«Думаю, дзяцей у мяне ўжо адбіраць не будуць». Публікацыя «Белсату» дапамагла Алене Мікуліч


Пасля публікацыі матэрыялу пра намер чыноўнікаў адабраць дзяцей у Алены Мікуліч з Гомля сітуацыя змянілася: жанчыне знайшлі працу прыбіральшчыцай у ЖЭУ (сталая праца дае магчымасць шматдзетнай маці атрымаць адрасную сацыяльную дапамогу ад дзяржавы), паабяцалі дапамагчы з рамонтам падлогі і ўцяпленнем вокан у кватэры, прапанавалі санаторнае аздараўленне для старэйшага сына. Не засталіся ў баку і звычайныя грамадзяне: Алене Мікуліч на аплату пазыкі па камуналцы пералічылі 500 рублёў, што склала палову суму ад асноўнай пазыкі.

«Я такая шчаслівая цяпер, – кажа Алена Мікуліч. – Адразу пасля выхаду артыкула такое пачалося: мне ўсе пачалі тэлефанаваць: людзі, журналісты, з гарвыканкаму, савету дэпутатаў, распытвалі што ды як. Чыноўнікі ўжо не крычаць на мяне, не пагражаюць, нават ветліва са мной размаўляць пачалі, уладкоўваюць на працу, далі ўказанне КЖЭРУП «Сяльмашаўскі» зрабіць падлогу і ўцяпліць вокны, бо вельмі халодна – вокны адзінарныя, падлога дзіравая. Грошы мне на тэлефон людзі пералічылі, я ўжо зняла і пагасіла частку пазыкі. Я вельмі ўдзячна людзям за дапамогу, бо застацца сам-насам з праблемамі, без падтрымкі, гэта вельмі цяжка. У мяне засталася, канешне, пэўная насцярожанасць, але думаю, што дзяцей у мяне ўжо адбіраць не будуць».

Дачка Алены Мікуліч Каця

Нагадаем, 4 кастрычніка камісія па справах непаўналетніх прыняла рашэнне адабраць у Алены Мікуліч 4-гадовую Кацю і 16-гадовага Рамана праз запазычанасць па камунальным плацяжам і адсутнасць працы.

«Канешне, адабранне дзяцей, павінна быць скрайняй мерай у такой сітуацыі, – каментуе праваабаронца БХК Алесь Яўсеенка. – Патрэбна ўсебаковая падтрымка з боку дзяржавы шматдзетным маці, якія апынуліся ў цяжкой жыццёвай сітуацыі, можа проста заблыталіся, палі духам. Толькі вычарпаўшы ўсе магчымыя сродкі ўплыву, можна ісці на крайнюю меру – адабранне дзяцей».

Аказаць дапамогу Алене Мікуліч можна пералічыўшы грошы на нумар +375259520213 (МТС), бо пазыка па асноўнаму доўгу за камуналку яшчэ складае 500 рублёў.

Ганна Кавальчук, belsat.eu

Стужка навінаў