Два адказы на адзін сход і на адну Раду

Цягам аднаго перадкаляднага дня апаненты Аляксандра Лукашэнкі далі адразу два адказы на ягоную ініцыятыву правесці гэтак званы Усебеларускі народны сход.

Першым «адказнікам» стаў былы спашукальнік прэзідэнцкага мандату Валерый Цапкала, які абвясціў пра стварэнне Беларускага дэмакратычнага форуму. Другі адказ размясціў у інтэрнэце, мяркуючы з усяго, адзін з нешматлікіх чальцоў гэтак званага асноўнага савету Каардынацыйнай рады, які застаецца на волі, Максім Баграцоў, а дакладней, каманда, што працуе з ім.

Уласна ідэя нейкага прапарцыйнага адказу на Усебеларускі сход такая ж не новая, як і ідэя яго правядзення. Нагадаем: абедзве ідэі – аднагодкі. Калі Лукашэнка ў 1996 годзе вырашыў супрацьпаставіць цалкам легітымнаму Вярхоўнаму Савету 13-га склікання нейкі больш шматлікі і вялікі форум, апазіцыя вырашыла сабраць свой форум. Ім стаў Першы кангрэс дэмакратычных сілаў, які праходзіў пад лозунгам «Дзеля абароны Канстытуцыі, супраць дыктатуры». У яго працы адмовіліся браць удзел тагачасны спікер парламенту Сямён Шарэцкі і ягоны першы намеснік Васіль Новікаў. Аднак дакладваў пра стан эканомікі віцэ-спікер Генадзь Карпенка, бралі ўдзел прадстаўнікі асноўных апазіцыйных партыяў і NGO, а таксама прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў Беларусі. Калі першы Усебеларускі сход адкрываў мітрапаліт Філарэт, то гэтую ж функцыю на Кангрэсе выканаў народны пісьменнік Беларусі, акадэмік Янка Брыль, чые заслугі перад беларускаю культурай і павага да якога з боку ўсяго народу былі несумнеўныя. Гэта значыць, два форумы супрацьстаялі адзін аднаму ў поўнай меры.

Сямён Шарэцкі, Генадзь Карпенка, Міхаіл Пастухоў.
Фота: Reuters Photographer / Reuters / Forum

Каб зразумець, што менавіта супрацьпастаўляюць два інтэрнэт-праекты новаму «схадняку», варта прыгледзецца да іх больш уважліва.

Валерый Цапкала прапаноўвае дыялогавую пляцоўку для фармулявання палітычнага парадку дня. Усе словы лукашэнкаўскага акружэння пра адкрытасць да дыялогу, пра гатовасць выслухаць альтэрнатыўныя пункты гледжання разбіваюцца аб абсалютную недыялагічнасць механізму. Незразумела, хто і якія прапановы ўносіць на разгляд УНС, хто іх аналізуе, у якіх дакументах яны знойдуць сваё адлюстраванне. І бессэнсоўнасць такой працэдуры становіцца тым больш відавочнаю, што калі такіх прапановаў шмат (а менавіта ў гэтым і імкнецца пераканаць нас прапагандысцкая дзяржаўная машына), то 2700 дэлегатаў УНС, хоць забіце, не паспеюць не тое што выказацца пра іх, але нават, хутчэй за ўсё, з імі азнаёміцца. Пагатоў гаворка пра рэальна складаныя рэчы: пра рэфармаванне Канстытуцыі беларускай дзяржавы.

І на гэтым фоне цапкалаўскі БДФ вельмі прыстасаваны для дыялогу. Яго структура – фактычна парадак дня. Мадэратары форуму выконваюць выключна цэнзарскую функцыю, адсякаючы непрыстойныя каментары ды неканструктыўную крытыку. Але пры гэтым усе бачаць, хто і што прапануе ды наколькі тую ці іншую прапанову падтрымліваюць астатнія ўдзельнікі дыскусіі.

Аляксандр Лукашэнка, 1999 год.
Фота: Reuters Photographer / Reuters / Forum

Праект «Сход: платформа народных прадстаўнікоў» супрацьпастаўлены не беззмястоўнасці лукашэнкаўскай ініцыятывы, а поўнай закрытасці яе працэдуры. Галоўнае значэнне гэтага праекту – празрыстае фармаванне выбарнага грамадскага дарадчага органу, што не прэтэндуе на ўладу, а таму не зазнае папрокі ў спробах яе неканстытуцыйнага захопу. Гэта менавіта Праект грамадскай самаарганізацыі. Насельніцтва Беларусі абсалютна празрыста выбірае сваіх прадстаўнікоў, якія будуць абмяркоўваць актуальныя пытанні. На платформе відаць, хто вылучаецца, хто за яго галасуе, можна пачуць і ўбачыць кандыдата ды, магчыма, задаць яму пытанні. Гэта не кулуарны «міжсабойчык» партгасактыву, кантраляваны выканаўчай уладай на ўсіх узроўнях. Сапраўдны свабодны выбар.

Аднак абедзве гэтыя ініцыятывы, на наш погляд, не былі б магчымыя, калі б не было сумнага досведу з яшчэ адным органам – Каардынацыйнаю радаю. Гэтае дзецішча апанентаў рэжыму стваралася настолькі спехам, што многія пытанні засталіся без адказу. Напрыклад, як будзе рэалізоўвацца заяўленая мэта – садзейнічанне транзіту ўлады. Як фармаваўся склад гэтага органу (мы даслалі заяўкі, а потым упаўнаважаная цётка, паправіўшы акуляры, выкрасліла тых, каго палічыла лішнімі?). Які парадак дня і рэгламент яго працы. Апошняе таксама важна, бо я, напрыклад, не зусім разумею, як будзе дапамагаць транзіту ўлады гендарная секцыя. Ува ўсякім выпадку, як яна будзе дапамагаць ажыццяўляць тры асноўныя патрабаванні апанентаў рэжыму, якія да гэтага часу нас аб’ядноўваюць.

Барані божа, я нікога не хачу пакрыўдзіць! У мяне проста такая праца – задаваць не заўсёды прыемныя пытанні.

Вось чарга падышла да аўтараў іншых альтэрнатыўных праектаў. Напрыклад, БДФ Валерыя Цапкалы, відавочна, ні на што не прэтэндуе, пры гэтым брэндаваны ягоным імем: маўляў, Валерый Вільямавіч зрабіў гэтую пляцоўку на карысць усяго прагрэсіўнага беларускага чалавецтва. А вось «сход», які прэтэндуе на празрыстасць усіх працэдураў, фармальна ніяк не брэндаваны. Праз што ўзнікае пытанне: а хто персанальна нясе адказнасць за тое, што празрыстасць сапраўды будзе выкананая? Бо ў выпадку з КР фармальна адказнай аказалася Святлана Ціханоўская, ад якой нібыта (праверыць усё роўна немагчыма) гэтая ініцыятыва зыходзіла. А хто адказвае за тое, што вынікі галасавання за таго ці іншага кандыдата ў выпадку са «сходам» не будуць накручаныя? Закладкі «каманда» на сайце няма, ніякага звароту да патэнцыйных выбарнікаў таксама. А трэба было б!

Акцыя салідарнасці каля станцыі метро «Пушкінская», дзе загінуў удзельнік пратэстаў. У ёй узялі ўдзел амбасадары краінаў ЕЗ. Менск, Беларусь. 13 жніўня 2020 года. фота: Света Фар / Белсат

Хоць на гэтае маё пытанне адказ напрошваецца сам сабой. Усе папярэднія цэнтры альтэрнатыўнага ўплыву (акрамя асабіста Святланы Ціханоўскай, легітымнасць якой для мяне несумнеўная) былі цалкам самазванымі і з гэтага пункту гледзішча мала чым адрозніваліся ад Лукашэнкі (хто і на што, напрыклад, упаўнаважыў Паўла Латушку?). Хіба што сілы да апанентаў не ўжывалі. А вось «сход» прапануе механізм цалкам выразных выбараў. І гэта, з аднаго боку, яго плюс (несумнеўны!!!), а з другога – мінус. Бо хто ведае, ці не абвінавацяць з часам і гэтую брыгаду ў спробе захапіць уладу. Ці мала што прыйдзе ў галаву нашай пракуратуры або Следчаму камітэту. Яны ж у нас такія. Ну, самі разумееце…

Аляксандр Фядута/МВ belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў