Двух інспектараў менскага ДАІ падазраюць у хабарніцтве


Крымінальныя справы за атрыманне хабару былі распачатыя адразу ў дачыненні да двух інспектараў ДАІ Менску, паведамляе TUT.BY са спасылкай на Следчы камітэт.

Месяц таму суд Партызанскага раёну сталіцы пакараў былога інспектара менскага ДАІ за злоўжыванне ўладай, бяздзейнасць службовай асобы і атрыманне хабару. Ён атрымаў пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці, штрафам і пазбаўленнем звання «капітан міліцыі». У судзе мужчына заявіў, што «умовы на службе прымусілі яго гэтак паступіць».

Паводле крыніцаў TUT.BY, цяпер пад следствам за атрыманне хабараў знаходзяцца яшчэ некалькі маладых інспектараў ДАІ, якія паспелі адпрацаваць усяго па тры гады. Усяго, сцвярджаюць крыніцы выдання, крымінальныя справы маглі быць заведзеныя аж на пяць інспектараў ДАІ. Звесткі часткова пацвердзілі ў прэс- службе Цэнтральнага апарата Следчага камітэту Беларусі.

«Супрацоўнікам ДАІ ГУУС Менгарвыканкама інкрымінуецца злачынства паводле ч. 2 арт. 430 Крымінальнага кодэкса РБ. Праводзіцца расследаванне», – паведаміла афіцыйны прадстаўнік СК Юлія Ганчарова.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў