Дыферэнцыяцыя грамадства па колеры штаноў ды арышт Навальнага – тыдзень у малюнках


Беларускія ўлады згубілі ўжо другую сваю любімую цацку – буйное міжнароднае спаборніцтва, а расейскія ўлады паціху ідуць па слядах беларускіх. Мастак Дэ Лёс узгадвае для «Белсату» мінулыя падзеі і дзеліцца ўласным поглядам на іх.

Перанеслі з Менску ЧС па пяцібор’ю

Менск пазбавілі права правядзення чэмпіянату свету па сучасным пяцібор’і «з-за нестабільнай сітуацыі ў краіне». Спаборніцтва павінна было прайсці 7-13 чэрвеня. Турнір адбудзецца ў тыя ж даты, але дзе, пакуль невядома. Гэта другое буйное міжнароднае спаборніцтва, прычынай пераносу якога з Беларусі стала нестабільная сітуацыя ў краіне. Менск таксама не прыме чэмпіянат свету па хакеі. Перанесці з Менску абодва заклікаў Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці.

Малюнак: Дэ Лёс

Затрымалі за штаны не таго колеру

Гарадзенку затрымалі і далі штраф у 20 базавых за штаны з бела-чырвонымі лампасамі. Жанчыну затрымалі, калі яна ішла па вуліцы і піла каву. У пратаколе напісалі, нібыта яна ўдзельнічала ў пікеце, крычала «Жыве Беларусь». Але міліцыянт ад рукі яшчэ складаў тлумачальную – там было пра колер штаноў, які «парушае грамадскі парадак». Як казалі ў вядомым фільме, «калі ў грамадства няма колеравай дыферэнцыяцыі штаноў, то няма мэты! А калі няма мэты – няма будучыні!»

Малюнак: Дэ Лёс

Салідарнасць спыніла галадаванне палітвязня

Ігар Лосік галадаў 41 дзень. Так ён пратэставаў супраць неабгрунтаванага арышту. Па ўсёй краіне праходзілі акцыі падтрымання, дзеці рабілі малюнкі «Дзядзька Ігар, еш». Дзякуючы гэтаму, а таксама людзям, якія распачалі галадоўку на салідарнасць з Ігарам, 25 студзеня вязень спыніў небяспечную акцыю пратэсту. У яго ўжо пачаліся праблемы са здароўем.

Малюнак: Дэ Лёс

Затрымалі галоўнага расейскага апазіцыянера

Вяртанне на радзіму расейскага блогера Аляксея Навальнага пасля атручвання ў Томску і лекавання ў Берліне сталася імпрэзай у прамым эфіры. У аэрапорце Навальнага затрымалі. Як кажуць шматлікія юрысты, абсалютна незаконна. І як кажуць, шматлікія аналітыкі, цалкам прадказальна. Пасля затрымання Фонд барацьбы з карупцыяй Навальнага апублікаваў расследаванне пра прэзідэнта Пуціна, яно набрала ўжо амаль 90 млн праглядаў. Для параўнання, у Расеі пражывае каля 140 млн чалавек.

Малюнак: Дэ Лёс

Ланцугі салідарнасці ў Расеі і Беларусі

На падтрыманне расейскага апазыянера Аляксея Навальнага ланцугі салідарнасці сталі і ў Расеі, і ў Беларусі. Беларусы прынеслі да расейскай амбасады ёршыкі для ўнітазаў як сімвал карупцыйнасці ўладаў. 700 еўраў – столькі каштуе 1 ёршык для ўнітаза ў палацы Пуціна, паводле расследавання Навальнага.

Малюнак: Дэ Лёс

Разгоны мітынгаў у Расеі

У суботу 23 студзеня на заклік прыхільнікаў Навальнага на вуліцы розных расейскіх гарадоў выйшлі дзясяткі тысяч пратэстоўцаў. Іх даволі жорстка разагналі. Хаця, як кажуць, што з чым параўноўваць. Вось тут мы параўналі.

Малюнак: Дэ Лёс

Развітальнае набажэнства Кандрусевіча

У нядзелю, 24 студзеня, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адслужыў развітальную службу. З 21 студзеня на пасаду апостальскага адміністратара Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі афіцыйна ўступіў біскуп Казімір Велікаселец. Раней гэтую пасаду займаў Кандрусевіч. Пасля свайго 75-годдзя Кандрусевіч папрасіў Папу Рымскага Францішка з увагі на ўзрост дазволу сысці на пенсію. Аднак мала хто сумняецца, што прычына сыходу Тадэвуша Кандрусевіча – палітычныя.

Малюнак: Дэ Лёс

AB, belsat.eu

Стужка навінаў