Дваровыя і раённыя чаты запрашаюць чыноўнікаў. Замест – прыходзяць сілавікі


Адною з галоўных актыўнасцяў грамадзянскай супольнасці ў апошнія паўтара месяцы стала гуртаванне суседзяў праз чаты двароў і кварталаў. На вечаровых сустрэчах людзі абмяркоўваюць новую Беларусь, дзе кожны мае меркаванне і ўплывае на рашэнні ўлады – ад колеру лавачкі ў двары да магчымасці назіраць за выбарамі. На сустрэчах мараць пабачыць мясцовую адміністрацыю, але пакуль дзяржава дасылае адно сілавікоў. «Белсат» высветліў, чаму гэта памылковы шлях.

Гутраванне жыхароў Берасця ў дварах. Фота Belsat.eu

Энтузіясты стварылі і запусцілі dze.chat. Гэта карта чатаў двароў і раёнаў па Менску і Беларусі. Ахвочыя могуць рэгістравацца ў чатах, абмяркоўваць навіны і падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі, на тэрыторыі свайго раёну або двара, планаваць актыўнасці, дапамагаць адзін аднаму. Дваровыя чаты ў асноўным – гэта невялікія каналы на 100-300 чалавек. Але ёсць і буйныя чаты раёнаў, у якіх удзельнічаюць па некалькі тысяч чалавек.

Суседзі абмяркоўваюць самыя розныя тэмы: не абыходзяць бокам апошнія актуальныя падзеі, а таксама вырашаюць побытавыя пытанні, як рамонт прыдамавой тэрыторыі або пад’езда. Большасць чатаў не адрозніваюцца адзін ад аднаго: абмяркоўваюць палітыку, спрачаюцца, дзеляцца апошнімі навінамі, пастамі гарадскіх телеграм-каналаў, ганяюць правакатараў.

Найбольш актыўна самаарганізуюцца менчукі. «Белсат» паразмаўляў з адмінамі каналаў у Тэлеграме пра тое, як людзі праводзяць час разам у дварах, а таксама ходзяць адзін да аднаго ў госці «раёнамі».

«Сродак для хуткага вырашэння раённых праблем»

У дварах Копішча сустракалі вызваленых суседзяў. Збор грошый на штрафы. Фота Belsat.eu

– Ідэя стварыць чат была спантаннаю, – распавёў нам уладальнік групы «Сухарава 97». – З 9 жніўня знік інтэрнэт і даведацца пра апошнія навіны было не так лёгка. Чытаючы каментары пад пастамі Онлайнеру, я наткнуўся на проксі сервер для Тэлеграма. Хуткасць была агідная, грузіліся толькі паведамленні.

Першая група да якой я далучыўся была «Минск 97» – куды сцягваліся натоўпы людзей з розных раёнаў сталіцы, таму пачаў шукаць Сухараўскай групы. Знайшоў адну, але яе адмін катэгарычна забараніў размаўляць на палітычныя тэмы. Таму 18 жніўня я стварыў групу «Сухарава 97» (ад 97 % – каб людзі разумелі, на якія тэмы мы тут будзем мець зносіны).

На першым маршы, які мы правялі, было больш за 200 чалавек. Пасля гэтага пайшла ў гару колькасць падпісантаў. Літаральна за тыдзень мы набралі больш за 2 тыс актыўных людзей, абʼяднаных агульнымі мэтамі і інтарэсамі. Цяпер у нас больш за 3 тыс ўдзельнікаў.

Што ўдалося зрабіць разам з суседзямі?

У Менскіх дварах. Фота ад чытачоў Belsat.eu

– Ад збору смецця ў раёне вадасховішча да канцэртаў розных груп і дапамогі людзям, якія аказаліся ў складанай сітуацыі. У Сухарава суседзі маланкава дапамагалі знайсці зніклых жывёлаў, сабраць рэчы для пагарэльцаў, а таксама арганізавалі вольны час для дзяцей у выглядзе супольнага прагляду мультфільмаў, гульняў у футбол і нават матчы паміж раёнамі.

Чат выйшаў за межы пісьмовага абмеркавання палітычнай абстаноўкі ў краіне, зрабіўся сродкам для хуткага вырашэння раённых праблем. Людзей шмат і ў кожнага ёсць сваё меркаванне, таму разам вучыліся прыходзіць да кампрамісу! Я вельмі ганаруся тым, што жыхары нашага і не толькі раёнаў пасябравалі і маюць зносіны, чаго раней не было… Калі раней вы бачылі суседзяў, якія пʼюць гарбату на лаўцы, маюць зносіны, спрачаюцца і жартуюць? Калі б улада не змусіла, мы б, магчыма, ніколі не сустрэліся, жывучы ў суседніх дамах.

«Людзі паверылі ў тое, што змогуць нешта змяніць у сваім двары, у сваім раёне, а потым ужо і ў краіне»

Дабрачынны канцэнт Паўла Аракеляна ў Менску. У дварах Копішча сустракалі вызваленых суседзяў.
Фота: Belsat.eu

– Роля дваравых ды раённых чатаў – каапераванне суседзяў і пачатак фармавання грамадзянскай супольнасці, дзе кожны ўжо адчувае сябе часткай чагосьці большага, чым проста свайго ўласнага я, – лічыць Дзмітрый, адмін канала «Грушвилль». – То бок, калі раней кожны думаў «ну, што я змагу адзін зрабіць?», то цяпер думка ў людзей ссоўваецца ў бок «адзін я мала што змагу, але можна папрасіць дапамогі ў суседзяў?» Паказальны прыклад – барацьба за Грушаўскі сквер. Да 2019 года кожны паасобку спрабаваў і змагаўся за яго (лісты, прыёмы ў кіраўніцтва і гэтак далей), і ўвагі не было ніякай. Але як толькі сабраліся першыя 20 чалавек, то адразу ўпэўненасць зʼявілася, што сквер патрэбен не асобным людзям, а ўсім адразу.

Людзі паверылі, што змогуць нешта змяніць у сваім двары, у сваім раёне, а потым ужо і ў сваёй краіне. Менавіта гэтага, мяркую, і баяцца чыноўнікі: народа які думае і можа згуртавацца.

Сярод нашых жыхароў кожны выдатна разбіраецца ў чымсьці адным: нехта ў законах, нехта ў тэхнічных рэгламентах, нехта ў маркетынгу і піяры. Мы сталі заўважаць недапрацоўкі асобных структур і парушэнне імі заканадаўства хутчэй, чым дзяржслужбоўцы. Ім гэта не падабаецца, яны ўсяляк спрабуюць сябе абяліць, маўляў, у нас усё паводле закону, усе праекты праходзяць беспамылковую дзяржэкспертызу. А ўсё ж памыляцца!

Настаў час тварам павярнуцца да народа, прызнаць свае памылкі і пачаць разам вырашаць пытанні згодна з дзейным заканадаўствам? У адказ яны ствараюць нейкія каналы ЖКГ у Телеграм, замест таго, каб у кожны раённы чат прапанаваць свайго спецыяліста, які будзе рэальны, а не эфемерны. Так людзі б сапраўды ведалі, што ў адміністрацыі чалавечы твар і ведаць дэлегата да народу ад пэўнай службы.

Дасягненні міжчатавай супрацы

У дварах Копішча сустракалі вызваленых суседзяў. Збор грошый на штрафы. Фота Belsat.eu

Дзміртый тлумачыць, што ў Грушаўкі і Розачкі ёсць агульны чат раёнаў – «Грушвилль» чат ды аднайменны канал з навінамі і аператыўнаю інфармацыяй, а таксама больш лакальныя чаты асобных двароў або кварталаў.

– У маленькіх чатах могуць абмяркоўвацца праблемы дваровага маштабу. Некаторыя пытанні двароў могуць быць вынесеныя на ўзровень раённага чату, каб усе жыхары Грушаўкі і Розачкі маглі даць адміністрацыі паўнавартасны спіс праблем раёна і вырашыць іх хутчэй. З глабальных пытанняў, вырашаных у нашай супрацы – аднаўленне скверу ў яго спрадвечных межах, а таксама прызнанне дзейным ПДП ад 2004 года на тэрыторыю ў межах Дзяржынскага-Шчорса-Чыгуначная, што паставіла крыж на незаконных будоўлях.

Цяпер новае жыллё мусіць узводзіцца толькі ў межах раней акрэсленых умоваў і адведзеных для гэтага месцаў. З лакальных справаў – пастаянныя сустрэчы жыхароў з мэтай знаёмства і прыемнага правядзення часу: канцэрты, лекцыі. З надзённага – зараз хутка можна даведацца, хто і дзе рэкамендуе тыя ці іншыя паслугі.

Дваровае самакіраванне

Спатканне жыхароў аднаго з мікрараёнаў у Менску. Фота ад чытачоў Belsat.eu

– Зараз выдатны час, калі чыноўнікам варта ўсталёўваць сувязі з дварамі, знаходзіць цікавых людзей, разам з імі вырашаць пытанні. Пакуль што чаты ўспрымаюцца ўладаю як пратэставыя, а людзі, як нейкія адшчапенцы, якія збіраюцца і незразумела што робяць. Але дзяржава (горад, сяло, мясцовыя органы ўлады) павінная спрабаваць знаходзіць агульную мову з гэтымі людзьмі і вырашаць праблемы свайго рэгіёну, – лічыць архітэктар і гарадская актывістка Вераніка Давыдзік. – Я не чула пра такія спробы. Думаю, што актыўнасць мясцовых супольнасцяў палохае ўлады. Не ведаю, ці настане той цудоўны момант, калі гэтая нефармальная сіла будзе ўспрымацца ўладамі з цікавасцю: маўляў, нам такія людзі патрэбныя.

Фармаванне дваровых супольнасцяў – гэта важна. Доўгі час дзяржава сама вырашала, чаго хочуць людзі. Чыноўнікі выбіралі пароду дрэваў і месцы для іх высадкі, камунальнікі моўчкі фарбавалі лавачкі ва ўпадабаны колер і прызначалі дату суботнікаў. Так быць не павінна. Шматлікія пытанні мы ў стане вырашыць самастойна.

У многіх краінах усё робіцца інакш: народ прымае рашэнне і агучвае яго мясцовым уладам. Роля дваровай супольнасці як лідара павінная вырасці. А меркаванне гараджан – быць улічаным. Хочацца, каб чыноўнікі прыходзілі і нармальна размаўлялі з людзьмі, чулі іх. Чыноўнікі не павінныя хавацца ў кабінетах. Сёння ў нас ёсць выдатная магчымасць наладзіць кантакт, скараціць адлегласць паміж сабою.

Hавiны
«Адміністратыўка» за групавы фотаздымак. Mіліцыя палюе на магілёўскіх «партызан»
2020.10.22 17:45

Чаму затрымліваюць адмінаў

1 кастрычніка быў ператрус у кватэры адміністратара лакальнага чату Грушаўкі Дзмітрыя Сухенко. Ягоны камп’ютар арыштавалі, а самога вазілі ў міліцыю, дзе дапыталі ў межах крымінальнай справы паводле артыкуле 293 КК РБ.

3 кастрычніка у кватэру Мікіты Яцыновіча прыйшлі з ператрусам. Мужчына – стваральнік раённага телеграм-чата «Белая Вежа» (для жыхароў вуліц Багдановіча, Старавіленскай, Кісялёва і праспекта Машэрава). Выходныя Мікіта правёў у ІЧУ на Акрэсціна, а яшчэ даведаўся, што цяпер ён – падазраваны паводле ч. 2 арт. 293 КК РБ (Масавыя беспарадкі).

9 кастрычніка затрымалі 6 з 19 чалавек, якія знаходзіліся ў агульным чаце для адміністратараў раённых чатаў у Горадні. Як паведаміла блізкая да затрыманых крыніца з Hrodna.life, яны падазраваныя па справе, заведзенай паводле арт. 342 КК – «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».

Следчы камітэт пакуль ніяк не каментуе справы, звязаныя з адміністратарамі і стваральнікамі телеграм-чатаў.

Самыя буйныя чаты ў Менску:

Менск: які народзец, такі і гарадзішка – 12596 чалавек

Фрунзенскі 97% – 6651

Маскоўскі 97% – 5879

Лошыца ЧАТ – 4073

Уручча 97 pro – 4050

БДУ 97% – 3820

Новая Баравая 98% – чат – 3788

Кастрычніцкі 97% – 3643

Грушвілль чат – 3239

Малінаўка – 3057

Сухарава97 – 3052

Лябяжы CREW – 2759

Мінск-Мір – 2529

БНТУ.чат – 2393

Брылевічы 97% – 2059

Вяснянка 97% чат – 1625

ІК Belsat.eu

Стужка навінаў