Дырэктар «нацыяналкі» патлумачыў, чаму ў Беларусі пустыя бібліятэкі


Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі. Фота – nlb.by

10 снежня на сайце Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з’явілася справаздача з сустрэчы фіналістаў конкурсу «Студэнт года» з кіраўніком галоўнай бібліятэкі краіны, прафесарам Раманам Матульскім. Падчас сустрэчы Матульскі падзяліўся сваймі развагамі пра пустыя беларускія бібліятэкі.

«Важная ўзаемасувязь бібліятэкі і ўзроўню сацыяльнай абароны ў грамадстве, які ў Беларусі настолькі высокі, што шмат якімі рэчамі мы сталі грэбаваць. Нядаўна я бачыў публічную гарадскую бібліятэку ў адной сярэднеразвітой краіне. Яна заўсёды перапоўненая, адкрываецца а 6 раніцы і зачыняецца а поўначы. Хтосьці начуе пад будынкам, каб раніцай патрапіць раней усіх. Чаму? – пытаецца прафесар Матульскі. – Там бібліятэка – гэта адзіны спосаб вырвацца з галечы, адзіны бясплатны спосаб доступу да ведаў. Сярэдняя і вышэйшая адукацыя платная, кніга ў краме таксама платная, і так не ў адной краіне. Вы не ўяўляеце, як змяніўся б алгарытм паводзінаў, калі б, напрыклад, з наступнага года школьныя падручнікі давялося набываць».

Кіраўнік Нацыянальнай бібліятэкі таксама распавёў, што не бачыць узаемасувязі паміж развіццём інтэрнэту і інфармацыйных тэхналогіяў і цікавасцю да бібліятэк.

«Гадоў пяць таму Свабодны ўніверсітэт Берліна пабудаваў уласную бібліятэку. У дырэктара адна праблема – дзе знайсці дадатковыя крэслы. У мінулым годзе Кентскі ўніверсітэт пабудаваў бібліятэку. Яна перапоўненая. Чаму? У іх што, праблемы з інтэрнэтам? Не», – адзначыў кіраўнік Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Паводле nlb.by, у 2018 годзе ў беларускіх бібліятэках было 543 000 чытачоў.

Крыніца: nlb.by

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў