ДТЗ у Бешанковіцкім раёне: трое загінулі, а кіроўца нападпітку выжыў


Паводле дадзеных следства 8 траўня, каля 00 гадзін 30 хвілін мужчына, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення і не маючы правоў кіроўцы, ехаў на аўта па дарозе «Бешанковічы-Асовец». На 2 км дарогі ён згубіў кіраванне, зʼехаў у кювет і перакуліўся.

Пра здарэнне паведаміў Следчы камітэт у сваім тэлеграм-канале.

У выніку ДТЗ трое пасажыраў (27-гадовы і 26-гадовы мужчыны, і 23-гадовая жанчына) загінулі на месцы. Яшчэ адна 33-гадовая пасажырка шпіталізаваная з траўмамі.

Следчыя сцвярджаюць, што кіроўца з месца здарэння ўцёк, аднак неўзабаве быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі. У дачыненні да яго распачатая крымінальная справа паводле ч.5 арт. 317 Крымінальнага кодэкса (парушэнне ПДР у стане алкагольнага апʼянення, што пацягнула смерць двух і больш асобаў).

Праваахоўнікі таксама просяць відавочцаў ДТЗ паведаміць дэталі здарэння.

КА belsat.eu

Стужка навінаў