Двое хлопчыкаў падарваліся на полі ў Бярэзінскім раёне


Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па факце гібелі двух дзяцей – 9 і 8 гадоў – у Бярэзінскім раёне.

Увечары 23 сакавіка ў міліцыю па дапамогу звярнулася жыхарка вёскі Вешаўка Бярэзінскага раёну – знік ейны сын і ягоны сябра.

Падчас праверкі тэрыторыі вёскі і ваколіц целы дзяцей знайшлі на прылеглым да вёскі полі.

Следства папярэдне высветліла, што трое хлопчыкаў гулялі на полі каля вёскі з невядомым прадметам. У выніку адбыўся выбух – два хлопчыкі загінулі, а іхны трэці таварыш, 2005 года нараджэння, – атрымаў раненні і быў шпіталізаваны.

Ягонаму жыццю нічога не пагражае, з ім працуюць следчыя. Паводле апісання пацярпелага дзіцяці, яны гулялі з прадметам, падобным да боегалоўкі снарада часоў ІІ сусветнай вайны.

Па факце гібелі дзяцей узбудзілі крымінальную справу паводле часткі 2 арт.144 (прычыненне смерці па неасцярожнасці дзвюм асобам) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Праводзіцца агляд месца здарэння, канфіскаваныя фрагменты снарада, дапытваюцца мясцовыя жыхары і сведкі здарэння. Прызначаны шэраг экспертных даследаванняў, каб вызначыць прычыну выбуху і тып выбуховай прылады.

Ход расследавання ўзяў пад асабісты кантроль першы намеснік старшыні Следчага камітэту Аляксей Волкаў.

МЯ, паводле sk.gov.by

Стужка навінаў