Дрыбінскі суд апраўдаў Андрэя Юркова за дыслайк у «Аднакласніках»


25 лютага суддзя Дрыбінскага раённага суда Людміла Новікава вынесла пастанову аб спыненні адміністратыўнай справы паводле ч. 2.арт. 17.11 КаАП супраць Андрэя Юркова. Актывіста абвінавачвалі ў распаўсюджванні экстрэмісцкіх матэрыялаў праз дыслайк нацысцкай свастыкі ў «Аднакласніках».

Андрэй Юркоў.
Фота: Belsat.eu

25 лютага Дрыбінскі раённы суд разгледзеў справу Андрэя Юркова, якога зноў спрабавалі абвінаваціць у распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Гэта не першы суд Андрэя, дзе ён спрабуе даказаць, што не ўсхваляў нацысцкі сімвал, а паставіў карцінке дыслайк – то бок, паказаў сваё адмоўнае стаўленне да выявы.

На судзе Юркоў заявіў, што вінаватым сябе не лічыць, што ён усяго толькі выказаў сваё стаўленне да факту, што вялікая колькасць людзей загінула ад савецкіх і нямецкіх уладаў. Да таго, такая карцінка, на якую адрэагаваў Юркоў, не знаходзіцца ў спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў Міністэрства інфармацыі Беларусі, там знаходзіцца палотнішча са свастыкай, а гэта – матэрыяльны аб’ект, а не карцінка. На думку Андрэя, у кожнага чалавека ёсць права сумаваць па жудасных падзеях.

Фота: Belsat.eu

Падчас суду высветлілася, што ўжо і карцінка са свастыкай знаходзіцца ў спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Адпаведнае рашэнне прыняў 27 лістапада 2019 года Віцебскі суд. Аднак гэта здарылася ўжо пасля таго, як Юркоў паставіў дыслайк на карцінку ў «Аднакласніках», таму суддзя Людміла Новікава прыйшла да высновы, што ў дзеяннях Юркова адсутнічае складнік правапарушэння.

«Я вельмі ўсцешаны, што суддзя вынесла такі вырак. Для мяне было вельмі важна выказацца наконт таго, што савецкі і нямецкія рэжымы ўнеслі шмат жыццяў. Гэта закранула маіх родных па бацьку і па маці. Адныя загінулі ў сталінскіх канцлагерах, другія пацярпелі ад фашыстаў. Для мяне сімвалы на карцінке – гэта гвалт і смерць. І я рады, што ўсё ж такі здаровы розум перамог у гэтай справе», – сказаў Юркоў пасля суду.

Фота: Belsat.eu

У судзе Андрэю Юркову дапамагала адвакатка Менскай гарадской калегіі адвакатаў Таццяна Лішанкова.

Гэта ўжо другі разгляд справы за дыслайк у «Аднакласніках» у адносінах да Юркова. 23 снежня Дрыбінскі суд у асобе суддзі Барыса Пігаля прызнаў Андрэя вінаватым і прысудзіў яму штраф 10 базавых велічыняў. Але 6 лютага Магілеўскі абласны суд адмяніў гэтую пастанову і вярнуў справу ў Дрыбін на новы разгляд.

26 верасня Андрэй Юркоў паставіў дыслайк у «Аднакласніках» на карцінку, дзе параўноўваліся савецкі і нацысцкі рэжымы.

Андрэй Юркоў – актывіст, экс-кандыдат у дэпутаты парламенту па Горацкай выбарчай акрузе #82.

Вольга Васільева Belsat.eu

Чытайце па тэме:

Стужка навінаў