Дуда і Парашэнка ўшанавалі памяць забітых на Валыні і ў сяле Сагрынь


Кіраўнікі Польшчы і Украіны наведалі месцы памяці, звязаныя з трагічнымі падзеямі 1943-1944 гадоў, калі ўкраінцы забівалі палякаў, а палякі ўкраінцаў.

8 ліпеня Пётр Парашэнка пабываў у польскім пасёлку Сагрынь, а Анджэй Дуда наведаў у гэты ж дзень Валынь. Абодва прэзідэнты ўсклалі кветкі, каб ушанаваць памяць ахвяраў ды выступілі з пармовамі.

Падчас выступу польскі кіраўнік заявіў, што паміж Польшчай і Украінаю не было вайны і не можа быць і гаворкі пра помсту. Аднак, паводле яго, гэта была этнічная чыстка.

«Такія рашэнні тады прыняла на палітычным узроўні ўкраінская арганізацыя АУН (Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў), а выкананне даручылі УПА (Украінскай паўстанцкай арміі), якая, на жаль, выканала сваю задачу», – падае агенцтва PAP словы Анджэя Дуды.

Ён адзначыў, што польска-ўкраінскія ўзаемаадносіны трэба будаваць на гістарычнай праўдзе і што хацеў бы, каб больш ніколі ніводная нацыя не падымала руку на іншую.

«Мы павінны будаваць сяброўскія адносіны, таму што ў нас шмат агульнага», – сказаў польскі прэзідэнт.

«Сёння вельмі шмат грамадзянаў Украіны прыязджае ў Польшчу. Мы цешымся з гэтага, і вітаем спадарства – прыязджайце да нас, як турысты, калі камусьці патрэбная праца, для таго таксама знойдзецац месца. Дасылайце грошы сваім сем’ям, дапамагайце. Мы цешымся з гэтага, бо я веру, што гэткім чынам мы разам будуем росквіт нашых народаў»,– дадаў прэзідэнт Дуда.

Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка ля мемарыяльнага крыжа ў вёсцы Сагрынь (Польшча)

Пра сяброўства ў сваёй прамове казаў і Пятро Парашэнка, які адкрыў у Польшчы Мемарыял памяці ўкраінцаў, якія загінулі падчас Другой сусветнай вайны. Парашэнка заклікаў украінцаў і палякаў да ўзаемнага прабачэння.

«Я веру, што ў нашых народаў – і ў народу Украіны, і ў народу Польшчы – дастаткова мудрасці, каб не паддавацца на парвакацыі, што скіраваныя на перагляд шматгадовых супольных дасягненняў у дачыненнях паміж двума народамі ў пытанні паразумення ды замірэння», – заявіў Парашэнка.

Сёлета спаўняецца 75-я гадавіна Валынскай трагедыі, у выніку якой загінулі дзясяткі тысяч палякаў і тысячы ўкраінцаў падчас узаемных канфліктаў на тэрыторыі цяперашняй Заходняй Украіны. Узброеныя канфлікты паміж палякамі і ўкраінцамі працягваліся да 1947 года.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў