Дружыннікі БРСМ пройдуць «курс маладога байца» у Печах

ВІДЭА

Фота - brsm.by

Удзельнікі моладзевых атрадаў аховы правапарадку БРСМ пройдуць «курс маладога байца» і паспрабуюць адаптавацца да армейскіх будняў у 72-м гвардзейскім аб’яднаным навучальным цэнтры падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў Міністэрства абароны. Гэтая вайсковая частка праславілася на ўсю Беларусь сваёй жорсткай дзедаўшчынай.

Штогадовая рэспубліканская акцыя БРСМ «Да абароны Айчыны гатовы!», якая праходзіць з 2010 года, уключае ў сябе комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю армейскай службы. Падчас яе па ўсёй рэспубліцы на базе навучальных устаноў і вайсковых падраздзяленняў праходзяць спаборніцтвы па дапрызыўнай падрыхтоўцы, сустрэчы моладзі з камандаваннем часцей і падраздзяленняў Узброеных сілаў, МУС, органаў памежнай службы і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Пра гэта піша БелТА.

Такім чынам, у гэтым годзе дружыннікі БРСМ накіруюцца ў Печы – скандальна вядомую вайсковую частку.

Нагадаем, 21-гадовага жаўнера Аляксандра Коржыча 3 кастрычніка знайшлі павешаным у падвале на тэрыторыі вайсковай часткі ў Пячах. Труп Коржыча знайшлі толькі на 7-ы дзень пасля смерці – са звязанымі шнурком нагамі і надзетай на галаву майкай. Паводле сваякоў і сяброў Аляксандра, хлопец стаў ахвярай дзедаўшчыны: у яго вымагалі грошы, яго білі, над ім здзекваліся і ў выніку забілі, а потым імітавалі самазабойства.

Спачатку ў Мінабароны сцвярджалі, што Коржыч загінуў у выніку суіцыду, а Следчы камітэт адзначыў, што прыкметаў крымінальнага характару смерці жаўнера не назіраецца. Але потым пазіцыя СК змянілася: следчыя распачалі шэраг крымінальных спраў у дачыненні да вайскоўцаў па арт. 443 (дзедаўшчына), 455 (бяздзейнасць улады, што пацягнула цяжкія наступствы), 209 (махлярства) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары