Дзе дзяржава больш эфектыўная – ва Украіне ці ў Беларусі? Высновы экспертаў неадназначныя


Тацяна Чуліцкая

Даследчыцкі цэнтр SYMPA прэзентаваў даклад, прысвечаны эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання ў Беларусі і ва Украіне. Паводле экспертаў, ні Украіна, ні Беларусь не маюць відавочнай перавагі ў гэтым пытанні. Belsat.eu прапаноўвае галоўныя тэзісы даследавання.

Агульная палітыка ў сферы дзяржаўнага кіравання

Галоўную ролю ў вызначэнні дзяржаўнай палітыкі Беларусі гуляе Адміністрацыя прэзідэнта, а не ўрад. Эксперты адзначаюць, што ўсе прызначэнні дзяржслужачых у Беларусі дэ-факта з’яўляюцца палітычна матываванымі. То бок лаяльнасць вярхоўнай уладзе цэніцца вышэй за прафесійныя якасці чыноўніка. Пры гэтым дзяржслужачыя звязаны кароткатэрміновымі кантрактамі (2 або 5 гадоў), што дадаткова прымушае іх больш думаць пра тое, каб дагадзіць начальству, а не як прафесійна выконваць свае абавязкі. Сацыяльна-эканамічныя фактары могуць пры гэтым зусім не ўлічвацца. Значная частка прынцыпаў функцыянавання беларускага дзяржапарату захавалася з часоў СССР. Наагул за часы незалежнасці істотных рэформаў у сістэме дзяржкіравання не назіралася.

Ва Украіне ёсць вялікая розніца паміж сітуацыяй да Еўрамайдану і пасля. Пасля 2014 года ў краіне распачаліся шматлікія рэформы ледзь не ва ўсіх сферах, але ацэньваць іх эфектыўнасць пакуль што рана. Галоўным рухавіком рэформаў, паводле экспертаў, з’яўляецца Дамова аб асацыяцыі з ЕЗ і дапамога Захаду. Мадэрнізуецца сістэма найму, адбору і ацэнкі эфектыўнасці дзяржслужачых, пачалося размежаванне паміж адміністратыўнымі і палітычнымі прызначэннямі (з’явіўся інстытут дзяржсакратароў – фактычна намеснікаў міністраў, прызначэнне якіх мусіць адбывацца на конкурснай аснове, а не паводле палітычнай ангажаванасці ўраду). Аднак пакуль гэтыя інавацыі ўкараняюцца з цяжкасцю.

Да таго ж ва Украіне існуе вельмі спрэчная сістэма аплаты працы чыноўнікаў. Да 50 % іх заробку складаюць прэміяльныя бонусы, атрыманне якіх залежыць ад начальства – таму ўкраінскія дзяржслужбоўцы таксама больш зацікаўлены ў тым, каб дагадзіць свайму кіраўніцтву, а не эфектыўна рабіць сваю працу. Пры гэтым паміж дзяржаўнымі органамі часам не хапае каардынацыі.

Злева направа – Наталля Рабава, Тацяна Чуліцкая, Ганарата Мазепус ды Антаанэта Дзімітрава

Падаткі

Здольнасць збіраць падаткі – адзін з ключавых паказнікаў эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання. У гэтым пытанні Беларусь, лічаць эксперты, больш паспяховая, чым Украіна. Паводле міжнародных ацэнак, беларускую падатковую сістэму можна лічыць эфектыўнай. Збіраемыя падаткі складаюць каля 25 % ВУП Беларусі або 83,2 % кансалідаванага бюджэту дзяржавы.

Што тычацца Украіны, то там прыкладна 30-50 % прыпадае на ценявую эканоміку, актыўна выкарыстоўваюцца шматлікія схемы па ўхіленню ад выплаты падаткаў. Назіраюцца вялікія злоўжыванні пры выкарыстанні спрошчанай сістэмы падаткаабкладання, з чым актыўна змагаецца ўрад. Але пры гэтым, адзначаюць эксперты, недастаткова ўвагі звяртаецца на ўхіленне ад выплаты падаткаў буйнымі карпарацыямі.

Прэзентацыя даклада SYMPA

Ключавыя сектары – пошта, ахова здароўя, адукацыя

У працы дзяржаўнага прадпрыемства «УкрПошта» назіраецца невысокі ўзровень паслугаў. Затое існуе 8 прыватных паштовых правайдараў – у іх больш высокія цэны, але і больш якасныя паслугі. Спалучэнне дзяржаўных і прыватных паштовых кампаніяў дазваляе вельмі шчыльна пакрываць усю тэрыторыю Украіны і пры гэтым пакідае магчымасць выбару.

Пасля Еўрамайдану ў краіне пачаліся рэформы, якія прадугледжваюць дэцэнтралізацыю адукацыйных праграмаў. Але матэрыяльны стан адукацыі і доступ да яе ў сельскіх раёнах застаецца нізкім.

Найгоршая сітуацыя назіраецца ў сістэме аховы здароўя: па стане на 2016 год каля 70 % украінцаў былі незадаволены якасцю паслугаў у гэтай галіне. Але з рэформамі ў гэтай галіне палітычнае кіраўніцтва пакуль не вызначылася.

Іна Рамашэўская

У адрозненні ад Украіны паштовыя паслугі ў Беларусі манапалізаваныя – ёсць толькі адзін дзяржаўны аператар, «Белпошта». Якасць паслугаў нізкая, колькасць аддзяленняў у рэгіёнах зніжаецца.

У Беларусі высокія колькасныя паказнікі адукацыі: узровень пісьменнасці – 99,7 %, а сярэднюю адукацыю маюць 89,7 %. Аднак ацэнкі якасці гэтай адукацыі супярэчлівыя. Напрыклад, не ўлічваецца, колькі школьнікаў карыстаюцца паслугамі рэпетытараў, каб кампенсаваць недахопы агульнай адукацыі і паступіць у ВНУ. Сістэму адукацыі за часы незалежнасці неаднаразова спрабавалі рэфармаваць, але фактычна ніякіх зменаў не адбылося. У сферы аховы здароўя таксама істотных рэформаў, пачынаючы з 90-х, не было, але колькасныя паказнікі і тут вельмі добрыя: нізкая дзіцячая смяротнасць і высокі сярэдні ўзровень жыцця. Па гэтым пазіцыям Беларусь выглядае не горш, чым некаторыя краіны ЕЗ і дакладна лепш за Украіну.

Ні Украіна, ні Беларусь не маюць відавочнай перавагі ў пытаннях эфектыўнасці інфраструктуры дзяржаўнага кіравання. Напрыклад, сістэма статыстычных дадзеных у Беларусі на міжнародным узроўні лічыцца даволі эфектыўнай. А вось адзінай сістэмы збору персанальных дадзеных не існуе. Ва Украіне адзіная сістэма збору персанальных дадзеных існуе, але статыстычная сістэма працуе на сярэднім узроўні, хаця ў апошні час назіраецца пазітыўная дынаміка.

Прэзентацыя дакладу SYMPA

Агульныя высновы

Аўтары даследавання адзначаюць, што ў Беларусі назіраецца высокі ўзровень цэнтралізацыі і палітызацыі дзяржкіравання.

«У Беларусі за апошнія 25 гадоў захоўваўся сярэдні ўзровень дзяржаўнага кіравання. Колькасныя паказнікі добрыя, але заўсёды трэба глядзець – што за гэтым стаіць і як ацэньваць якасны бок гэтых паказнікаў», – рэзюмуе эксперт SYMPA Тацяна Чуліцкая.

Ва Украіне ўзровень дзяржаўных паслугаў розны: напрыклад, у сістэме аховы здароўя сітуацыя вельмі кепская, а ўзровень паштовых паслугаў ацэньваецца даволі высока. Цяпер ва Украіне адбываюцца маштабныя рэформы, галоўным рухавіком якіх з’яўляецца дапамога ЕЗ.

«Узровень паслугаў ва Украіне і па ацэнцы экспертаў, і па ацэнцы грамадзянаў вельмі розны. Ну і сурʼёзная праблемай з’яўляецца страта кантролю над часткай тэрыторыяў – гэтая тое пытанне, якое патрабуе неадкладнага рашэння», – кажа эксперт SYMPA Іна Рамашэўская.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары