Дырэктар школы ў Пінску, якога аштрафавалі за збіццё дзяцей, звольніўся і з'ехаў у Маскву


Дырэктар СШ №18 Фёдар Радзівон звольнены з пасады паводле ўзгаднення бакоў з 15 студзеня сёлета. Пры гэтым педагог зʼехаў у Маскву, дзе яму прапанавалі ўзначаліць адукацыйны цэнтр.

«Медыя-Палессе» звязалася з Фёдарам Радзівон, ён пацвердзіў усе гэтыя звесткі.

«Так, пацвярджаю гэты факт. Хачу сказаць, што абскардзіў вымову, якое атрымаў з боку ўпраўлення па адукацыі Пінскага гарвыканкаму, і яго адмянілі. У Берасцейскім абласным судзе абскарджана рашэнне суда Пінску і Пінскага раёна, паводле якога мне далі штраф, чакаем, калі там будзе прызначанае судовае пасяджэнне», – сказаў былы дырэктар школы Фёдар Радзівон.

Распавёў настаўнік і пра свае планы на будучыню.

«Цяпер я ў Маскве, мне тут прапанавалі ўзначаліць адукацыйны цэнтр, пакуль знаёмлюся з умовамі працы. Думаю, што горш, чым у Пінску, не будзе. Дзякую ўсім пінчуком, якія падтрымлівалі мяне ў складанай сітуацыі», – адзначыў Фёдар Радзівон.

Інцыдэнт з удзелам цяпер ужо былога дырэктара школы №18 гораду Пінску адбыўся 11 верасня летась на ганку школы. Вучні з суседняй школы №10 каталіся тут на скейтах і самакаце. Працаўнікі школы звярнуліся па дапамогу да дырэктара Фёдару Радзівона, ён паспрабаваў затрымаць 5- і 9-класніка да прыходу іх бацькоў і сацыяльнага педагога.

Пазней было агучана, што дзяцей збілі, і адпаведная заява была накіравана ў Пінскі ГАУС.

Акрамя таго, у сацсетках зʼявілася відэа з кабінета дырэктара школы з апісаннем таго, як ён «зверстваваў» і відэа, якое зрабілі самі хлопцы, дзе зафіксавана тое, як яны катаюцца на ганку школы і дэманстратыўна не рэагуюць на заўвагі дарослых.

У падтрыманне дырэктара выступіла шмат пінчукоў. Яны збіралі подпісы, ладзілі флэш-мобы, пісалі лісты падтрымкі.

У снежні мінулага года Фёдар Радзівон быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння – «Наўмыснае прычыненне цялеснага пашкоджання» і аштрафаваны на 15 базавых велічыняў.

Hавiны
Пінскі суд прызнаў дырэктара школы № 18 вінаватым у збіцці дзяцей
2018.12.27 16:24

СК, belsat.eu

Стужка навінаў