Дыверсія і правал у Новай Баравой

З самае раніцы нядзелі ў пратэставым менскім мікрараёне Новая Баравая знікла вада. Нагадаю, на двух выбарчых участках у Новай Баравой перамагла Святлана Ціханоўская. А пасля выбараў жыхары новай забудовы актыўна вывешвалі бел-чырвона-белыя сцягі, ладзілі дваровыя канцэрты і чаяпіцці, і спачатку нават хадзілі калонай на пратэсты і ў госці ў суседнія раёны.

Акцыя салідарнасці ў Новай Баравой.
Фота: чытачы belsat.eu

Некалі забудоўнік абяцаў, што ў квартале будзе адмысловае сацыяльнае асяроддзе. І яно ўтварылася: тут за немалыя грошы пабудавалі жытло тыя, хто здольны быў зарабляць – супрацоўнікі IT-кампаній, крэатыўныя прадпрымальнікі, людзі творчых прафесіяў. Дзеля архітэктуры, канцэпцыі, новых фрэндлі-падыходаў да дзяцей, спорту, экалогіі, фармавання добрасуседскага асяроддзя людзі пагадзіліся на нязручнасці накшталт слабога гарадскога транспарту, праблем з паліклінікай і прапіскі ў Менскім раёне.

Мяцежны раён, як аказалася, нервуе ўладу. Але як змагацца з людзьмі на іх тэрыторыі?

Калі ў нядзелю знікла вада, жыхары НБ падумалі – выпадковасць, паломка, адновяць. Да вечара западозрылі нядобрае: ніхто выразна не мог растлумачыць, што адбылося. Падазрэнне, што гэта помста, адужэла, калі ў раён завезлі біятуалеты, пафарбаваныя ў колеры нацыянальнага сцяга.

У панядзелак пытанне з падачай вады ў Новую Баравую «Менскводаканал» так і не вырашыў. Хоць, паводле пецыялістаў, «працы там на 2-3 гадзіны». У аўторак без вады адмовіліся працаваць школа і садкі. А з раніцы ў некаторых дамах прапала ацяпленне. Паломку звязалі з «воднай праблемай».

Да поўдня аўторка «выбухнулі» чаты. Новай Баравой патрэбна дапамога? Вязём! У тэлеграм-канале, прысвечаным праблеме НБ, дадавалася па 100 паведамленняў у хвіліну ад ахвотных дапамагчы.

Прывезці вады. Пусціць памыцца, памыць бялізну. Трэба памыць посуд? Вязіце, у нас выдатная пасудамыйка. Не можаце прыехаць? Мы прыедзем за вамі. Патрэбны абагравальнік? Дару або дам пакарыстацца. Патрэбна ператрымка для сабакі/ката? Запэўнім! Хочаце самыя пажыць у нармальных умовах? Ёсць пакой, кватэра, прыватны дом, дом з лазняй. Прымем аднаго, двух, чатырох, шэсць чалавек!

Мяркуючы з паведамленняў, менчукі аказаліся гатовымі перасяліць да сябе ўсю Новую Баравую. Такой масавай салідарнасці горад не бачыў з часоў першай хвалі пандэміі і адключэння вады ў двух самых густанаселеных раёнах.

Мяркуецца, што арганізатары камунальнай катастрофы разлічвалі: жыхары НБ проста перапалохаюцца і абвінавацяць у праблемах тых, хто ўпрыгожвае дамы і двары бел-чырвона-белым. І самі «жэстачайшэ навядуць парадак».

Такі разлік маглі зрабіць толькі тыя, хто верыць, што за Лукашэнку прагаласавалі калі не 80%, то хаця б палова насельніцтва. І што ў Новай Баравой ёсць людзі, якія выйдуць і скажуць суседзям: з-за вашых стужачак я другія суткі не магу змыць!

Але эфект атрымаўся зваротны. Здарылася дружба, яднанне і «мы неверагодныя».

У аўторак жа стала зразумела, што ваду сапраўды перакрылі наўмысна. Людзі з адмысловымі ведамі (дзе і як перакрываць). Пра гэта паведамілі чыноўнікі, паківалі, паведамілі, што разабраліся, але… ваду не далі. Хоць, нагадаем, яшчэ ў нядзелю маглі вырашыць гэтую праблему за лічаныя гадзіны.

Дарэчы, кампанія па аблсугоўванню з ацяпленнем у НБ разабралася аператыўна (кацельня яе, адсюль і аператыўнасць) – днём батарэі пачалі грэць.

А да вечара аўторка беларусы ўжо запэўнілі Новую Баравую вадой з запасам яшчэ на суткі. Жыхары Новай Баравой нават запісалі падзяку за гэта. Пад наглядам двух міліцэйскіх нарадаў.

І ўвечары жа Лукашэнка даручыў «узяць на кантроль» сітуацыю з вадой. Ваду Новай Баравой далі раніцай у сераду. Агулам яе не было трое сутак.

Ёсць надзея, што заказчыкі дыверсіі зробяць з гэтай гісторыі галоўную выснову: адключэнне вады, ацяплення (нават электрычнасці) – не зніжае градус народнага абурэння. Гэта працуе роўна наадварот.

PS. Жыхары Новай Баравой і тыя, хто прывозіў ім ваду, тару не выкінулі, разабралі, захоўваюць. І чат аб узаемадапамозе не закрылі. І правільна. Магло ж з першага разу не дайсці.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў