Дыскваліфікацыю федэрацыі лёгкай атлетыкі Расеі працягнулі дзясяты раз


Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных федэрацыяў (IAAF) чарговы раз працягнула дыскваліфікацыю Усерасейскай федэрацыі лёгкай атлетыкі (УФЛА). Чальцы рады IAAF у Манака ў нядзелю, 9 чэрвеня, адмовіліся аднаўляць сяброўства расейцаў, прыпыненае ў 2015 годзе ў сувязі з масавымі выпадкамі ўжывання допінгу, піша DW.com.

Кіраўнік працоўнай групы IAAF Рунэ Андэрсан паведаміў, што прыняцце такога рашэння кіраўніцтву арганізацыі парэкамендавала яго каманда. Ён таксама адзначыў, што IAAF праверыць інфармацыю, што два расейскія трэнеры і адзін лекар, якіх раней адхілілі ад працы са спартоўцамі, працягваюць сваю дзейнасць.

Такім чынам чэмпіянат свету па лёгкай атлетыцы ў Досе з 27 верасня па 6 кастрычніка ізноў пройдзе без расейскай зборнай. Наступнае пасяджэнне рады IAAF адбудзецца за некалькі дзён да адкрыцця першынства.

IAAF выключыла УФЛА са сваіх шэрагаў ва лістападзе 2015 года, пасля скандальнага расследавання пра наяўнасць у Расеі дзяржаўнай сістэмы падтрымання допінгу. З тых часоў дыскваліфікацыю працягвалі дзесяць разоў. Для аднаўлення сяброўства арганізацыя павінна, у прыватнасці, аплаціць выдаткі, панесеныя IAAF пры разглядзе і абароне справаў расейскіх атлетаў у Спартовым арбітражным судзе ў Лазане (CAS), а таксама перадаць WADA усе допінг-пробы маскоўскай лабараторыі.

З 2016 года расейскія спартоўцы выступаюць на турнірах у нейтральным статусе. У 2019 годзе IAAF зноў дазволіла некалькім дзясяткам лёгкаатлетаў з РФ выступаць пад нейтральным сцягам.

Hавiны
«Адграбуць усе»: трэнер Беларускай федэрацыі трыятлону трапіў у допінгавы скандал
2019.05.29 18:14

СК belsat.eu

Стужка навінаў