«Думала, што памру». Беларуска распавяла пра жорсткае згвалтаванне сілавікамі


Шведскае выданне ETC апублікавала гісторыю беларускі, якая перажыла гвалт.

Артыкул з загалоўкам ««Мяне згвалцілі дубінкамі» – праўда пра жорсткую вайну Лукашэнкі з актывістамі апазіцыі» – з’явіўся ў шведскім выданні ETC. Гісторыю беларускі, якую жорстка згвалтавалі дубінкай у ізалятары, апублікавалі на англійскай мове, – і гераіня дала рэдакцыі медычныя дакументы, якія пацвярджаюць праўдзівасць ейнай гісторыі. Выданне не называе рэальнага імені дзяўчыны, даты і канкрэтнага месца, але з аповеду ясна, што гэта адбылося пасля 9–11 жніўня, падчас нядзельных маршаў. Гераіня падкрэслівае, што распавядае сваю гісторыю, каб яе пачуў увесь свет.

– Дэталі ейнай гісторыі настолькі страшныя, настолькі сюррэалістычныя, гэткія заблытаныя, што я быў вымушаны папрасіць яе паказаць медычную карту. Няўжо гэта праўда? Яна даслала, я пераклаў дакументы, і выявіў, што ў яе гісторыі няма ніякага прыхарошвання, – піша журналіст Андрэас Густаўсан (Andreas Gustavsson).

Фота мае ілюстрацыйны характар. Затрыманні на жаночым маршы. Менск, Беларусь. 19 верасня 2020 году.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Далей ён тлумачыць, што гінеколаг, які спецыялізуецца на аднаўленні пашкоджаных геніталіяў, кажа, што траўмы, якія атрымала Крысціна, звычайна бываюць у жанчын з зонаў канфлікту, дзе сексуальны гвалт выкарыстоўваецца дзеля тэрору цывільных асобаў, напрыклад, у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга. Паводле яго, Крысціне спатрэбіцца аперацыя, пасля якой распачнецца працяглы перыяд рэабілітацыі.

– Яна не можа кантраляваць кішэчнік, усё проста выцякае з яе. Яна не ведае, ці зможа калісьці мець дзяцей. У яе засталося ўсяго пяць зубоў, – гаворыцца ў артыкуле. – Перад ейнымі вачыма няспынна стаіць смарганы стол, на які яе паклалі. Спачатку на жывот, потым на спіну. Яна таксама бачыць іхныя пустыя вочы скрозь чорныя дзіркі балаклаваў. (…) Голас у чалавека змяняецца пасля таго, як яму дубінкай раструшчылі 25 зубоў, некалькі разоў запхнуўшы яе ў рот з усёй сілы. Яе затрымалі ды замкнулі разам з дзвюма сяброўкамі ў адным з аўтазакаў АМАПу. Іншыя да таго моманту ўжо сядзелі ў гэтых клетках. Яе некалькі разоў ударылі рукамі, а іншых – нагамі. Што для яе было цалкам чакана. (…) Ейныя сяброўкі лёгка выбавіліся, калі параўнаць з Крысцінаю, у тым сэнсе, што змаглі выйсці адтуль цэлыя і сысці. Крысціна ж выйшла з турмы з унутраным крывацёкам і такі моцным болем, якога, яна кажа, не адчувала раней ніколі.

Крысціна апісвае гвалт. Гэта напраўду жудасна.

– Яна памятае, што камера, або пакой для допытаў, была прыкладна пяць на пяць метраў, на столі гарэлі люмінесцэнтныя лямпы. Вокнаў не было. Як толькі дзверы зачыніліся, яны пачалі метадычнае згвалтаванне. (…) Спачатку яна падумала, што яны збіраюцца біць яе па спіне, а можа быць, і па нагах. Але замест гэтага яны сцягнулі з яе майткі. Яна то траціла прытомнасць, то ачуньвала, але вярнулася да памяці, калі сілавікі выламалі ёй зубы. Яна ўбачыла іх на падлозе – белыя плямкі ў чырвонай лужыне крыві.

Пасля выхаду з турмы Крысціне зрабілі аперацыю, і яе забралі сваякі. Яна кажа, што хоча зрабіць усё магчымае, каб паспрыяць падзенню рэжыму Лукашэнкі. Цяпер яна зʼехала з Беларусі ў Швецыю.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Затрыманні каля Камароўкі падчас жаночага маршу 26 верасня. Менск, Беларусь.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Як патлумачыў журналіст, што падрыхтаваў сенсацыйны тэкст, публікацыю выдалі на англійскай мове, каб як мага больш людзей змаглі прачытаць гісторыю Крысціны.

МУС кажа, што гвалту не было

У справаздачы праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch ёсць звесткі пра тое, што ўдзельнікаў пратэстаў супраць Аляксандра Лукашэнкі гвалцілі дубінкамі супрацоўнікі АМАПу ў аўтазаках. Вядома пра некалькі такіх выпадкаў. Гвалт зазнавалі і мужчыны.

У МУС заявілі, што ўсе паведамленні аб згвалтаваннях АМАПам – фэйкі.

– Я магу з усёй адказнасцю заявіць, што няма ніводнага ўстаноўленага факту згвалтаванняў супрацоўнікамі міліцыі, – заявіў першы намеснік міністра ўнутраных справаў Генадзь Казакевіч. – Згвалціць у аўтазаку немагчыма.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Затрыманні каля Камароўкі падчас жаночага маршу 26 верасня. Менск, Беларусь.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава на сустрэчы са студэнтамі ў лістападзе таксама пракаментавала паведамленні аб згвалтаваннях мірных пратэстоўцаў супрацоўнікамі міліцыі.

– Гэта няпраўда! Гэта няпраўда! Не было такога. Не было такога. Не было. Я афіцыйна вам заяўляю: з міністрам аховы здароўя і намеснікам, Каранікам і Піневічам, і з Богдан – з кожным размаўляла персанальна, асобна. Ніводнага факту згвалтавання, разрыву маткі ці чагосьці іншага не было зафіксавана. Ніводнага, – заявіла Качанава.

ІК, belsat.eu

Фота вокладкі: Jorge Silva / Reuters / Forum

Напішы журналісту ліст

Тры беларускія журналісткі ўтрымліваюцца цяпер за кратамі і маюць абвінавачванні паводле крымінальных артыкулаў: Кацярына Андрэева («Белсат»), Дарʼя Чульцова («Белсат»), Кацярына Барысевіч (TUT.BY).

Адным з моцных спосабаў падтрымаць дзеўчын можа стаць ваш ліст да іх.

Куды пісаць:

Кацярына Андрэева (Бахвалава): 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Дарʼя Чульцова: 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Кацярына Барысевіч: СІЗА № 1, 220030 г. Менск, вул. Валадарскага, д. 2.

Не забудзьцеся ўкласці ў ліст пусты канверт, каб дзеўчыны маглі вам адказаць. Дзякуем за вашую неабыякавасць!

 

 

 

 

Стужка навінаў