Дырэктара Палацу спорту затрымалі за хабар


Дырэктар менскага Палацу спорту Сяргей Прановіч браў хабар у памеры $1,2 тыс., сцвярджаюць у КДБ.

Сяргея Прановіча затрымалі 5 лютага ў момант, калі ён атрымліваў хабар за правядзенне чарговага мерапрыемства, кажуць у Камітэце дзяржбяспекі.

У ведамстве сцвярджаюць, што затрыманы браў хабар з 2014, літаральна ва ўсіх – гандляроў прысмакамі і арганізатараў каціных выстаў, арганізатараў канцэртаў і пастаўшчыкоў абсталявання, дырэктараў прыватных прадпрыемстваў і нават спартовых каманд.

У абсалютна незнаёмых людзей, абмяркоўваючы арэнду плошчаў палацу, пытаўся пра «сваю долю», адзначае выданне «СБ. Беларусь Сегодня». Адкрыта казаў, што, акрамя афіцыйных сум за арэнду, неабходна прадугледзець і ягоны асабісты інтарэс. Паставіў на плыню практыку адкатаў, калі каля 10 % ад кошту выкананых па замове палацу працаў або паставак ішло ў дырэктарскую кішэню.

Хабар быў ад $ 100 да $ 1200 – у залежнасці ад чаканай рэнтабельнасці выставы або гандлёвай кропкі. Гаворка ідзе прыкладна пра 20 фактаў неафіцыяльных выплат у месяц.

«Не баючыся нябеснага пакарання, Сяргей Прановіч запатрабаваў $ 1200 нават у прадстаўніц аднаго з манастыроў – за права правесці на плошчах Палаца спорту рэлігійную выставу. Паколькі грошай у сясцёр не аказалася, міласціва пагадзіўся прыняць паднашэнне… абразом і царкоўным начыннем. Праўда, дадаў, што калі манашкі не знойдуць грошай да вясны, то могуць нават не думаць аб правядзенні богаўгоднага мерапрыемства да Вербнай нядзелі», – адзначаецца ў артыкуле «СБ. Беларусь Сегодня».

Гэта быў адзін са спосабаў ціску – гаварыць пра загружанасць графіку палацу.

Мяркуецца, што Прановіч заніжаў кошт арэнды, каб у арандатараў засталіся грошы для таго, каб задаволіць патрэбы дырэктара.

Падчас вобшуку дома ў дырэктара, які не п’е, знайшлі калекцыю алкагольных напояў на суму каля $ 5 тыс.

Справай цяпер займаецца Следчы камітэт.

Пра затрыманне дырэктара Палацу спорту Сяргея Прановіча стала вядома адразу пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка адправіў у адстаўку міністра спорту і турызму Аляксандра Шамко. Пра гэта глядзіце ў нашым сюжэце:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў