Духоўная сувязь з Радзімаю ў выглядзе кайданкаў

Старшыня парламенцкай камісіі па міжнародных справах Валерый Варанецкі прапанаваў увесці для нашчадкаў тых, хто нарадзіўся і з’ехаў з Беларусі, «пасведчанне суайчынніка»: маўляў, менавіта так будзе ўмацоўвацца духоўная сувязь беларускіх мігрантаў з Радзімай. Прычым гэта не будзе, так бы мовіць, «шкурная» сувязь у выглядзе «карты паляка» – не падумайце, што нашчадкам нашых суайчыннікаў прапануюць ільготы па працаўладкаванню, від на жыхарства, атрыманне адукацыі. У лепшым выпадку – бясплатная віза. А рэшта, даруйце за грубы выраз, выключна духоўная сувязь.

Думка не новая. Яе сфармуляваў, памятаю, яшчэ міністр замежных справаў Беларусі. Прычым не Макей нават, а Пётр Краўчанка – вось як даўно гэта было. Тады нават пра «карту паляка» ніякай гаворкі не ішло. Проста сітуацыя змянілася з тых часоў цалкам. І выглядае яна наступным чынам. «Карта паляка» дэманструе суайчыннікам поспехі Польшчы. Паглядзіце, дарагія сябры, чаго дасягнула Польшча. І ўключайцеся ў працэс далейшага будаўніцтва агульнага дабрабыту.

Прычым гаворка не ідзе пра тое, каб прыцягнуць коштам гэтага дадатковыя інвестыцыі: патэнцыйны інвестар з польскімі «каранямі» прыехаў на радзіму продкаў даўно, асеў там і шчасліва атрымлівае прыбытак. Гаворка ідзе пра працоўныя рукі: кваліфікаваная працоўная сіла пачала пакідаць Польшчу, карыстаючыся магчымасцю працаўладкавацца па ўсёй шэнгенскай зоне, таму цяпер ужо сама Польшча мае патрэбу і ў будаўніках, і ў цеслярах, і ў водаправодчыках, і электрыках. «Карта паляка» патрабавалася, каб запоўніць дэфіцыт, што ўтварыўся – і згуляла сваю ролю.

У нас – зусім іншае.

Сучасная беларуская дзяржава, што так добрасумленна і ахвотна адмаўляўся ад ідэі ператварэння ў дзяржаву нацыянальную (хай нават шматнацыянальную па факце, але нацыянальную па ідэалогіі сваёй), інвестараў не прыцягвала, а адштурхоўвала, па чарзе канфіскуючы іх уласнасць на тэрыторыі Беларусі.

Быццам ад таго, што амерыканскі пашпарт знаходзіўся на руках былога дырэктара менскага ўніверсаму, ён не рабіў уладальніка грамадзянінам ЗША, а набытую ім у поўнай адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам Беларусі ўласнасць – уласнасцю замежнай. Наадварот: акурат да тых, хто

размаўляў на беларускай мове або мог пахваліцца беларускімі каранямі, радзіма ставілася з максімальнай жорсткасцю – калі, вядома, у іх на руках не было расейскіх пашпартоў. Амаль чвэрць стагоддзя беларуская дзяржава выбудоўвала бар’еры на шляху фінансавай экспансіі нешматлікіх суайчыннікаў з захаду. Прычым рабіла гэта вельмі эфектыўна, з любоўю нават, я б сказаў.

Ну – і што цяпер?

Цяпер кожная капеечка лічыцца. І ўлада – быццам кацяняты з казкі Самуіла Маршака – стаіць пад акном у Еўропы, з надзеяй на тое, што хто-небудзь клюне на жаласную песню:

«Тётя, тётя Кошка,

Выгляни в окошко!»

Прычым узамен нават не дывідэнды прапануе: самае смачнае ўжо або прыватызавалі самі чыноўнікі, або прадалі – з улікам «адкату», зразумела – арабам і расейскім алігархам, якіх прыраўнялі да першых. Ўзамен прапануе духоўную сувязь. Тую самую духоўную сувязь з Радзімаю, за якую дагэтуль штрафуюць беларускіх актывістаў, якія спрабуюць ушанаваць памяць паўстанцаў 1863 году. Тую самую, якая патрабавала бы ўсталявання шыльдаў Васілю Быкаву і Аляксею Карпюку, Ларысе Геніюш і Францішку Аляхновічу – але – «самі разумееце…» тую самую духоўную сувязь, якую прадэманстравалі падчас «пашыўкі» «справы патрыётаў» напярэдадні З’езду Беларусаў Свету і Парламенцкай Асамблеі АБСЕ. І каб не намаганні міністра замежных справаў – цяпер ужо сапраўды не Краўчанкі, а Макея, гэтая духоўная сувязь матэрыялізавалася бы ў выглядзе кайданкаў.

Сардэчна запрашаем, дарагія суайчыннікі, мы іх і на вас закладзем – пры нагодзе. І амерыканскі пашпарт не дапаможа, прэцэдэнты ўжо былі. Але дэпутат Варанецкі пра гэтыя прэцэдэнты нічога не ведае. Ён у нас наагул – пухнаты і ласкавы, як кацяня.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў