Другі смяротны выпадак у Віцебску: памерла інфікаваная каронавірусам 73-гадовая жанчына


30 сакавіка ў Віцебску ад пнеўманіі памерла пацыентка Чыгуначнай больніцы. Дачка кажа, што ў жанчыны быў выяўлены каронавірус. У афіцыйных крыніцах пра гэта пакуль не гавораць.

Медыкі выдаюць дачцэ пад подпіс рэчы памерлай Аляксандры Чэпік.
Фота: Belsat.eu

Смерць жанчыны Belsat.eu пацвердзіла ейная дачка, якая сцвярджае, што медыкі выявілі каронавірус:

– У мяне мама памерла тут [Віцебскі абласны клінічны спецыялізаваны цэнтр, альбо Чыгуначная больніца. – Belsat.eu] ад каронавіруса. Учора памерла, а 5-ай гадзіне недзе. Два тыдні яна тут ляжала. Адна- ці двухбаковая развілася пнеўманія. Яна дыхала першапачаткова, а потым перастала дыхаць. То бок ёй уключылі гэты апарат штучнага дыхання. Бралі, натуральна [аналізы. – Belsat.eu], знайшлі станоўчы вірус (COVID-19), – кажа Наталля Чэпік, дачка памерлай Аляксандры Чэпік.

Чыгуначная больніца ў Віцебску, у якой 30 сакавіка памерла 73-гадовая Аляксандра Чэпік.
Фота: Belsat.eu

Аляксандра Чэпік была на пенсіі і не пакідала межаў Беларусі. Першай у сям’і захварэла ейная дачка Наталля. Яна таксама не наведвала іншыя краіны, аднак захварэла на прастуду і 5 сутак адляжала з тэмпературай, пасля чаго яе паклалі ў Тубдыспансер на 10 дзён.

– Яны [медыкі. – Belsat.eu] сказалі, вірус. У Менск адпраўлялі мазкі і не пацвердзілі (COVID-19). Як прастуда. У мяне потым кашаль пачаўся непрыемны. Вельмі моцны. Сухі. Ты кашляеш, і ўсё цела скача і скача ад таго, што раздражняе так. Настолькі непрыемна, – апісвае сімптомы сваёй хваробы Наталля Чэпік.

У гэты ж час адчула сябе хворай і маці Наталлі, аднак у больніцу, паводле дачкі, яна лягла не адразу.

Наталля Чэпік, дачка памерлай Аляксандры Чэпік.
Фота: Belsat.eu

– Яна адразу была ўдома, але, калі мяне забіралі, у яе ўжо тэмпература была. Я думаю, чаму яна не паехала? Я ёй казала: давай паедзем… Ведаеце, нашы людзі ўсё на пазітыве – нас гэта не датычыць. А потым аказваецца…

У выніку ў жанчыны развілася пнеўманія, праз якую яе і паклалі ў Чыгуначную больніцу Віцебску. 30 сакавіка Аляксандры Чэпік не стала.

– Казалі, што гэта каронавірус. Адразу сказалі: фрагмент. Я не ведаю, чаму эпідэміёлаг сказаў «фрагмент», як гэта разумець. Але потым я пазваніла сюды ў больніцу, яны сказалі: Які фрагмент? Каронавірус! – распавядае Наталля Чэпік.

Медыкі выдаюць дачцэ пад подпіс рэчы памерлай Аляксандры Чэпік.
Фота: Belsat.eu

Наталля Чэпік гаворыць, што сёння памерлую завезлі ў абласны морг, дзе будуць ускрываць і пісаць заключэнне. Жанчына апасаецца, што ў заключэнні могуць схаваць факт каронавіруса і таму хоча, каб пра гэты выпадак даведаліся людзі.

– Нашы ўлады ілгуць, вы павінныя пісаць праўду. Я бачыла гэтую ілжывую інфармацыю, што ў нас нібыта ўсе вылечваюцца, па Euronews. Я сёння не спала цэлую ноч, круцілася стужка [у навінах. – Belsat.eu] і пра Беларусь гэты радок быў менавіта, што ў Беларусі ўсё цудоўна. Яны напішуць так, што каронавіруса не будзе, – абураецца Наталля.

На момант выхаду матэрыялу ўлады Беларусі не пацвердзілі другі выпадак смерці ў чалавека з COVID-19 у Віцебску. Аднак з аповеду дачкі памерлай вынікае, што гэтая смерць адбылася раней, чым пацверджаны выпадак у віцебскага актора Віктара Дашкевіча.

Чыгуначная больніца ў Віцебску, у якой 30 сакавіка памерла 73-гадовая Аляксандра Чэпік.
Фота: Belsat.eu

Пахаванне жанчыны адбудзецца заўтра.

Віктар Старавойтаў Belsat.eu

Стужка навінаў