Лукашэнка прадстаўніку Дзярждэпу: будзем надзейнымі партнёрамі. Тлумачым, чаму эксперты ў бяспецы прыехалі ў Менск


Да 1 лістапада ў сталіцы будзе праходзіць сустрэча асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі пра бяспеку. Сярод тых, хто пацвердзіў свой удзел, – прэзідэнт Арменіі Армэн Саргсьян, прэм’ер-міністр Малдовы Павэл Філіп, міністры замежных справаў Македоніі, Манголіі, Польшчы ды Славаччыны. У сустрэчы таксама возьмуць удзел генеральны сакратар АБСЕ Томас Грэмінгер, еўрапейскі камісар у справе еўрапейскай палітыкі суседства і перамоваў пра пашырэнне ЕЗ Ёганэс Ган, выканаўчы сакратар падрыхтоўчай камісіі Арганізацыі ў справе дамовы пра ўсёабдымную забарону ядравых выпрабаванняў Ласіна Зэрбо.

На палях Мюнхенскай канферэнцыі, люты 2018. Фота securityconference.de

Паводле прэс-сакратара МЗС Анатоля Глаза, афіцыйны Менск спадзяецца прадставіць сваю пазіцыю па ключавых аспектах міжнароднай і рэгіянальнай архітэктуры бяспекі, правесці двухбаковыя сустрэчы з афіцыйнымі асобамі (ужо прайшлі сустрэчы на розных узроўнях з прадстаўнікамі ЕЗ, ЗША, Арменіі, Казахстану і іншых). Міжнародная актыўнасць беларускіх уладаў, распачатая ў 2014 годзе з перамоваў у Менску па Украіне і скіраваная ў тым ліку на паляпшэнне сваіх стасункаў з заходнімі краінамі, можа атрымаць новыя драйверы развіцця.

Міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў у часе Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. 17 лютага 2018 году. Фота AP Photo / dpa/Sven Hoppe

Як заяўляюць арганізатары, сёлетняя сустрэча ў Менску, якая арганізаваная ў супрацы з беларускім урадам, праводзіцца з мэтай падтрымання каналаў камунікацыі і паглыблення ўзаемаразумення ў той час, як супярэчнасці паміж Усходам і Захадам толькі нарастаюць. На фоне размоваў пра пачатак новай халоднай вайны, арганізатары спадзяюцца, што ў Менску атрымаецца сабраць на нейтральнай пляцоўцы прадстаўнікоў канфліктуючых бакоў для супольнай дыскусіі, канструктыўнай размовы і, магчыма, адраджэння вывесці перамоўныя працэсы на новы ўзровень.

Разам з тым не варта блытаць саму Мюнхенскую канферэнцыю, якая праводзіцца выключна ў Мюнхене ў лютым, з сустрэчамі Асноўнай групы МКБ, якая і адбудзецца ў Менску. Яны адрозніваюцца як па фармаце, так і па маштабе і ўдзельніках. Падобныя імпрэзы праводзяцца з 2009 года з мэтай даць магчымасць малой групе высокапастаўленых удзельнікаў абмеркаваць ключавыя пытанні міжнароднай бяспекі ў фармаце эксклюзіўнага закрытага дыялогу. Раней падобныя форумы праходзілі ў Маскве, Пекіне, Досе, Нью-Дэлі, Вене, Тэгеране, Адыс-Абэбе і Вашынгтоне.

Адметна, што сёння ж, у час працы Канферэнцыі, кіраўнік краіны сустрэўся з памочнікам дзяржаўнага сакратара ЗША Эранам Ўэсам Мітчэлам. З тым самым, які нядаўна назваў Беларусь «бастыёнам, які абараняе ад расейскага неаімперыялізму».

У часе сустрэчы Лукашэнка заявіў: «Я абяцаю, што беларусы будуць вам самымі надзейнымі і сумленнымі партнёрамі. Калі мы вам нешта паабяцаем, нават на шкоду сабе мы гэта выканаем».

У каментары «Белсату» беларускі палітолаг Валер Карбалевіч адзначыў, што гэта не першы буйны еўрапейскі форум у Менску. Гэтак, толькі летась у беларускай сталіцы праходзілі паседжанне ПА АБСЕ, міністраў замежных спраў Цэнтральнаеўрапейскай ініцыятывы і іншыя імпрэзы.
«Пасля Крыму Беларусь вяртаецца ў еўрапейскі палітычны парадак дня», – адзначыў суразмоўца.
На яго думку, афіцыйны Менск паспрабуе выкарыстаць паседжанне Асноўнай групы МКБ напоўніцу, бо «не так часта ў Беларусь прыязджае такое вялікае кола экспертаў і палітыкаў».

Галоўным вынікам бягучага форуму эксперт бачыць абмен думкамі паміж удзельнікамі, якія ва ўмовах адсутнасці медыяў змогуць выказвацца больш свабодна. А гэта, мяркуе Карбалевіч, вельмі важна, бо ўсходнееўрапейскі рэгіён сёння знаходзіцца ў небяспечным стане з-за канфрантацыі паміж Расеяй і НАТО.

Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы праводзіцца штогод з 1963 года. Яна з’яўляецца адным з найбольш прадстаўнічых і аўтарытэтных форумаў у свеце па пытаннях палітыкі бяспекі і супрацы ў ваеннай сферы. У ёй бяруць удзел палітыкі найвышэйшага ўзроўню з Еўропы, ЗША і Азіі, кіраўнікі ваенных ведамстваў, кіраўніцтва НАТО і АБСЕ, эксперты па пытаннях бяспекі, прадстаўнікі ваенна-прамысловых канцэрнаў, бізнесоўцы.

МГ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары