«Двое на падлозе, адзін у крэсле…» Тры трупы ў кватэры хрушчоўкі пад Новы год


У Горадні ў звычайнай кватэры 3-га студзеня знайшлі адразу тры трупы: бацькоў сталага веку ды іхнага сына. Следчы камітэт вядзе правяранне, але настойвае, што крымінальнага следу няма.

Трагічнае здарэнне адбылося ў Горадні ў кватэры звычайнага пяціпавярховіку на вул. Пушкіна. 3-га студзеня суседзі паведамілі працаўнікам МУС пра незвычайны пах. Кватэру ўскрылі, а там выявілі тры трупы: 65-гадовых мужа і жонкі ды іхнага 39-гадовага сына. Таксама выявілі бутэльку з-пад спіртнога, з якой будуць працаваць эксперты.

Будынак, дзе адбылося здарэнне. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Гэта не пра алкаголь, як пішуць журналісты…»

Журналісты «Белсату» прыехалі на месца трагедыі, каб распытаць суседзяў. Жыхарка суседняй кватэры сталага веку адзначыла, што ведала сям’ю памерлых ужо шмат гадоў: сама жыве ў будынку яшчэ з 1970-х. Ніякіх заганных звычак за імі не заўважала.

Разам з тым, жанчына скардзіцца на журналістаў, якія нібыта спрабуюць выставіць памерлых суседзяў алкаголікамі: «Што там адбылося? Хай следчыя разбіраюцца. Але гэта не пра алкаголь, як пішуць журналісты. Ніякіх дадатковых газавых балонаў у іх не было, таму і з атручаннем газам гэта не звязанае. Міліцыю выклікала не я, бо сама ніякага паху не чула».

Вакно на лесвічнай пляцоўцы давялося адчыніць, каб выветрыць пах. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Наўрад ці б яны на падлозе спалі»

Суседзі з іншай кватэры на тым самым паверсе маюць крыху іншае меркаванне: «Мы наагул у шоку! Ніякіх гулянак там не было, заўжды віталіся пры сустрэчы. Ну, выпівалі па святах… Але я б не сказала, што сям’я асацыяльная. Вось на чацвёртым паверсе – там жорстка. А тут – не. Сын выпіваў, гэта праўда… Працаваў ці тое на будоўлі, ці тое на прадпрыемстве. Бацькі ягоныя даўно на пенсіі».

Кватэра, дзе знайшлі трупы, на дадзены момант апячатаная. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Суседзі кажуць, што апошні раз бачылі памерлых недзе 26–27 студзеня, за некалькі дзён да Новага года. У версію з газам не вераць, але і ў алкагольнае атручанне таксама: «Паху газу мы не чулі. А калі б алкаголем атруціліся, то не ўсе адразу б, праўда? Нехта б выклікаў медыкаў. Следчы сказаў, што два трупы мужчынаў знайшлі на падлозе, адзін – жаночы – у крэсле. Наўрад ці б яны на падлозе спалі, таму гэта і не ў сне смерць…»

Вакно на лесвічнай пляцоўцы давялося адчыніць, каб выветрыць пах. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Паводле сайту Следчага камітэту, на гэты момант вядзецца правяранне, канчатковых высноваў аб прычынах смерці няма. Разам з тым, ніякіх прыкметаў таго, што нехта прабраўся ў кватэру, або прыкметаў гвалтоўнай смерці няма таксама.

Будынак, дзе адбылося здарэнне. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

АК, фота Васіль Малчанаў belsat.eu

Стужка навінаў