Дваццаць гадоў без генерала

Юрый Захаранка знік 20 гадоў таму. Фота https://novychas.by

7 траўня 1999 года знік былы міністр унутраных спраў Рэспублікі Беларусь Юрый Захаранка. Я памятаю, як даведаўся пра гэта. Мы рыхтавалі чарговы нумар «Белорусской деловой газеты». Раздаўся званок кагосьці з калегаў: «Вы ўжо чулі? Захаранка знік».

Рашэнне, публікаваць ці не публікаваць інфармацыю пра гэта, прымаў галоўны рэдактар ​​і ўладальнік газеты, Пётр Марцаў. Я паведаміў яму.

– Напэўна, напіўся і залёг недзе. Бывае, – Марцаў пыхнуў разы два ў трубку.

– А калі не?

– А калі так? Ты ўяўляеш, якімі ідыётамі мы будзем тады выглядаць?

Я выйшаў з яго кабінета, сеў за свой камп’ютар вычытваць матэрыялы. Прайшло хвілін дзесяць. Увайшоў Пётр Паўлавіч:

– Ведаеш, будзем друкаваць. Пішы інфармацыю. Але калі ён зʼявіцца, я яго ўласнымі рукамі…

І Марцаў, акружаны хмарамі тытунёвага дыму, вярнуўся да сябе.

А Юры Мікалаевіч так і не зʼявіўся. І, хутчэй за ўсё, не зʼявіцца ўжо ніколі.

Hавiны
Што трэба ведаць пра «эскадроны смерці» ў Беларусі. Галоўнае
2019.05.07 09:27

Я не веру ў тое, што генерал Захаранка ўяўляў рэальную небяспеку для рэжыму. Але я веру, што хтосьці мог падумаць, што малады і прыгожы міліцэйскі генерал, з добрай рэпутацыяй прафесійнага следчага, спакойны ў зносінах, такую ​​небяспеку ўяўляе. І гэта магло каштаваць Захаранку жыцця. І тое нервовае жаданне пераканаць усіх, што генерал жывы, проста хаваецца дзесьці за мяжой, якое час ад часу дэманструе кіраўнік беларускай дзяржавы, сведчыць: ён ведае пра лёс генерала. Не, ён не аддаваў ніякіх загадаў – у гэта я таксама не веру. Але пра лёс Юрыя Мікалаевіча ён ведае.

Я не веру таксама ў тое, што Захаранка жывы. Я не веру, што сын здольны здрадзіць маці – а тое трагічнае няведанне, у якім знаходзілася столькі гадоў Ульяна Рыгораўна, што памерла ўсяго толькі год таму, можна было б лічыць здрадай, калі б Юрый Мікалаевіч быў жывы.

Мы шмат чаго не ведаем у гэтай гісторыі, і нам даводзіцца кіравацца ўласнай інтуіцыяй, хоць, як вядома, яна не заўсёды служыць надзейным крытэрам ісціны. Але вось што яшчэ мне хацелася б дадаць.

Зараз мы ўсе даведваемся, як бліжэйшыя, самыя давераныя – і правераныя – прызначэнцы Аляксандра Лукашэнкі бяруць хабар. Хтосьці адказвае за сувязь, у тым ліку, верагодна, урадавую. Хтосьці – нават за бяспеку. Кожны месяц прыносіць інфармацыю пра новыя арышты і затрыманні. Пры гэтым усіх гэтых людзей старанна правяраюць перад прызначэннем. І калі да прызначэння яны былі сумленнымі і прыстойнымі людзьмі, то што ж з імі робіць улада, калі яны так імкліва перараджаюцца?

Меркаванні
Арыштаваны намеснік сакратара Савету бяспекі. Якую цуру згатуюць публіцы гэтым разам?
2019.04.30 16:40

Вось Захаранку, які браў бы хабар, я сабе не ўяўляю. Ён мог памыляцца, мог здзяйсняць учынкі, за якія пазней яму самому было сорамна – як, напрыклад, сорамна потым было за расследаванне абставінаў так званага «стрэлу ў Ліёзна». Але вось хабарнікам і злодзеем ён дакладна не быў.

Мінула дваццаць гадоў. У нас новы час і новыя генералы. Вырасла новае пакаленне, якое ўжо не памятае Юрыя Захаранкі. Але ёсць старыя газеты, ёсць відэаплёнка, ёсць Гісторыя, якую колькі ні спрабуй перапісаць, але падмануць не атрымаецца. Можна прымусіць яе замаўчаць на час – але толькі на час.

І гэты час – не Вечнасць.

У Вечнасці ўсе мы сустрэнемся, рана ці позна. Хаця б для таго, каб выкрадзены і забіты генерал мог моўчкі паглядзець у вочы тым, хто яго забіваў і дзеля каго яго забівалі.

Я ў гэта веру.

Аляксандр Фядута/МВ belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў