«Думкі іншым занятыя». Ці вернуць беларусам грошы за нявыкарыстаныя візы?


granica
Беларуская мяжа.
Фота: «Белсат»

Шлагбаум на мяжы з Еўразвязам закрыты, але стрэлка гадзінніка працягвае рух. Шэнгенскія візы пратэрміноўваюцца. Belsat.eu высветліў, ці варта спадзявацца на кампенсацыю.

Час пандэміі – не час для падарожжаў. У сувязі з распаўсюдам COVID-19, суседзі Беларусі, у тым ліку краіны-чальцы Еўразвязу, трымаюць межы закрытымі. Таму некаторыя беларусы, нягледзячы на наяўнасць шэнгенскіх візаў, не могуць выкарыстаць іх паводле прызначэння. Гэтак у Польшчу могуць трапіць толькі яе грамадзяне ды іншаземцы, якія маюць дазвол на пражыванне ці працу ў Польшчы, або валодаюць Картаю паляка. Яны маюць абавязак пайсці ў ізаляцыю на 14 дзён. Гэтак будзе прынамсі да 3 траўня.

У Літву з 9 красавіка пачалі пускаць не толькі тых грамадзянаў Беларусі, якія маюць дазвол на сталае жыхарства ў Літве, але і родзічаў (бацькі, дзеці, сужэнцы, апекуны) літоўскіх грамадзянаў. У той жа час літоўская-беларуская мяжа цалкам зачыненая для негрузавых перавозак. Уехаць можна толькі трыма шляхамі – праз пункты пропуску Будзіска (Польшча) – Кальварыя, Грэнцтале (Латвія) – Салачай, а таксама паромам Кіль-Клайпеда. Тыя ж катэгорыі беларусаў могуць быць дапушчаныя і на тэрыторыю Латвіі.

Маркетолаг Ганна Клімовіч распавяла пра свой выпадак:

«Я адкрывала візу ў лютым, акурат калі цану ўзнялі да 80 еўраў. У мяне тады скончылася мінулая віза, а новаю я дагэтуль не скарысталася паводле зразумелых прычынаў. Але мне яе далі на 3 гады, таму, спадзяюся, што ўсё ж выкарыстаю. А цяпер думкі ўсё роўна іншым занятыя – галоўнае, каб людзі неяк жылі».

Пашпарт грамадзяніна Беларусі.
Фота: «Белсат»

Менш пашчасціла тым, хто атрымаў візу на кароткія тэрміны. На жаль, візавы кодэкс Еўразвязу не прадугледжвае вяртання консульскага збору, калі віза ўжо была зробленая. Яшчэ адна нязручнасць спатыкае беларусаў, якія не паспяваюць вярнуць падатак на дададзеную вартасць (tax free) пры вывазе тавараў з тэрыторыі Еўразвязу. Гэтак, у ч. 1 арт. 128 польскага «Закону аб падатках і паслугах» прапісана:

«Падатак можа быць вернуты, калі падарожнік вывез выкуплены тавар па-за тэрыторыю Еўразвязу не пазней, чым у апошні дзень трэцяга месяца, які наступае пасля месяца, у якім быў зроблены закуп».

Каб атрымаць вяртанне падатку ад прадаўца, трэба прадставіць дакумент, з пастаўленай на мытні пячаткай. Згодна з ч. 2 арт. 129 вышэйзгаданага закона, пакупнік мае на гэта ажно 10 месяцаў, калі лічыць ад канца месяца, у які атрымалі тавар. У Літве ж з моманту пакупкі таксама даюць тры месяцы, каб адзначыць у мытнікаў дэкларацыю на вяртанне ПДВ. Але вось тэрміны на атрыманне грошай па прадстаўленні дакументу з пячаткай мытні ўсталёўваюць самыя крамы:

«Бацькі былі ў Вільні ў лістападзе, i аформілі tax-free пад пакупку ноўтбука за 500 еўра. Адпаведна, меліся забраць пад 90 еўра tax free. Гэта можна было зрабіць цягам 6 месяцаў ад пакупкі, да 22 красавіка, зрабілі сабе візы ў студзені. Але не паспелі даехаць», – распавядае Ганна Клімовіч.

ВС Belsat.eu

Стужка навінаў