На 3 рудаўпраўленні прыпыненыя працы па разборцы завалаў, пад якія ў выніку раптоўнага выкіду солі і газу патрапілі двое рабочых падземнага горнага ўчастка №10, паведамляе салігорскае выданне autorun.by.
Па стане на 01:00 з-пад завалу вызвалены самаходны вагон, за якім былі знойдзены целы шахцёраў.
Вядома, што людзей шукалі, разбіраючы завалы рыдлёўкамі і пагрузчыкам.
Раней у «Беларуськаліі» назвалі імёны шахцёраў, што аказаліся пад заваламі: гэта машыніст горных вымальных машын Максім Іваноў і горнарабочы вычышчальнага забою Дзмітры Валькоў.
Раніцай у нядзелю гэтую інфармацыю тэлеканалу ОНТ пацвердзіў гендырэктар «Беларуськалію» Іван Галаваты.
«На жаль, цуду не адбылося, хлопцы загінулі», – сказаў ён.
10 сакавіка СК па факце здарэння ў шахце трэцяга рудакіравання «Беларуськалію» распачаў крымінальную справу паводле артыкулу 303 «Парушэнне правілаў бяспекі горных ці будаўнічых работ». Крымінальны артыкул прадугледжвае адказнасць у выглядзе штрафу, арышту, абмежавання ці пазбаўлення волі на тэрмін да 7 гадоў.
КА, belsat.eu