Другое жыццё «Крумкачоў». Як беларускі футбольны клуб пачаў з чыстага аркушу


Гэтаю зімою менскія «Крумкачы» маглі знікнуць з футбольнай мапы краіны. Выключэнне з вышэйшай лігі ледзь не паставіла кропку ў гісторыі гэтага цікавага спартовага праекту. Але дзякуючы заўзятарам, гульцы зноў выходзяць на траву і перамагаюць.

«Крумкачоў» выратавалі піяніст з сусветным імем Юрый Бліноў і галкіпер Яўген Касцюкевіч, якія заснавалі юрыдычна новы клуб – «НФК Крумкачы». Яны пачалі з самага пачатку – другой беларускі лігі, фактычна трэцяга беларускага дывізіёну. Ад старой каманды засталася толькі назва, атрыбутыка ды гісторыя.

Вядомыя імёны і новыя перамогі

Свой выступ у другой лізе «Крумкачы» пачалі з паразы 1:2 ад «Ашмян». Потым менчукі перамаглі ў шасці матчах запар, пры гэтым у некаторых гульнях наўпрост грамілі супернікаў – 6:1, 7:1, 4:0. У выніку «Крумкачы» выйшлі на першае месца ў турнірнай табліцы.

Менчукам удалося сабраць добры на імёны склад. Тут і былы гулец БАТЭ ды берасцейскага «Дынама» Кірыл Алексіян, уладальнік Кубку Беларусі Аляксандр Быліна, вядомы абаронца Уладзімір Шыбека, а таксама Сяргей Кошаль, які сёлета забіў 16 галоў у вышэйшай лізе ў складзе «Менску». Галоўным трэнерам «Крумкачоў» застаўся Аляксей Кучук, а новым дырэктарам клубу стаў Алег Давідовіч.

Застаўся ў камандзе і адзін з былых гаспадароў каманды Дзяніс Шунто, зараз ён адказвае за развіццё спартовай часткі каманды: пошук футбалістаў, прагляд супернікаў, пабудову канцэпцыі гульні.

Барацьба за лідарства

У большасці краін Еўропы ніжэйшыя дывізіёны самыя масавыя, але толькі не ў Беларусі. Тут выступае толькі 15 камандаў, і зараз мінула палова першага кола. У выходныя ў Берасці «Крумкачы» правялі ключавы матч супраць мясцовага «Руху».

Рух таксама незвычайны праект, яго стварылі заўзятары берасцейскага «Дынама», а галоўная каманда гораду падтрымала фінансава. На пасаду галоўнага трэнера прызначалі чэмпіёна СССР у складзе менскага Дынама, былога трэнера зборнай Беларусі, першага беларуса ў чэмпіянаце Іспаніі Андрэя Зыгмантовіча. За каманду «Рух» выступаюць маладыя берасцейцы і два вядомых беларускіх футбалісты – Аляксандр Дзямешка і Сяргей Козак. Свой выступ у другой лізе «Рух» пачаў з перамогі 9:0, а потым перамог у пяці гульнях запар. Але затым згубіў пункты ва Узде.

У Берасце на гульню з «Рухам» прыехала каля 50 заўзятараў «Крумкачоў» (усяго, згодна з пратаколам гульні, на матчы прысутнічалі 600 чалавек, хаця было ўражанне, што гэтую лічбу моцна завысілі). Часам здавалася, што гульня адбываецца ў Менску – госці заўзелі вельмі актыўна. Але пачатак матчу прайшоў ва ўмовах істотнай перавагі «Руху».

Брамнік Руху Аляксандр Нячаеў адбівае ўдар з пенальці ў выкананіі Сяргея Кошаля

Бліжэй да сярэдзіны першага тайму «Крумкачы» пачалі вельмі небяспечна атакаваць і стварылі самы востры момант гульні, зрабіўшы пенальці. Але Сяргей Кошаль не змог перайграць галкіпера «Руху» Аляксандра Нячаева.

Фан-сектар Крумкачоў у Берасці

У выніку гульня лідараў чэмпіянату ў другой лізе скончылася з лікам 0:0. «Крумкачы» захавалі лідарства ў турніры – у іх 19 пунктаў пасля 8 гульняў, на два балы і адну гульню больш, чым у «Руху».

Адзін з заснавальнікаў клубу «Крумкачы» Юрый Бліноў

«Самае галоўнае, гэта бачна і відавочна – мы змаглі пабудаваць новую каманду, якая здольная дамагацца самых высокіх вынікаў, – падсумоўвае ў размове з belsat.eu адзін з заснавальнікаў клубу Юрый Бліноў. – Мы задаволеныя, што з найлепшай камандаю другой лігі, берасцейскім «Рухам», мы гралі на роўных і маглі перамагчы. Наша каманда дадае ад гульні да гульні, з кожным матчам мы гуляем мацней».

Юрый Бліноў зазначае, што яго каманда гатовая вырашаць сурёзныя задачы, але паступова. Бліжэйшая мэта клубу – паспяховы дэбют у Кубку Беларусі.

«13 чэрвеня мы гуляем з каманда першай лігі – ЮАС з Жыткавічаў у Кубку Беларусі, для нас важна добра пачаць у гэтым турніры. І канешне, мы хочам быць лідарам у другой лізе», – кажа Юрый Бліноў.

Таксама адзін з заснавальнікаў новых «Крумкачоў» лічыць, што клуб развіваецца.

«Бюджэт клубу на гэты сезон выходзіць на 135–140 тысяч беларускіх рублёў, значная частка гэтых сродкаў – гэта грошы нашых партнёраў. Але мы стараемся зарабляць і самі. На нашы гульні ходзіць вельмі шмат публікі, больш чым на некаторыя матчы клубаў вышэйшай лігі. Для мяне відавочна, што нашае развіццё ідзе ва ўсіх напрамках, кожны месяц з’яўляюцца новыя партнёры, а гэта значыць, цікавасць да Крумкачоў не падае».

Алесь Ляўчук, Мілана Харытонава (фота), belsat.eu

Стужка навінаў