Другі Дзень вышыванкі ў Менску: поўны аншлаг!


У Палацы мастацтваў, дзе зладзілі імпрэзу, сабралася столькі людзей, што на абодвух паверхах ствараліся сапраўдны заторы з наведнікаў.

Людзі ішлі ад самага пачатку фэсту, які быў абвешчаны на 15-ю гадзіну. Былі і малыя дзеці, што прыйшлі з бацькамі, і людзі ў сталым узросце. Колькасць жадаючых пабачыць Дзень вышыванкі стварыла такі натоўп у холе Палацу мастацтваў, што праз яго часам немагчыма было праціснуцца.

У фае ладзілі конкурсы на веданне беларускай гісторыі, спявалі песні. На абодвух паверхах майстры-рамеснікі прапаноўвалі свае вырабы на нацыянальную беларускую тэматыку. Можна было набыць сапраўдныя вышыванкі ручной працы, лялек-берагіняў, упрыгожванні з беларускімі сімваламі, кубкі з «Пагоняй» і традыцыйным арнаментам і шмат іншага.

Зрабіць Дзень вышыванкі ў маштабе Дажынак

[vc_single_image image=”2″ img_size=”large”]

«Вельмі прыемна, што праводзяцца такія імпрэзы. Трэба, каб іх было больш, і каб было больш інфармацыі пра іх. Бо нідзе ж, акрамя інтэрнэту, не было абвестак, – падзялілася ўражаннем Ірына Ліхтаровіч. – Хацелася б, каб увесь Палац мастацтваў адкрылі для Дня вышыванкі, бо цесна. Радуе, што шмат моладзі тут, што яны будуць выхоўвацца не так, як мы – не ведаючы сваёй спадчыны.Варта было б зрабіць такое свята ў такім маштабе, як, напрыклад тыя ж Дажынкі».

Колькасць наведнікаў уразіла і рамеснікаў.

«Вельмі шмат людзей, проста жудасны натоўп, броўнаўскі рух, – кажа Юля Катаржынская, што прывезла лялькі-берагіні ручной працы. – Людзі часам нават не паспяваюць разглядзець, калі іх прапіхваюць далей».

Павел Белавус, дырэктар «Арт Сядзібы», асноўны арганізатар Дня вышыванкі, заўважыў, што яго радуе такая колькасць людзей і што трэба думаць пра памяшканне для наступных імпрэзаў.

“Насамрэч, Палац мастацтваў – вельмі добры варыянт, ён у цэнтры гораду. Ітут даволі прасторна, больш месца, чым у любым клубу Менску. А тое, што цесна, значыць, не што памяшканне малое, а што ў людзей вялікая цікавасць да беларускай культуры. Пры гэтым заўважце, што мы рэкламавалі толькі ў інтэрнэце. Мы развіваемся, гэта ўжо другі фэст, першы мы праводзілі ўвогуле ў клубе. Будзем думаць, шукаць. Наступны, можа, у Палацы рэспублікі зробім”, – зазначыў спадар Павел.

Цягам Дня вышыванкі праходзяць розныя майстар-класы – па выцінанцы, спяванні калядных песняў, народных танцах, лекцыі пра беларускую татуіроўку, традыцыйны беларускі строй. Імпрэза працягнецца да позняга вечару.

Данута Бароўская, belsat.eu

Стужка навінаў