Дырэктар аэрапорту Менск пра лаўкосты: Мы абралі іншы кірунак


Дырэктар Нацыянальнага аэрапорту Дзмітрый Мелікян

Ці прызямляцца ў Менску лаўкосты?

Такое пытанне задалі дырэктару Нацыянальнага аэрапорту Дзмітрыю Мелікяну. На што ён адказаў, што некаторыя аэрапорты вымушаныя працаваць з нізкабюджэтнымі авіякампаніямі, бо не маюць сваёй, базавай, у той час як менскі аэрапорт абраў «іншы кірунак»:

«Зараз у медыях ідзе інфармацыя пра судовыя працэсы з гэтымі кампаніямі. Таму што лаўкосты, як правіла, спрабуюць не плаціць за паслугі аэрапорту. Мы абралі іншы кірунак. У нас усё ж Нацыянальны аэрапорт Менск, ён павінен развівацца па класічных узорах. А лаўкост-кампанія прывезла ў канчатковы пункт – далей твае праблемы. У тым жа Парыжы некалькі аэрапортаў, але лаўкост-кампаніі ляцяць не ў Шарль-дэ-Голь, а за 90 кіламетраў ад Парыжа, і дабірайся потым як ведаеш».

Дзмітрый Мелікян нагадаў, то аэрапорт Менск паводле пунктуальнасці знаходзіцца ў міжнародных топах «5 зорак»:

«Гэта значыць, чалавек, выбіраючы наш аэрапорт і авіякампанію «Белавія», атрымлівае гарантыю таго, што ён паляціць і прыляціць своечасова. А дасягаецца гэта тым, што ўвесь персанал сканцэнтраваў свае дзеянні, прафесіяналізм для таго, каб выканаць сваю задачу, і так з дня ў дзень. Неяк я скарыстаўся паслугамі адной з нізкабюджэтных авіякампаніяў, у выніку мы спазніліся на дзве гадзіны. А кошт квіткоў… Не атрымалася ў пэўны дзень іх выкупіць, думаў: паеду заўтра. Але сёння квіток каштаваў, да прыкладу, 100 еўра, на наступны дзень – ужо 180.

Мы вызначылі свой варыянт, забяспечваючы пасажыраў зручным транзітам, высакакласным сэрвісам, кароткімі стыкоўкамі. Усё робім, каб багаж своечасова з аднаго самалёта перагружаўся на іншы і адпраўляўся па прызначэнні. Транзіт пасажыраў на сённяшні дзень у нас складае больш за 30%. А такі паказнік дае права называцца «хабам». Гэта найбольш паспяховыя аэрапорты, якія прапускаюць праз сябе вялікую колькасць транзітных пасажыраў у параўнанні з тымі, якія прылятаюць у канчатковую кропку».

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле «Менск-Навіны»

Стужка навінаў