэдураў мы трапілі на АЗС «Трайпл № 2», дзе нам распавялі, што канкрэтна на іхнай станцыі гэтай паслугі няма, але ёсць на іншых. На пытанне, калі б да іх прыйшлі жыхары суседніх дамоў, дзе адключылі трубы, малады чалавек адказаў:

«Гэтая паслуга бясплатная, кожны можа скарыстацца. Хай прыходзяць, усіх прымем».

Фітнес-цэнтры

Самы час скідаць тлушчавую тканку і брацца за сябе, сезон бікіні не за гарамі. Заадно і памыцца ўдасца. Адное наведванне каштуе каля 10 рублёў.

Тазік і рондалі

Правераны часам і нервамі варыянт, які ніколі не падводзіў. Галоўнае, узброіцца вялікаю тарай.

Бойлеры

Для тых, хто стаміўся ад тазікаў і не мае сяброў, якія могуць пусціць памыцца.

«Блізкае адключэнне гарачае вады давядзецца перажыць, грэючы ваду ў рондалях. А на выходных можна ездзіць мыцца ў суседні раён Менску да родзічаў. Быў і зручнейшы варыянт – усталяваць бойлер. Але пакуль гарачая вада цячэ з крана, рукі не даходзяць, а, калі знікае, – тут і згадваеш», – напісала нашая чытачка.

Можна браць напракат.

Касметычныя сродкі

Можна давесці сябе да ладу з дапамогаю сухога шампуню, вільготных сурвэтак, тонікаў. Эфектыўнасць на чацвёрты дзень можа быць сумнеўная, затое з’явіцца імпульс паспрабаваць іншыя метады.

Хітрык з пральнай машынай апісваць не будзем, лепш ідзіце ў басейн!

Hавiны
У Менску не будуць адключаць гарачую ваду падчас Еўрапейскіх гульняў. Апублікаваны графік
2019.04.15 17:10

ДР belsat.eu

 

Стужка навінаў