Двое чалавек сталі ахвярамі тайфуну ў Японіі. Улады эвакуююць 6 млн чалавек


Жылы раён у прэфектуры Міэ ў цэнтральнай Японіі пасля прыходу тайфуну »Хагібіс». 12 кастрычніка 2019 года. Фота – Kyodo / MAXPPP / Forum

Тайфун «Хагібіс», які дайшоў да берагоў Японіі ў суботу, забраў жыцці дваіх чалавек. Яшчэ трыццаць асобаў параненыя, падае «Euronews».

Адзін з дваіх загінулых стаў ахвяраю апоўзня, выкліканага непагаддзю, у прэфектуры Гуму на поўнач ад сталіцы Японіі.

Стыхія пагражае затапіць Токіа

Тайфун «Хагібіс» абрушыўся на галоўную выспу Японіі Хонсю ўвечары ў суботу. Парывы ветру дасягаюць 216 км/г. Метэаролагі прагназуюць, што раніцай у нядзелю ападкі ў японскай сталіцы, якая знаходзіцца ў нізіне, дасягнуць больш за 50 см.

Пашкоджаны моцным ветрам дом недалёка ад Токіа. 12 кастрычніка 2019 года. Фота – Kyodo / MAXPPP / Forum

У раёнах краіны, закранутых бедствам, без святла засталіся больш за 180 тыс. чалавек. Назіраюцца сур’ёзныя перабоі ў рабоце чыгуначнага транспарту.

Улады Японіі вырашылі эвакуяваць больш за 6 млн чалавек.

Cамы моцны шторм з 1958 года

Паводле «Інтэрфаксу», такіх моцных вятроў і дажджоў у Японіі не было апошнія 60 гадоў.

Медыі пішуць, што праз тайфун арганізатары Кубка свету па рэгбі, які праходзіць у Японіі, адмянілі некалькі матчаў. Адмененыя матчы зборных Англіі і Францыі, а таксама Новай Зеландыі і Італіі.

Імаверна, могуць адмяніць таксама матч паміж Японіяй і Шатландыяй, запланаваны на нядзелю. Канчатковае рашэнне аб магчымасці яго правесці прымуць раніцай у нядзелю.

  • «Хагібіс» на тагальскай мове – адной з асноўных на Філіпінах – азначае «хуткасць».

ДД belsat.eu

Стужка навінаў